Тым жа часам праз дзень, а калі праз два, хадзіў Лабановіч на хутар Антаніны Міхайлаўны займацца з Лідаю. Асаблівай стараннасці ў навучанні Ліда не выяўляла. Затое чым далей, тым прыметней абуджалася ў ёй дарослая дзяўчына.
Часам пазірала яна на свайго настаўніка не так, як належыць вучнёўцы. Настаўнік тлумачыць ёй правілы складання дробаў; Ліда слухае, а дробы кудысь адлятаюць ад яе, ніяк не трымаюцца ў галаве. А слухае, здаецца, яна вельмі ўважна і не зводзіць вачэй з настаўніка. У цёмных вачах з’яўляецца асаблівы бляск, на губах раптам заблукае ўсмешка; Ліда ловіць сама сябе на гэтай усмешцы, саромеецца і борздзенька хіліць галаву на падручнік. Кучаравыя цёмна-каштанавыя валасы падаюць ёй на рукі і рассыпаюцца па стале. Настаўнік спыняе тлумачэнне — галава ў яе забалела, ці што?
— Што з табою, Ліда? — пытае настаўнік.
Ліда падымае галаву, адкідае з ілба цёмныя локаны. Бляск вачэй гасне, на губах з’яўляецца вінаватая ўсмешка.
— Сон мяне змарыў,— няўпэўнена адказвае дзяўчына.
Настаўнік глядзіць на яе з дакорам. Лідзе робіцца непрыемна. Цень засмучэння кладзецца ёй на твар. Яна апускае вочы, замыкаецца ў сабе.
— Гэта, значыць, я так цікава тлумачу правілы складання дробаў, што навёў на цябе сон,— з ноткаю крыўды заўважае Лабановіч.
Ліда маўчыць і яшчэ ніжэй апускае галаву. Яна думае нейкія свае думкі, але якія, сказаць трудна. Некаторы час маўчыць і Лабановіч. Для яго зусім незразумела прычына такіх паводзін Ліды.
— Можа, табе нездаровіцца? — пасля кароткага маўчання пытае Лабановіч.
Ліда нічога не адказвае. Настаўнік у недаўменні глядзіць на яе.
— Чаго ж маўчыш, Лідачка? — спагадна дапытваецца ён.
Ліда нічога не гаворыць. А потым зрываецца з месца і бяжыць у свой куток за палатнянаю занавескай.
«Што ж гэта яшчэ за капрызы?» — пытае сам сябе Лабановіч. I не ведае, што рабіць далей: ці кінуць заняткі наогул і ісці дамоў, ці ўсё ж такі выясніць прычыну няроўнасці ў паводзінах вучнёўкі? У хаце, апроч яго і Ліды, нікога не было. Антаніна Міхайлаўна кудысь пайшла з двара. У часы заняткаў яна звычайна выходзіла з хаты, каб нічым не перашкаджаць «лекцыям». А Ліда, зашыўшыся ў свой берлажок за палатнянаю занавескаю, не падавала ніякіх адзнак існавання.
— Ліда! — аклікнуў голасна настаўнік.
Дзяўчына не адазвалася.
«Можа, яна самлела там!» — затрывожыўся Лабановіч. Ён устаў з-за стала і асцярожна накіраваўся да занавескі. Момант пастаяў каля яе і асцярожненька прыўзняў. За занавескай было даволі цёмна. Ліда ляжала на пасцелі, уткнуўшыся тварам у падушку і прыкрыўшыся да пояса лёгкаю дзяружкаю.
Лабановіч нахіліўся над ёю, прыслухаўся да дыхання. Дзяўчына ляжала ціха і нерухома, як нежывая.
— Ліда! — яшчэ раз аклікнуў яе настаўнік.
Ліда не паварушылася і голасу не падала. Настаўнік палажыў руку на яе галоўку, пагладзіў валасы.
— Лідачка, што з табою? Чаго маўчыш? Жывая ты ці не?
I на гэты раз Ліда не азвалася. Тады настаўнік лёганька падсунуў руку пад чарнявую галаву свае капрызнае вучнёўкі, прыўзняў яе. Галава была цёплая, значыць, жывая. Настаўнік нахіліўся яшчэ ніжэй, а галаву падняў вышэй і пацалаваў яе ў шчочку, а потым і ў губы. Толькі тады Ліда зусім ажыла, зірнула на настаўніка, засмяялася, засаромелася, а потым строга сказала:
— Ідзіце адгэтуль!
«Вось табе і дробы!» — заўважыў сам сабе Лабановіч, выходзячы з-за занавескі.
Ён сеў за стол, на сваё звычайнае месца, з такім выглядам, як бы нічога асаблівага і не здарылася. Адразу ж ён не мог разабрацца ў сваім учынку і ў пачуццях. Але нашто было так рабіць? I як адчуваў бы ён сябе, калі б Антаніна Міхайлаўна застала яго за занавескаю? Што б яна магла падумаць?
Цэлы рой думак замітусіўся ў яго галаве, а ў вачах паўставала Ліда. I адно яшчэ не зусім акрэсленае адчуванне давала аб сабе знаць грамчэй за ўсе: рабіць так, як зрабіў ён, нядобра. Ні да якіх пэўных заключэнняў настаўнік прыйсці не паспеў: выйшла Ліда. Ёй было сорамна. Стараючыся не глядзець на настаўніка, каб вочы іх не сустрэліся, Ліда села на сваё месца. Настаўнік таксама апусціў вочы, але зараз жа ўзяў сябе ў рукі.