Як толькі фурманка спынілася, Коля зараз жа падбег да каня і хапіўся распрагаць яго. Дзядзька Купрэй бачыў Колеў спрыт і ўменне хадзіць каля коней. Ён не замінаў хлопцу і толькі пахвальваў яго. А Коля, хоць быў і маленькі, як вузел, спрытна рассупоніў каня і выняў з рота цуглі. Ён лічыў, што хамут і цуглі найболей дакучлівыя для каня рэчы. Выпрагшы каня, Коля падвёў яго да плота, сеў верхам.
— Вы сабе, дзядзька, гуляйце тут, а каня я папасу, і накармлю, і напаю.
— Вот маладзец! — сказаў дзядзька Купрэй.
Больш Коля амаль не з’яўляўся тут, а ўсё хадзіў каля каня, збіраў яму смачную траву. Такія захады каню спадабаліся. Згледзеўшы сакаўную траву ў руках свайго шэфа, конь адвешваў губу і дабрадушна абзываўся — го-го-го. А для Колі гэта была вялікая радасць.
Ліда паздароўкалася з настаўнікамі і ветліва запрасіла іх у хату. Яна была і задаволена і трохі саромелася яшчэ нязвыклай для яе ролі гаспадыні. Шчокі дзяўчыны паружавелі ад хвалявання, і гэта прыдавала ёй асаблівую прываблівасць.
Амаль адначасова з дзецьмі на нізенькім ганачку паказалася і Антаніна Міхайлаўна. Яна здалёку павіталася з гасцямі, як ужо старая і добрая знаёмая.
— Заходзьце ж, заходзьце ў хату! Ліда, вядзі сваіх настаўнікаў, прасі іх.
Не дужа павабны выгляд мела хата Антаніны Міхайлаўны. Няўмольныя часы палажылі на яе адбітак старасці і разбурэння. Бярвенні ў сценах сям-там павытыркалі з колісь старанна ўкладзеных і гладка дагнаных вянкоў. Самі сцены знадворку і ўсярэдзіне пачарнелі, пазакурваліся, былі паточаны шашалем. Невялікія падслепаватыя вокны скупа прапускалі святло, хоць на дварэ ваўсю свяціла веснавое сонца. Хата нічым не адрознівалася ад старасвецкіх сялянскіх хат з іх нізкімі столямі і вялізнымі печамі, займаўшымі чвэрць усяе плошчы. Даволі прасторныя сцены аддзялялі хату ад каморы, у якой стаяў сталярскі варштат з гэблікамі і рубанкамі, габлёваныя дошкі і ляжалі пахучыя хваёвыя стружкі. Часамі хто-небудзь з суседзяў, а яны ўсе былі сваякамі Антаніны Міхайлаўны па мужу, прыходзіў сюды і займаўся майстэрствам у меры патрэбы ў ім.
Лабановіч з цікавасцю разглядаў хату. Антаніна Міхайлаўна, як бы пераймаючы яго мыслі, заўважыла:
— Занепадае мая хата. Усё ладжуся паднавіць яе сям-там, ды трудна мне адной. Сваякі абяцаюць дапамагчы, але, як кажуць, цацанкі-абяцанкі, а дурному радасць.
— Ды жыць яшчэ можна,— азваўся Анцыпік.— Чыста, цёпла, утульна. А калі яшчэ Лідачка засвеціць вочкамі, дык у хаце зусім стане светла.
Ліда засаромелася. Яе маці таксама апусціла вочы, а Анцыпік меў такі выгляд, як бы ён сказаў штось дужа трапнае і дасціпнае.
Тым часам Антаніна Міхайлаўна затупала каля печы, а потым і каля стала.
— Рашайце, госці, самі,— раптам сказала яна.— Ці тут мы сядзем за стол, ці, можа, лепей пойдзем у садок пад грушку?
Пастанавілі, што ў садку пад грушкай будзе і вальней і прастарней.
І сапраўды, лепшага месца цяжка было знайсці: зацішак, сонца, чыстае паветра і блізка ад хаты. Пад грушаю стаяў просты стол на слупках, укопаных у зямлю. Па даўжыні стала з аднаго і другога боку стаялі лаўкі, таксама на слупках, стаялі трывала.
— Ну вось, лепшае дачы, бадай што, і на свеце няма,— Лабановічу дужа спадабалася гэтае месца.
За сталом часу марна не трацілі. Антаніна Міхайлаўна аказалася дасканалаю гаспадыняю. Рознай закускі, пераважна сялянскага вырабу, на стале было багата, і ўсё было згатавана з густам.
Прайшла гадзіна, другая ў вясёлай бяседзе. Лабановіч канчаткова дагаварыўся з гаспадыняю, што будзе праз дзень прыходзіць сюды і займацца з Лідаю, каб дзяўчына магла паступіць у якую-небудзь вучэбную ўстанову, дзе рыхтуюць настаўніц; прычым займацца ён будзе бясплатна. Анцыпік усё гэта слухаў і па-свойму наматваў на вус. Цяпер ён асцерагаўся піць з гаспадыняй чарка ў чарку. Затое не пасцярогся Лабановіч. Ён ужо адчуў, што ў галаве пашумлівае. Як на ліха, Антаніна Міхайлаўна зрабіла яшчэ заўвагу, што ён не дапівае чаркі. Гаспадыню падтрымаў Анцыпік, і яны ўдваіх населі на Лабановіча.
— Вы, сябры, проста прыдзіраецеся да мяне або смеяцеся, што я занадта шчыра асушаю чарку,— бараніўся Лабановіч.— Ну, скажы ты, Лідачка, праўду я кажу ці не?
Ліда засмяялася, нічога не адказала і толькі паківала галавою, што можна было палічыць і так і гэтак.
— Ну, вось і Ліда кажа, што вы не дапіваеце,— выкарыстала, смеючыся, Антаніна Міхайлаўна неакрэслены ківок дачкі.
— А, калі так, дайце мне шклянку!
Антаніна Міхайлаўна не паскупілася і падала шклянку.
— Прашу наліць.
Анцыпік са здзіўленнем глядзеў, як Лабановіч узяў поўную шклянку і, не адрываючыся, выпіў да дна.