Турсевіч, здзіўлены, недаўменна развёў рукі, уважліва зірнуўшы на свайго былога вучня, а сённяшняга друга.
— Ого-го! — выгукнуў ён.— Не спадзяваўся я пачуць ад цябе такую... Ну, як табе сказаць... канцэпцыю... Далёка ж ты махнуў!.. Давай будзем шчырымі: скажы, да якой партыі ты належыш?
— Калі быць шчырымі, як ты падкрэсліваеш, дык скажу табе: ні да якой партыі я не належу.
— Чаму ж гэта так? — спытаў Турсевіч.
— А вось чаму: часамі мне здавалася, што праўду нясуць кадэты. Ну, ведаеш: «лепшы цвет рускай інтэлігенцыі», як рэкамендуеш іх ты. А потым, прыслухаўшыся да эсэраў, я падумаў, што праўда на іх баку, і гатоў быў стаць на іхнія пазіцыі. Але давялося і даводзіцца мне, як і кожнаму з нас, хто шукае праўды, паслухаць і сацыял-дэмакратаў. Важка, грунтоўна, правільна гавораць яны... Ёсць адно агульнае і для эсэраў і для сацыял-дэмакратаў: імкненне звергнуць самадзяржаўны лад. А на чыім баку праўда, я яшчэ не ведаю дакладна. Але я мыслю сабе, што жыццё і далейшая барацьба за народаўладнасць пакажа, хто стаіць на верным шляху, а хто памыляецца. Тады я далучуся да тых, хто гаворыць праўду.
Турсевіч дакорліва паківаў галавою.
— Эх, Андрэй, Андрэй! — з ноткаю скрухі ў голасе адгукнуўся ён.— Табе ўжо было папярэджанне ў рэвалюцыі, і даволі грознае. Пагуляў, і будзе, бо ты гуляеш з агнём. А ёсць прыказка: каля вады намочышся, каля агню апячэшся. Я стаю за эвалюцыю. Усякай праяве на свеце свой час. Дзіця не робіцца адразу дарослым чалавекам. Нашто ўрывацца жывасілам і ўмешвацца ў ход падзей, якія ад цябе і не залежаць? Вось дабрадзеі чалавецтва падбухторылі народ на забастоўкі, на паўстанні, на разгромы памешчыкаў. I што атрымалася? Ты ведаеш апавяданне са школьнай хрэстаматыі, як хлопчык раскрываў пупышкі, бутоны кветак, каб яны хутчэй зацвілі на клумбе. Раскрыў іх не ў пору, і кветкі загінулі.
— А я табе прывяду другі расказ, як бацька навучаў сыноў, каб яны жылі ў дружбе і згодзе. Помніш пра венік? Покі венік быў звязаны ў адным пуку, сыны зламаць яго не маглі, а развязалі — па розачцы паламалі лёгка. Дык вось, калі народ усвядоміць свае інтарэсы і сваю сілу і будзе шчыльна злучаны, тады ён лёгка вымеце бруд са свае хаты: цара, князёў, графоў і ўсякую іншую поскудзь. За гэта я і буду змагацца. Закон эвалюцыі адно, але ёсць і закон рэвалюцыі. Адно без другога не абыходзіцца. I ведаеш, мой дарагі: у настаўніцкім інстытуце нічога табе пра гэта не скажуць.
ХХII
Пасля такіх спрэчак сябры адчулі, што іх сяброўства дало вялікую расколіну, што іхнія дарогі скіраваны ў розныя бакі і ніякія гаворкі іх ужо не злучаць. Турсевіч шчыра шкадаваў свайго сябра як чалавека, відавочна, ступіўшага на небяспечны шлях, як чалавека, свядома выбраўшага пакуту, астрог і няволю. Чаго ж іншага можна спадзявацца на такім шляху? Чаму ён так робіць? — на самоце пытаў самога сябе Турсевіч. I хіба гэта верны шлях? Яго, Турсевічаў, абавязак — перасцерагчы маладзейшага і меней дасведчанага ў жыцці друга ад той небяспекі, па краі якой ён ходзіць.
I Турсевіч цвёрда паставіў сабе пагаварыць з Лабановічам аб гэтым, толькі не зараз, калі жар спрэчак яшчэ не астыў.
У сваю чаргу Лабановіч спачуваў Турсевічу як добраму другу дзіцячых і юнацкіх дзён. Перад яго вачамі паўстала Палессе, вандроўка ў Любашава, куды перабраўся Турсевіч з Цельшынскай школы, іх гутаркі і спрэчкі. Тады спрэчкі не разлучалі іх, а, наадварот, яшчэ болей умацоўвалі дружбу. Шкада было Турсевіча як чалавека, якога заела мяшчанскае імкненне да спакойнага і сытнага кавалка хлеба і мірнага, бестурботнага жыцця. У гэтым імкненні было падабенства між Анцыпікам і Турсевічам. Але ні Лабановіч, ні Турсевіч нічым не выяўлялі гэтых прытоеных пачуццяў адзін да аднаго, стараліся проста не гаварыць ні аб іх, ні аб тых пазіцыях, на якіх цяпер стаяць яны, як бы нічога асаблівага паміж імі не здарылася.
Турсевіч яшчэ болей паглыбіўся ў падрыхтоўку да паступлення ў настаўніцкі інстытут. Лабановіч вандраваў па верханскіх ваколіцах. Яшчэ раз наведаў і тую пляцоўку, з якой можна было бачыць зданнёвы замак.
Тым часам набліжаўся дзень паездкі ў Мікуцічы, дзе нелегальна збяруцца вясковыя настаўнікі. Там будзе абмяркована праграма іх палітычнай дзейнасці. У краіне ж наспявалі не дужа радасныя падзеі. Усё болей наглелі сатрапы Мікалая Другога і вышэй падымалі галаву. Не так ужо многа дамагалася дума ў асобе яе кадэцкай большасці, але і самыя мізэрныя патрабаванні тармазіліся і не выконваліся. У той жа час з усіх канцоў Расіі сяляне слалі ў думу наказы аб зямлі, накіроўвалі ў Пецярбург сваіх хадакоў, патрабуючы неадкладна вырашыць пытанне аб надзяленні зямлёю беззямельных і малазямельных. Частка думскіх дэпутатаў, пераважна сялянскіх, прапанавала звярнуцца з думскай трыбуны да ўсіх сялян з заклікам аказаць дапамогу думе ў барацьбе з царызмам. Кадэцкая большасць на гэта не пайшла, дый як магла яна пайсці, калі самі кадэты былі тыя ж памешчыкі і прадстаўнікі буржуазнай інтэлігенцыі? Яны рабілі «запросы» міністрам, шумелі. Міністры ж або зусім не адказвалі, або, са свайго боку, пагражалі, і іхняя пагроза была больш дзейсная. Упарта насіліся чуткі аб роспуску думы. На гэты час быў назначаны новы міністр унутраных спраў, Гарамыкін. Яшчэ не паспеў ён увайсці ў сваю ролю, а ўжо з’явіўся верш: