Выбрать главу

— Ну, ладна, давай пойдзем, пабачым, што там за міраж, цуд прыроды,— згадзіўся Турсевіч. Яму хацелася прайсціся па верханскай вуліцы і паглядзець на сяло, якога ён яшчэ толкам не бачыў.

Не паспелі яны адысціся і ста крокаў ад школы, як напаткаўся памочнік пісара Хрыпач. Хрыпача, таксама як і саву, рэдка здаралася бачыць удзень. Ён амаль ніколі не бываў цвярозы, а заўсёды або моцна п’яны, або добра падвыпіўшы. Цяпер ён быў проста падвыпіўшы. Не даходзячы трох крокаў, Хрыпач зняў кепку і галантна пакланіўся настаўнікам. Гэта быў ужо стараваты чалавечак невысокага росту, сінявата-шэрыя вочкі яго бегалі, як у злодзея. Пасівелая бародка, акуратна падстрыжаная, надавала яму выгляд местачковага адваката, якім ён па сутнасці і быў. Апроч свае работы на пасадзе памочніка пісара, Хрыпач пісаў розныя прашэнні, скаргі, што складала значны прыбытак у бюджэце валаснога прапойцы. Таксама папісваў і ў мясцовых чарнасоценных лістках, стоячы на пазіцыі «ісцінна рускага» чалавека.

— Прасвяціцелям народа маё ніжэйшае! — сказаў Хрыпач, падаючы руку Лабановічу, а затым і Турсевічу.— Хрыпач маё прозвішча,— сказаў ён пры гэтым.— Ну, дык што? Крамольная дума дажывае свае апошнія дзянёчкі,— верце мне! Чыталі зварот да народа міністра Гарамыкіна? Галава, светлая галава! Праўда?

— А па-мойму, у вас, Мікодым Палуектавіч, галава святлейшая, чым у Гарамыкіна,— азваўся Лабановіч.

Хрыпач абедзвюма рукамі паціснуў яму руку.

— Што вы, што вы! Я — бледны цень яго. Хіба можна раўняць мяне з такім высокапастаўленым чалавекам!

Настаўнікі пайшлі далей. Хрыпач падаўся ў бок воласці. Ішоў і напаўголаса спяваў:

Эх ты, Русь, ты, Русь святая!

— Вось такая поскудзь, такія паразіты і ёсць апора царскага трона,— казаў Лабановіч.— А нюх у яго ёсць: думу разгоняць.

— Цябе ж гэта не павінна балюча абыходзіць,— заўважыў Турсевіч,— ніякага значэння яе ты не прызнаеш.

— Справа не ў думе, а ў тым, што царскія каты забіраюць сілу. Ды я прыгадваю адзін верш, які дужа люблю:

Как, февраль, ни злися,

Как ты, март, ни хмурься,

Будь хоть снег, хоть дождик,—

Всё весною пахнет!

У гутарцы на тэмы дня падышлі яны да таго пункта на ўзвышшы, адкуль вырысоўваўся замак. Лабановіч спыніўся, сказаўшы: «Стой!», і зірнуў у супрацьлеглы бок. Ці то ён спыніўся не на тым месцы, ці то была іншая празрыстасць паветра, ці, можа, і хваляванне самога Лабановіча было таму прычынаю, ды толькі на гэты раз паасобныя часткі «замка» не зліваліся ў адно цэлае і не давалі чаканага ўяўлення. Збянтэжаны, Лабановіч азірнуўся па баках, ступіў крокі два наперад, потым падаўся назад, не зводзячы вачэй з той далечы, дзе раней выступаў «замак».

— Што з табою? — запытаў Турсевіч.— Ці ты надумаўся кадрыль танцаваць?

Лабановіч, здавалася, не чуў запытання сябра і ўсё тупаў, то падаючыся наперад, то адступаючы назад.

— Во-во! З гэтага месца! — узрадавана сказаў Лабановіч.— Ідзі-тка зірні! — Ён добра бачыў контуры «замка», вежы і купал на адной з іх.

Турсевіч падышоў і стаў углядацца ў тое месца, што паказваў сябар.

— Нічога не бачу,— сказаў ён.

— Да ты прыгледзься: унь там, там! Бачыш — вежы!

— Жартаўнік ты,— засмяяўся Турсевіч,— ну, бачу. Стаяць дрэвы на рознай адлегласці, узгорачкі паміж імі... Ці то вочы твае падгулялі, ці занадта развіта ўяўленне?

— Значыцца, здольнасць успрымання ў нас розная,— расчаравана сказаў Лабановіч.— А я хацеў сказаць табе: вось ён, ілюзорны замак! Ці не ёсць такая ж ілюзія і Дзяржаўная дума? Не выйшлася, эфекту не атрымалася. Прашу прабачыць... I як гэта не бачыш ты таго, што так ясна стаіць у маіх вачах?

ХХІII

Турсевіч доўга не выпускаў рукі Лабановіча.

— Ты ж, Андрэйка, не затрымлівайся там. А то, ведаеш, аднаму ў чужой школе — як табе сказаць? — не па сабе.

Гаворачы так, ён уважна ўглядаўся ў твар, у вочы Лабановіча, як бы хочучы прачытаць мыслі і настрой прыяцеля. Турсевіч дагадваўся, што настаўніцкая моладзь, захапляючыся рэвалюцыйнай плынню, збіраецца ўпотай для нейкай недазволенай справы. Проста гаварыць аб гэтым ён не адважваўся: баяўся, каб прыяцель не падумаў аб ім як аб рэакцыянеру, чалавеку, які не спачувае рэвалюцыі. Лабановіч, захоўваючы канспірацыю, нават Турсевічу не казаў, чаго едзе ў Мікуцічы,— яму проста хочацца даведацца, як жывуць родныя, маці, браты і сёстры, і пабачыцца з сябрамі.

— Ты на мяне пазіраеш так, нібы я, схаваўшы пад пільчаком сякеру, іду на разбой або выпраўляюся ехаць у Амерыку.

— А што табе верыць? — жартам адказаў Турсевіч.— Ці мала якія мыслі маглі цябе апанаваць у палескай глухмені! — Ён яшчэ раз моцна паціснуў руку Лабановічу і сур’ёзна сказаў: