Выбрать главу

— Ты ўсё ж такі будзь асцярожны... Андрэйка! Я цябе люблю, ну, і паважаю — доўга не заседжвайся, бо мне аднаму без цябе маркотна.

Бабка Параска, стаіўшыся за дзвярамі, прыслухоўвалася да гутаркі госця з гаспадаром. А пачуўшы, што Лабановіч выходзіць з пакоя, яна шуснула ў сваю каморку і адтуль праз прыадчыненыя дзверы пазірала ў калідор, на свайго «манашка». Лабановіч зайшоў да яе.

— Ну, бабка, іду на станцыю. Паеду не больш як на два-тры дні. А ты ўжо даглядай госця. Усяго добрага, бабка Параска!

Ён падаў ёй руку. Бабка так расчулілася, што слёзы пакаціліся па яе сухіх маршчыністых шчоках.

— Ну, дай жа вам Божа шчаслівага падарожжа ды здаровенькім вярнуцца.

Яна выйшла на ганак і з мацярынскім засмучэннем пазірала на Лабановіча, пакуль ён не павярнуў направа і не знік за будынкамі, дзе дарога спускалася ў лагчыну.

Бабка пайшла ў сваю каморку, каб яшчэ раз пабачыць «манашка», калі ён будзе падымацца на ўзгорак. З бабчынага акенца быў добра відаць узгорак і панскі двор, міма якога праходзіла дарога. Постаць Лабановіча выплыла з лагчынкі і паказалася на ўзгорку. Падарожнік на момант прыпыніўся і азірнуўся назад. Гэта вельмі ўсцешыла бабку Параску. Яна загадала: калі азірнецца, дык з ім нічога благога не здарыцца ў дарозе і ён шчасліва вернецца назад. Бабка з палёгкай уздыхнула, перахрысціла настаўніка і пайшла ўходжвацца каля кухні, успомніўшы пра госця.

Дарога — вялікая яна ці малая — кожны раз хвалявала Лабановіча і настройвала яго мыслі і пачуцці на салодка-журботны лад. Месца, якое ён пакідаў і з якім ужо звыкся, паўставала ў іншым святле і афарбоўцы, і тое, чаго ён раней як бы не заўважаў, станавілася дарагім і блізкім, і з ім шкада было разлучацца. Вось так і зараз: прыгадаліся верханскія могілкі, вузенькая дарожка-сцежачка між зелені збожжа, што вяла ў Тумель, дзе працякала Уса і стаяў млын. Успомніўся і той узвышак, куды настаўнік хадзіў некалькі разоў любавацца прывідным замкам. Хоць апошняя вандроўка з Турсевічам і не дала чаканага эфекту, але ўсё ж Лабановіч адчуваў прыемнасць, прыгадваючы і замак і пляцоўку, на якой выплываў ён са смужнай далечыні.

З такімі думкамі і пачуццямі падыходзіў Лабановіч да хутара Антаніны Міхайлаўны. Вось і паваротка на хутар, і сам ён не больш чым за паўвярсты ад дарогі. Зайсці ці не? Заходзіць сюды Лабановіч, выпраўляючыся ў дарогу, не думаў. Ды і чаго? Усё, што трэба было сказаць Лідзе як вучнёўцы, ён сказаў. Але ў яго быў яшчэ час. Чым сядзець на станцыі і чакаць поезда, дык ці не лепей збочыць з дарогі і яшчэ раз напомніць Лідзе, што яна павінна рабіць у яго адсутнасць? З другога боку, хоць ён едзе і не на доўгі час, ды ўсё можа здарыцца. Перад вачамі паўстаў вобраз Лідачкі. Што благога ў тым, калі ён па дарозе зойдзе да яе, каб лішні раз пагаварыць аб далейшых занятках. I тут жа прыгадаліся словы Антаніны Міхайлаўны, што Ліда неабыякава да свайго настаўніка. Дык, бадай што, і не варта заходзіць. Пакуль Лабановіч такім чынам вагаўся ў сваім намеры наведаць хутар, ногі яго самі накіраваліся туды.

На дворыку Антаніны Міхайлаўны нікога не было відаць. Падышоўшы да самага дома, Лабановіч заўважыў ёмкі замок на дзвярах. Гэта для яго было раўназначна таму, калі б пры ўваходзе вісеў спецыяльны напіс: «Просім да нас не заходзіць».

«I нашто я прыйшоў сюды?» — спытаў самога сябе Лабановіч і задворкамі, каб не кідацца людзям у вочы, як злодзей, накіраваўся на дарогу ў бок станцыі. Сам па сабе гэты малазначны выпадак папсаваў настаўніку добры настрой. I чамусь замок, павешаны на дзвярах, ён успрыняў як нядобры знак. Але, адышоўшы некалькі вёрст ад хутара, ён перастаў думаць аб ім.

Дзень быў лагодны, ціхі. Сонца ўжо даўно мінула поўдзень. Прыпарвала. На далёкім захадзе з-за зубчастых пералескаў выплывалі, як мядзяныя горы, клубястыя хмары, пафарбаваныя сонцам у чырванаваты колер. Як прыгожа і велічна выступалі яны над краем зямлі, уздымаючыся ўсё вышэй і вышэй! У іх звілістых клубках, у вычварных і невыразных абрысах таілася магутная сіла зямлі і сонца, гатовая рушыць на мірныя нівы, лясы і даліны стрэлы маланак і рэкі дажджу. Зрэдку павяваўшы ветрык зусім заспакоіўся. Настала вялікая цішыня. Быў нават нейкі неакрэслены страх у гэтай нязвыклай цішыні.

Лабановіч не мог адвесці вачэй ад купчастых грамадзін-хмар і ўвесь аддаўся чарам зямлі і неба. Калі пападаўся зручны пункт, адкуль расчыняўся шырокі краявід, ён прыпыняўся і некалькі хвілін любаваўся малюнкамі, што паўставалі перад вачамі.

За бліжэйшым узгоркам, праз які ішла дарога, тулілася малапрыметная, закінутая чыгуначная станцыя. Некалькі шатрыстых ліп і клёнаў з аднаго канца яе і пара заняпалых таварных вагонаў з другога віднеліся здалёк. Мінуўшы ўзгорак, Лабановіч апынуўся амаль на самай станцыі. Такая ж яна ціхая і бязлюдная, як і тыя станцыі на Палессі, дзе ён садзіўся некалі на паязды... Як шпарка праходзіць час! Ці даўно ён, Лабановіч, прыехаў сюды ўпершыню, каб даставіцца да невядомага яму Верханя? I вось ён зараз ізноў на гэтай станцыі. Тады была зіма, а зараз лета. Тады ён не ведаў, што такое Верхань, і не думаў, што праз шэсць месяцаў ізноў давядзецца быць на гэтай жа станцыі, каб пачаць нейкую новую для яго дарогу. Усе гэтыя думкі і пачуцці прамільгнулі ў свядомасці Лабановіча ў самы кароткі час.