Выбрать главу

I зноў ажылі мыслі, якія ўсё часцей і часцей наведвалі Лабановіча, мыслі аб настаўніцкай арганізацыі, каб грамадой і па аднаму плану весці рэвалюцыйна-асветную работу ў народзе. У памяці ўсплылі малюнкі не так далёкага мінулага. Прыгадаўся Пінск, Вольга Андросава, першы патайны сход, дзе ён, Лабановіч, гаварыў аб арганізацыі вясковых настаўнікаў. Успомніў ён і Алеся Садовіча, і Янку Тукалу. Ці не аб гэтым жа самым думалі і яны, калі заводзілі гутарку аб трыумвіраце, аб пастаянных зносінах паміж сабою. У сілу непрадбачаных прычын і падзей падысці ўсутыч да ажыццяўлення патайной настаўніцкай арганізацыі не ўдалося. Але такая думка жыве не ў адной толькі галаве Лабановіча; яна займае тысячы настаўніцкіх галоў — не ўсе ж яны анцыпікі і саханюкі, якія ўхіляюцца ад рэвалюцыйнай барацьбы і лічаць лепшым жыць спакойна і сытна.

«Напісаць трэба Садовічу»,— вырашыў Лабановіч. І ён стаў абдумваць змест пісьма, каб ніхто не мог прычапіцца і каб яно было зразумелым для Садовіча. Самае лепшае — не пасылаць пісьма праз воласць, а проста апусціць яго ў скрынку паштовага вагона. А гэтым летам абавязкова пакласці пачатак рэвалюцыйнай настаўніцкай арганізацыі. Яе ў Беларусі няма, яна павінна быць.

З такімі думкамі ішоў Лабановіч на хутар. I раптам адчуў ён у сабе нейкі неспакой. Нейкая няўлоўная і неўсвядомленая думка стала карцець яму, разганяць добры настрой. I толькі тады для яго стала ясна, калі павярнуў з вялікай дарогі на маланаезджаную, што вяла на хутар: прычынаю неспакою была Ліда. Ці не паспяшаўся ён, беручыся падгатаваць яе для паступлення ў гарадскую школу? Нашто ўзяў ён такі абавязак і звязаў сябе? Хто прасіў яго быць настаўнікам Ліды пасля таго, калі яна скончыла пачатковую школу?

А на гэта былі дзве прычыны: Лабановічу падабалася прыгожанькая, крыху сарамяжлівая, чарнавокая Лідачка, хоць у гэтым ён не хацеў прызнавацца і сабе самому, не толькі людзям. Другая прычына — лішняя чарка, выпітая пад спакусліваю грушкаю. Усё паэтычнае асяроддзе наладжанага на скорую руку сялянскага банкету, прыемны шолам у галаве ўзнялі настрой, атулілі сэрца празмернаю дабратою, і ён, не ўзважыўшы цвяроза свайго парывання, паспяшаўся ўзяць на сябе адказны абавязак. А цяпер, зірнуўшы на ўсе гэтыя праявы другімі вачамі, настаўнік адчуў, што выпадковае, мімалётнае захапленне скіравала яго з правільнай дарогі. I сапраўды: што такое для яго Ліда? Якое мае ён права ўрывацца ў яе жыццё? I што кіруе ім у яго адносінах да яе? Бесстаронняе жаданне дапамагчы ёй? Вывесці ў людзі? Не, няма чаго хітрыць з самім сабою. Напэўна, калі б Ліда была такая шчарбатая, як і маці, дык наўрад ці з’явіліся б у яго такія высокія парыванні.

Лабановіч перанёсся думкамі наперад, каб уявіць сабе Ліду, калі яна будзе ў гадах свае маці. Але сягонняшняя Ліда выбегла ў гэты час з двара насустрач Лабановічу. Жывая, вясёлая і радасная, яна зблытала ўсе яго мыслі. Лабановіч бачыў мілую дзяўчынку-падлетка і ўспрымаў яе такою, як яна ёсць — маладзенькая, гатовая расцвісці ў поўнай сваёй красе. Параўнанне з Антанінай Міхайлаўнай вылецела з яго галавы.

Ліда сустрэла настаўніка, паздароўкалася, абняла яго руку, прытулілася да яе, як даверлівае дзіця.

— Я вас учора чакала,— сказала яна.

Лабановіч зірнуў ёй у вочы. Замест адказу сам запытаўся:

— Лідачка, ты не смяешся і не кпіш з мяне за мой учынак?

Ліда засаромелася. Ёй стала няёмка: як гэта яна будзе смяяцца з настаўніка? I ніколі не чула яна такіх запытанняў ад яго.

— Як гэта я буду кпіць з вас і смяяцца?

— Напіўся я тады да непрытомнасці і з-за гэтага не прыйшоў учора. Брыдка было паказацца ў вашым доме.

— Дык ніхто ж гэтага не бачыў,— адказала Ліда.

Настаўнік засмяяўся.

— Ты, Лідачка, гаворыш таксама, як і мая бабка Параска. I за гэта я вас люблю — цябе і бабку Параску. Ну, дык пойдзем і сядзем за работу.

I яны накіраваліся ў хату Антаніны Міхайлаўны.

XVIII

Набліжалася лета.

Ніякіх значных змен не адбылося ў жыцці Лабановіча. У Верханскай школе цяпер ён застаўся адзін. Анцыпік цішком знік. Куды ён падаўся, Лабановіч не ведаў. I яму таксама трэба было б адлучыцца на кароткі час. Ён паслаў пісьмо Садовічу. Яно было напісана ў жартлівым тоне, з няяснымі сказамі і намёкамі. Ужыты былі такія словы, сэнс якіх быў вядомы Садовічу і блізкім сябрам. Адказ прыйшоў даволі борзда. Садовіч пісаў, што яго школа стала прыпынішчам настаўнікаў, што з ім жыве Янка Тукала, Алесь Лушкевіч з-пад Шчорсаў і яшчэ збіраецца прыехаць некалькі чалавек. «У пачатку ліпеня, не пазней пятага,— пісаў сябар,— павінен быць і ты,— непрыменна, абавязкова. Наладжваецца гуртовая маёўка. Трэба ж, чорт вазьмі, гульнуць хоць раз у год». Лабановіч зразумеў, на што намякае яго зямляк і блізкі сябар. Паціхеньку і потайкам рыхтаваўся ён да важнай падзеі ў настаўніцкім жыцці. Лабановіч быў упэўнены, што ступае на новы рубеж. Для «маёўкі», аб якой паведамляў Садовіч, Лабановіч задумаў напісаць даклад на тэму аб асвеце ў пачатковых школах. Ён меркаваў выказаць думку аб тым, якія задачы ставяць царскія чыноўнікі настаўнікам пачатковых школ, і наогул, куды скіравана бюракратычна-паліцэйская навука царскай Расіі і што трэба супрацьставіць гэтаму.