Выбрать главу

— Налівайце другую,— сказаў ён,— я пакажу, як не дапіваю чарак!

Антаніна Міхайлаўна прабавала спыніць яго, але Лабановіч з упартасцю п’янага сам наліў другую шклянку і залпам асушыў яе.

I з гэтага моманту для Лабановіча наступіла цёмная ноч і поўны правал памяці. Прачнуўся ён у поўнач на пахучых стружках. Галава была ясная, адчуваў сябе добра, як ніколі. Усё, што было да дзвюх шклянак гарэлкі, ён помніў выразна. А вось як апынуўся ў каморы на стружках — гэта была загадка. Лабановіч ляжаў і разважаў. На другой палавіне будынка стаяў шум і тупат. Даносіўся гоман бубна і піліканне скрыпкі. Відаць, госці перайшлі з двара ў хату і там наладзілі вечарынку. Лабановічу стала прыкра і брыдка за свой учынак. I не век жа яму ляжаць на стружках. На шчасце, у камору ўвайшла Антаніна Міхайлаўна са свечкаю ў руках. Лабановіч узрадаваўся і пажартаваў:

— Антаніна Міхайлаўна, я зусім ачуняў і паміраць не збіраюся. Свечкі мне не трэба.

— Ну, і добра, а то я непакоілася.

Настаўнік папрасіў перадаць Анцыпіку і фурману, каб збіраліся дамоў.

Праз паўгадзіны Лабановіч сядзеў у каламажцы і падтрымліваў Анцыпіка, каб ён не выкінуўся. Пад’ехаўшы да двара, дзе жыла Ганна Карлаўна, Анцыпік раптам забушаваў і памыкаўся злезці з воза. Лабановіч трымаў яго і не пускаў. А Анцыпік крычаў на ўсё горла:

— Пусці мяне да Ганны!

Дзядзька Купрэй пагнаў каня. Калі ад’ехаліся ад двара, Анцыпік супакоіўся, а праспаўшыся, прыйшоў да калегі і падзякаваў за тое, што не пусціў да Ганны Карлаўны.

— Ну, Іване, квіты, абодва мы біты,— адказаў Лабановіч.

XVII

Дзве шклянкі гарэлкі, як стрэмка, уеліся ў свядомасць Лабановіча. Нашто ён зрабіў так? Што ён гэтым давёў? I чым жа ён лепшы за п’яніцу Хрыпача і пісара Васількевіча? Проста ён стаў агідным сабе самому. Але адных дакораў было мала: адчувалася патрэба паспавядацца перад кім-небудзь, прызнацца ў сваім бязволлі і блазенстве.

У час яго згрызот і каяння ўвайшла бабка Параска.

— Можа, будзеце снедаць, панічок? — лагодна запыталася бабка. Яна прывыкла да новага настаўніка і палюбіла яго, як сына, і часта называла «манашкам».

— Не варта, бабка Параска, даваць мне снедаць.

— Чаму ж гэта не варта? — бабка занепакоілася і паглядзела на настаўніка.

— Нікуды не варты я чалавек, бабка Параска, няма ў мяне меры: напіўся ўчора ў гасцях, як Хрыпач.

— Дык на тое ж і госці, каб выпіць і пагуляць. Якія ж гэта госці, калі чалавек не дасць сабе трохі волі?.. I праўда — манашак вы! — лагодна заключыла бабка Параска.

— Ты, бабка, не ведаеш, як я піў.

Лабановіч расказаў, нічога не ўтойваючы, як выпіў ён засаб дзве шклянкі гарэлкі і што было з ім пасля гэтага. Бабка Параска слухала ўважна. Локаць адной рукі яна паставіла на далонь другое, падперла галаву і сядзела нерухліва. Лабановічу здалося, што бабка засмуцілася. Але калі ён скончыў сваю аповесць, бабка Параска весела азвалася:

— Ну, і што ж? Ачнуліся, праспаліся, галава свежая, дык і дзякуй Богу! Вось калі часта рабіць так, то гэта кепска, і так рабіць не трэба,— нотка дакору і строгасці пачулася ў бабчыным голасе.

— Слаўная ты кабетка, бабка Параска! — прамовіў настаўнік.— I сэрца тваё добрае, і розум твой разумны! — скаламбурыў ён.

Бабка Параска хітра паківала галавою.

— Вось сядзіць-сядзіць мой манашак ды нешта і выдумае: розум разумны!

Момант памаўчаўшы, яна іншым тонам дадала:

— А можа, яно і праўда, бо кажуць жа і «дурны розум»!

— Ну, ці ж не мая праўда? Ды ты, бабка,— філосаф!

Бабка Параска зарагатала.

— Божа мой, чаго ён ні прыдумае! I не чула ніколі слова такога — пілосап! Яно больш падыходзіць да Піліпа.

Гутарка з бабкаю Параскаю развесяліла настаўніка, да яго вярнуўся ранейшы гумор. Дзве шклянкі гарэлкі патроху страчвалі сваю вастрыню і адыходзілі ў прошласць, хоць яны і засталіся ў памяці на ўсё жыццё.

На другі дзень зрання, памятаючы свой угавор з Антанінай Міхайлаўнай наконт Ліды, ён узяў кій і ўжо знаёмаю дарогаю пашыбаваў на хутар.

Добра быць аднаму ў дарозе, асабліва тады, калі надвор’е спрыяе табе, а на сэрцы спакойна, і нішто не абцяжарвае твае душы, нішто не замінае думаць аб чым хочаш, або даваць поўную волю самым дзівосным і далёкім ад сапраўднага марам. Ідзеш сабе і радуешся, што жывеш на свеце, радуешся, што ў цябе ёсць вочы, каб аглядаць прасторы і малюнкі зямлі, і вушы, каб слухаць разнастайныя гукі, несціханую музыку жыцця. Радуешся небу і сонцу, кучаравым хмарам, лагоднаму ветру і людзям, што сустракаюцца на шляху.

Многа дарог, нікім не злічаных, снуецца па зямлі. Многа дарог у жыцці, па якіх блукаюць людзі, каб знайсці тое, што лічаць яны сваім шчасцем. Ды не для ўсіх расчынены гэтыя дарогі; іх трэба заваяваць — для сябе і для гарапашнага люду.