Сустрэчныя хутаране з цікавасцю глядзелі на вянкі грыбоў, часамі хто-небудзь і не мог змоўчаць, выказваў уголас сваё здзіўленне:
— А! Ото ж грыбкі! I так рана з’явіліся! I дзе вы назбіралі іх?
Настаўнік адказваў, нічога не ўтойваючы. Пакуль ён дайшоў да Антаніны Міхайлаўны, некалькі хутаранак пайшлі аглядаць грыбныя мясціны. Здзівілася таксама і Антаніна Міхайлаўна.
— Што ж вы будзеце рабіць з імі? — пацікавілася яна.
— Аддаю іх вам. Што хочаце, тое і рабіце, Антаніна Міхайлаўна.
— Ну, дык у нас сягоння будзе фрыштык...
Антаніна Міхайлаўна забрала грыбы і стала перабіраць, каб прыгатаваць іх сваім спосабам. Адна толькі Ліда не праявіла ніякага захаплення здабыткамі свайго настаўніка, і гэта трошкі пакрыўдзіла яго.
— Ліда, ты любіш збіраць грыбы? — спытаў ён.
Ліда вінавата ўсміхнулася.
— Я ніколі не збірала іх. Суніцы я люблю збіраць.
— Эх, Ліда, Ліда,— з дакорам сказаў настаўнік, і вочы яго загарэліся. Ён прыгадаў сваё дзяцінства і свае грыбныя паходы. Рознакаляровы ланцужок малюнкаў, вобразаў усплыў перад яго вачамі. Ён не мог стрымацца, каб хоць у агульных рысах не расказаць пра гэта.
— Няма для мяне нічога лепшага на свеце, як хадзіць аднаму па грыбных мясцінах і збіраць баравікі. Люблю я іх. Яны — нібы мае сябры, толькі гаварыць не ўмеюць. Устанеш, бывала, раненька, пойдзеш у лес, захапіўшы кошык, на аблюбаваныя раней баравіны. У лесе яшчэ цёмна, чакаеш, покі добра развіднеецца, каб першаму агледзець грыбныя мясціны. А там так ціха, так добра, ну проста хочацца спяваць песні! Ты разумееш гэта, Ліда?
Ліда не разумела гэтага. Яна слухала, а думала пра штось іншае. Запытанне настаўніка налучыла яе знянацку. Усміхнулася вінаватаю ўсмешкаю, апусціла галаву і ціха прамовіла:
— Так рана я ніколі не ўставала, а хадзіць у лес адна баюся.
Яе адказ ахаладзіў жар настаўніцкіх успамінаў. Цяпер ён ніколечкі не пакрыўдзіўся на Ліду: чаго было ўпадаць у такое цялячае захапленне. На момант Лабановіч прымоўк.
— Вось у тым-та і справа, Ліда, што ты рана не ўстаеш і не была ў лесе да ўсходу сонца... Ну, ды ладна,— перапыніў сябе настаўнік.— Будзем займацца, калі мая экскурсія ў лес не ўдалася,— іранічна закончыў ён.
Дзве добрых гадзіны займаліся, хоць сядзець у хаце за надакучыўшымі падручнікамі ды адмахвацца ад мух, калі за акном светла, зелена, прасторна,— не дужа вялікая прыемнасць. Але трэба было паўтарыць усё пройдзенае. Настаўнік збіраўся ў недалёкім часе паехаць у Мікуцічы да сваіх сяброў і стараўся як мага болей падвучыць Ліду. Паўтаралі граматыку, сінтаксіс, рабілі граматычны разбор, пісалі дыктоўкі, рашалі задачы. Там, дзе ў падрыхтоўцы не ўсё было гладка, настаўнік не адступаўся, пакуль Ліда поўнасцю не засвойвала таго ці іншага пытання. Часамі яна ў такіх выпадках упадала ў роспач.
— Нічога з майго паступлення не будзе,— казала Ліда. Незадаваленне і безнадзейнасць чуліся ў тоне яе голасу.
— Аб гэтым, Ліда, ты не думай, бо калі пачнеш гэта забіраць сабе ў галаву, дык тады і сапраўды нічога не будзе. Весялей пазірай на рэчы.
Настаўнік цярпліва тлумачыў дзяўчыне тое, што было засвоена ёю не зусім цвёрда і ясна. Нарэшце, дайшоўшы да поўнага разумення, яна весялела.
— Ну, вось бачыш. Не трэба складаць рукі перад цяжкасцямі,— падвясельваў настаўнік.
Наогул жа цяпер Ліда пасталела і трымалася ў адносінах да настаўніка стрымана і нават як бы трохі холадна. Пасля вядомага здарэння за палатнянай занавескай яна не выходзіла насустрач Лабановічу і не праводзіла яго, калі ён ішоў з хутара ў Верхань.
— Ну, зробім перапынак,— сказаў Лабановіч і падняўся.
Ліда засталася сядзець за сталом. Яна думала аб паездцы Лабановіча ў Мікуцічы. Чамусьці ёй не хацелася, каб ён туды ехаў. Сказаць жа пра гэта настаўніку не адважвалася.
— Чаго задумалася, Ліда? — спытаў ён.
Ліда яшчэ ніжэй нагнула галаву.
— А так, нічога.
Потым падняла вочы на настаўніка і ціха сказала:
— Не трэба вам ехаць у Мікуцічы.
Лабановіч здзівіўся.
— Чаму? — запытаў ён.
— Так,— адказала Ліда,— не ведаю, але не ездзіце.
Настаўнік болей нічога не дабіўся ад Ліды. Яна ўстала з-за стала і выбегла з хаты.
Тым часам Антаніна Міхайлаўна засмажыла грыбы, шчодра заправіла іх смятанай.
— Давайце крыху перакусім. Закаштуйце майго смажэння і скажыце, ці падыходжу я ў кухаркі.
Яна заслала стол белым настольнікам, прынесла талеркі, сялянскую закуску, паставіла графінчык наліўкі і грыбы.