Выбрать главу

У пэўныя часіны прыяцелі сядзелі разам, гутарылі, спрачаліся, не згаджаліся адзін з другім, але не выходзілі за межы дружбы. Гэтаму таксама спрыяла і тая акалічнасць, што сябры жылі пад адною страхою не дужа вялікі час. Яны лічылі, што ведаюць адзін аднаго да самых што ні ёсць маленькіх дробязей. Ды ў народзе бытуе простая мудрасць: каб пазнаць чалавека, дык трэба з’есці з ім пуд солі. Нашы сябры не з’елі яшчэ і аднаго фунта солі, а паміж іх пачалі ўзнікаць спрэчкі, якія чым далей, тым болей раз’ядноўвалі іх і праводзілі між імі такую мяжу, якую пераступіць не так лёгка. Повадам для такіх спрэчак звычайна была Дзяржаўная дума, вярней сказаць — палітычныя пытанні. Турсевіч у сваёй палітычнай накіраванасці не ішоў далей кадэцкай партыі. Яна была для яго палітычным ідэалам.

— О, каб толькі ў Расіі дабіліся таго, што ставіць сваёю палітычнаю праграмаю канстытуцыйна-дэмакратычная партыя! — казаў Турсевіч.— Ужо адно тое, што ў кадэцкай партыі сабраны лепшы цвет рускай інтэлігенцыі — прафесары, адвакаты, дактары, інжынеры,— шмат аб чым гаворыць і выгадна рэкамендуе самую партыю «народнай свабоды».

— Прыпусцім, што кадэты ажыццявілі сваю праграму,— уставіў слова Лабановіч.— Чаго дабіўся б тады народ?

— Па-першае, беззямельнае і малазямельнае сялянства атрымала б зямлю. Другое, самадзяржаўны лад быў бы абмяжованы, а да гэтага імкнецца пераважная большасць народа. Міністры і губернатары адказвалі б перад Дзяржаўнай думай. I мы, вясковыя настаўнікі, былі б пастаўлены ў непараўнальна лепшыя ўмовы. I ўсё насельніцтва мела б шырокія палітычныя правы. Ты ведаеш,— казаў далей у захапленні Турсевіч,— як азначала задачы Дзяржаўнай думы кадэцкая газета «Русь»? Галоўнае прызначэнне думы, якая цяпер выбіраецца,— пісалася там у часе выбараў,— і партыі «народнай свабоды» ў ёй — быць бічом народнага гневу. Выгнаўшы і аддаўшы пад суд злачынных членаў урада, ёй прыйдзецца займацца толькі неадкладнымі мерамі, а затым склікаць сапраўдную думу — на болей шырокіх асновах. Хіба гэта ў нашых умовах малая праграма? — з выглядам пераможцы спытаў Турсевіч і дадаў: — Памажы толькі ім, Божа, дабіцца яе ажыццяўлення.

— Але покі што,— заўважыў Лабановіч,— ніводнага царскага сатрапа дума пад суд не аддала. А хіба іх няма за што судзіць? Выходзіць наадварот: сатрапы самі пачынаюць сыкаць на думу. Счакаўшы, яны не толькі будуць сыкаць, але і тупаць нагамі, а можа, і па шапцы ёй дадуць. Вось ты спасылаўся на газету «Русь». Я табе прывяду словы другой кадэцкай газеты. Яна пісала аб тым, што поспех кадэтаў на выбарах звярнуў на сябе ўвагу «сфер» і нават занепакоіў гэтыя «сферы», гэта значыць сатрапаў. Але потым «сферы» ачухаліся, разгледзеліся, прыслухаліся і прыйшлі да заключэння, што поспех кадэтаў на выбарах і сама кадэцкая дума проста выгадна для царызму... А кадэты няхай сабе пашумяць, памахаюць кулакамі — біцца ж яны не палезуць,— няхай пакрытыкуюць урад і нават пагрозяць якому-небудзь міністру. Ніякага страху ў гэтым няма, бо ні кадэцкая і ніякая іншая дума міністраў не назначае. Мне здаецца, што гэта кадэцкая газета, а называецца яна «Наша жыццё», стаіць шмат бліжэй да праўды, чым твая «Русь».

— Дык, па-твойму, самы факт існавання Дзяржаўнай думы не мае ніякага значэння? — нахмурыўшыся, спытаў Турсевіч.

Лабановіч апусціў вочы ў дол. У першы момант ён не знаходзіў сталага адказу. Трэба было выгадаць некаторы час, каб адказаць памудрэй, і ён сказаў, зайшоўшы здалёку:

— Адна добра знаёмая мне настаўніца — не ведаю, дзе яна цяпер і што з ёю — расказвала пра басяка, які прасіў грошай на выпіўку. Калі настаўніца запыталася, колькі ж яму трэба, басяк глыбакадумна прыставіў палец да лба і сказаў: «Першы раз натыкаюся на такое філасофскае пытанне!» Дык вось і мне застаецца паўтарыць словы таго басяка ў сувязі з тваім запытаннем.

Турсевіч зняважліва махнуў рукою:

— Дзяржаўная дума ёсць рэчаіснасць, значыць, яе бытаванне ёсць з’ява разумная.

— Залез ты, брат, у такія філасофскія нетры, адкуль і не выбрацца. «Усё рэчаіснае разумна»,— іранічна падкрэсліў Лабановіч.— Самадзяржаўны лад — таксама рэчаіснасць і, значыць, разумны? Навошта ж тады змагацца з ім? Ты пачынаеш кідацца ў сафістыку. Жыццё і прырода і ўсе з’явы жыцця не знаходзяцца ў стане спакою і нерухомасці. Яшчэ старадаўні грэчаскі філосаф сказаў: «Усё цячэ і ўсё змяняецца», прычым усё гэта не абыходзіцца без барацьбы. А ўсё, што мае пачатак, тое мае і канец. Вось чаму я так упэўнены ў тым, што і самадзяржаўю з прыдуркаватым Міколкам прыйдзе канец не сам сабою, а ў выніку рэвалюцыйнага паўстання ўсяго народа. Але не кадэцкая Дзяржаўная дума прыложыць у гэтым сваю руку: кадэцкая дума — тормаз народнага паўстання супраць каранованага пудзіла на троне. А таму кожнаму, хто любіць народ, ідзе з народам, трэба стаць на шлях бязлітаснай, разумнай барацьбы, барацьбы па адзінаму плану, у імя звяржэння ідала на троне і яго памагатараў, паслугачоў і падбрэхічаў. Думаю, што гэта мая ацэнка Дзяржаўнай думы для цябе ясная.