Выбрать главу

— Слухай, Ліда,— суха сказаў ён, каб згладзіць непрадбачаны выпадак.— Хочаш вучыцца, дык вучыся, а свае капрызы трэба схаваць. А калі не хочаш вучыцца, дык так і скажы: я болей хадзіць сюды не буду.

Ліда сумелася. Яна не чакала такіх суровых слоў. Засмучэнне і боль адбіліся на яе твары. Нізка апусціла галаву і маўчала. Лабановічу стала шкада яе, але ён не адразу з’ехаў з сухога настаўніцкага тону.

— Ну, ты падумай, Ліда, да чаго даводзяць твае капрызы! — настаўнік сам заўважыў, што ён пляце глупства, але пачатую гутарку павёў далей: — Што сказала б маці, калі б застала мяне з табою за занавескаю.

«Зусім глупства»,— сам сабе зазначыў Лабановіч.

Яшчэ ніжэй унурылася Ліда і нічога не адказала. Напэўна, яна думала, што яе настаўнік зараз не варты такой годнасці.

— Дык як гадаеш, Лідачка,— ужо ласкавей загаварыў настаўнік.— Будзем займацца далей ці скончым нашы заняткі?

Не падымаючы галавы, Ліда ціха прамовіла:

— Я хачу вучыцца далей.

— Ну, вось гэта іншая справа,— настаўнік быў задаволены, што да Ліды вярнуўся голас і яна загаварыла. Гэтым самым як бы клаўся рубеж між тым, што здарылася, і іх цяперашнім становішчам.

— Калі вучыцца, дык вучыцца, Лідачка. Больш капрызіць не будзеш?

— Не буду,— адказала Ліда і зірнула на Лабановіча.

— Ну, значыць, усё ў парадку. Сённяшнія заняткі скончым. Ідзі пагуляй, перадумай усё і на мяне не гневайся. Усё, што я тлумачыў пра складанне дробаў, ты пастарайся сама разабраць па падручніку.

Яны развіталіся.

Настаўнік накіраваўся ў свой бок.

I ўсё ж такі добрая справа — дарога. Чаго толькі не перадумаеш ідучы! Вярсты дзве прайшлі ў думках аб здарэнні на хутары. Абмеркаваўшы тое здарэнне з усіх бакоў, настаўнік не асудзіў сябе дужа строга, але перасцярог на далейшае.

I ён усё весялей пасуваўся наперад, трымаючы кірунак на Верхань.

XIX

Вандроўкі на хутар не дужа вабілі Лабановіча. Гэта быў непрыемны абавязак. Уся бяда ў тым, што вінаваты ён сам: хто прасіў яго хадзіць на гэтыя заняткі? Ды ўжо адступаць позна. Узяўся за гуж, не кажы, што не дуж. Але былі і дадатныя бакі ў гэтых вандроўках: па дарозе добра абмяркоўваўся даклад. Думкі плылі лёгка і гладка. Многа трапных сказаў складалася ў галаве. Часамі настаўнік нават прыпыняўся, даставаў з кішэні запісную кніжку, азіраўся, каб не было лішніх сведак, бо людзі маглі б чорт ведае што падумаць, і запісваў дасціпныя выразы. Тады здавалася, што варта сесці за стол і ўсё пацячэ на паперу так жа гладка і вольна, як цяклі яго мыслі ў дарозе. На справе ж выходзіла іначай. Запісаныя дасканалыя сказы не маглі аднавіць той поўны і шырокі малюнак, што рысаваўся ў яго ўяўленні, і ўзятыя паасобку выглядалі бездапаможна, як абшчыпаныя вераб’і. Мімаволі прыгадваўся той чароўны замак, які ўявіўся аднойчы Лабановічу ў часе вандровак па ваколіцах Верханя: варта было саступіць на некалькі крокаў з той пазіцыі, адкуль рысаваўся замак, каб ён распаўся, развеяўся, як дым.

Трапляліся ў дарозе і іншыя прыемнасці. У канцы чэрвеня прайшлі шчодрыя летнія дажджы, а потым ізноў наладзілася надвор’е. Праходзячы ў цяньку пад бярозавымі прысадамі, насунуўся Лабановіч на ладнага баравіка, узрадаваўся яму, як другу свайго дзяцінства, прыпыніўся і падрэзаў яго карэньчык каля самай зямлі. Стаў разглядацца — паблізу сядзелі яшчэ два баравікі, маладыя, здаровыя. Акуратненька ачысціўшы ад пяску, ён палажыў грыбы ў хустачку і з гэтымі трафеямі пайшоў далей.

Уперадзе каля самай дарогі стаяў лясок, пераважна бярозавы. Зрэдку пракідаліся і хвойкі, трапляліся елкі і нават кусты ялоўцу. Лабановіч звярнуў з дарогі і пайшоў аглядаць лес. «Мясціна для баравікоў падхадзяшчая»,— падумаў ён і з захапленнем заўзятага грыбніка стаў аглядаць найбольш зручныя для баравікоў лясныя сховы. Не прайшоў ён і паўсотні крокаў, як раптам спыніўся бы ўкопаны. Яму рэдка калі траплялася бачыць такое мноства баравікоў на зусім невялічкай лапінцы. Грыбы сядзелі дзе па адным, дзе парамі, а дзе і цэлымі гуртамі. А самае цікавае, што гэта былі не бярозавікі, жоўценькія, як яечня, а чорнагаловыя, самыя лепшыя баравікі, якія растуць толькі ў сасонніках.

Налюбаваўшыся баравікамі, Лабановіч не спяшаючы прыступіў да збору. Ён прысядаў каля кожнага грыба, падразаў ножыкам карэньчык, саскрабаў пясок і рознае смецце, прыліпшае да кораня. Грыбы ж былі маладыя, крэпкія, важкія, шапкі зверху чорныя, а спаднізу белыя, бы кужаль. Ну, як не цешыцца з іх? Паднятыя і ачышчаныя баравікі шчаслівы грыбнік клаў на чыстае месца ў кучку. Іх набралася каля сотні. На гэтай лапінцы грыбоў болей не было і на суседніх мясцінах не трапілася ніводнага. Каша настаўнік не меў. Ён выразаў некалькі бярозавых пруткоў, звязаў іх тонкімі канцамі і нанізаў цэлыя тры маністы грыбоў. З гэтым здабыткам і пайшоў на хутар.