Выбрать главу

Лабановічу хацелася сказаць: «Покі буду жыць, буду памятаць яе. Ды знікла яна з майго неба і сляды замяла за сабою».

Турсевічу ён сказаў, таксама пераходзячы на жарт:

— Бачу, што ты па ёй уздыхаеш.

— Ну, дзе ўжо мне спаганяць тое, што з воза ўпала,— махнуў рукою Турсевіч.— Хачу яшчэ павучыцца, а потым жаніцца.

— Ладна, ладна, браток! Успаміны на потым,— замітусіўся Лабановіч.— I быў бы я дурань, калі б не запытаў цябе: есці хочаш?

Не даючы прыяцелю апамятацца, Лабановіч гукнуў:

— Бабка Параска!

Увайшла бабка, акінула зіркам маладых настаўнікаў. Яна ўбачыла, што яны рады адзін аднаму, і ёй стала лёгка на душы.

— Вось што, бабулечка,— звярнуўся да яе Лабановіч,— напячы нам бульбяных піражкоў: Максім Юстынавіч,— Лабановіч паказаў рукою на Турсевіча,— ніколі ў жыцці не толькі не еў, але і не бачыў такіх піражкоў.

Бабка Параска так і заззяла, а Лабановіч казаў далей:

— Вось, бабка, тры рублі. Пашлі Піліпа ў манапольку, няхай возьме паўкварты. Да нас прыехаў госць. Трэба пачаставаць яго так, каб ні нам, ні людзям брыдка не было.

Бабка прыязна ўсміхнулася і выйшла з пакоя.

— Залатая бабка,— сказаў Лабановіч.

Турсевіч разважліва азваўся:

— Навошта такія захады?.. Андрэй, не дурэй!

— Не кожны ж дзень так бывае. Прыгадай, колькі часу мы не бачыліся. Дык як не адзначыць такую падзею?

— Ну, гэта я так сабе сказаў, для прыліку,— засмяяўся Турсевіч і патрос Лабановіча за плечы.

Пакуль бабка Параска ўвіхалася ў кухні, гаспадар і госць вырашалі, як латвей размясціцца.

— Наперадзе ўсё лета,— казаў Лабановіч,— табе ж трэба заняцца зубрысцікаю, дык давай уладжвацца, як лепей і зручней для цябе. Вось адзін пакой, а вось другі. Ёсць канапка і койка — выбірай, што хочаш. Стол агульны.

Турсевіч смешна развёў рукі, нібы дзівячыся такому багаццю ў кватэры сябра.

— Такая раскоша, такое багацце! Не ведаеш, на што пазіраць і што выбіраць,— смяяўся ён. I з прычыны гэтага прыгадаў адзін выпадак: — Нейкі бедны чалавек сустрэў настаўніка і звярнуўся да яго з просьбаю аказаць грашовую дапамогу. «I рад бы я вам дапамагчы, ды адкуль грошы ў беднага вясковага настаўніка?» — «Вы сельскі настаўнік? — здзівіўся чалавек.— Даруйце мне, я гэтага не ведаў». Ён палез у кішэню, дастаў траячку і працягнуў яе настаўніку.

— Ці смяяцца тут, ці плакаць? — азваўся Лабановіч і дадаў: — Лепей пасмяяцца. Затое ж у настаўніка сумленне чыстае: гэта не абдзірала-ўраднік, не прыстаў і не валасны пісар. Па-маéму — вясковы настаўнік самы чысты і самы святы чалавек у царскай Расіі.

— Прыемна слухаць такія водгукі аб нашым браце,— уставіў слова Турсевіч.— Ды яно, можа, і праўда. Але не трэба забываць адной акалічнасці: пасадзі ты нашага брата каля смачнага і тлустага каравая, дык ці не скапыціцца і ён, як ты думаеш?

У прыяцельскай гутарцы, ва ўспамінах аб мінулых днях, аб знаёмых час ішоў непрыметна. Бабка Параска падрыхтавала перакуску, накрыла стол белым, як снег, настольнікам, паставіла талеркі, палажыла нажы і відэльцы і потым прынесла ёмкую скавараду з пахучымі скваркамі і яечняй. Пасля з’явіліся і славутыя бабчыны бульбяныя піражкі.

— Ну, што ты скажаш пра бабку Параску? — спытаў Лабановіч.

— Маладзец — твая бабка! — пахваліў Турсевіч.

— I легенда аб настаўніцкай беднасці не зусім адпавядае рэчаіснасці,— сказаў Лабановіч, паказваючы на скавараду са скваркамі, на паўпляшку гарэлкі і на бульбяныя піражкі.— Ну, дык давай прапусцім па чарцы: за наша спатканне, за нашу настаўніцкую беднасць, за чыстасць і святасць!

— Прымаю! Амін! — пацвердзіў Турсевіч, беручыся за чарку.

XXI

Старыя сябры і прыяцелі, Турсевіч і Лабановіч, размясціліся ў кватэры найлепшым чынам. Усё падзялілі, размежавалі, і ніводзін ні ў чым не замінаў другому. Можа быць, гэтаму спрыяла настаўніцкая беднасць, аб якой расказваў Турсевіч, і настаўніцкая «святасць і чыстасць», за якія падымаў чарку Лабановіч.

Кожны з іх, у меру сваіх душэўных сіл, асаблівасцей характару, прыносіў даніну на алтар дружбы і прыяцельства, калі гаварыць высокім стылем. У пэўныя часіны яны разыходзіліся — у кожнага была свая дарога. Турсевіч браў падручнік, ішоў куды-небудзь у зацішны куток і старанна займаўся падрыхтоўкай у інстытут. Да сэрца прыйшліся яму верханскія могілкі — асабліва пасля таго, як Лабановіч расказаў пра невядомую пару закаханых людзей, знайшоўшых сабе там ціхі прыпынак і схоў. Сам гаспадар таксама меў свае абходы, выпраўляўся ў лес па грыбы, хоць трапіць на такі неруш і на такое мноства баравікоў, як давялося яму нядаўна, больш не здаралася.