На станцыі ён даведаўся дакладна, калі прыходзіць пасажырскі поезд на Мінск і калі адчыніцца білетная каса. Чакаць заставалася ўжо і не так многа. Лабановіч заняў зручную пазіцыю, адкуль можна было здалёку згледзець поезд, каб паспець купіць білет, а ў крайнім выпадку сесці без білета — з кандуктарам лёгка дагаварыцца ў вагоне і сёе-тое нават сэканоміць. Самае ж важнае было тое, што з гэтага месца былі добра відаць хмары надыходзячай навальніцы. А навальніца насоўвалася павольна, ды станоўка і настырна. Захад хмурнеў. Чорная сцяна хмар рабілася ўсё болей і болей шчыльнай. За нядоўгі час усё навокал змянілася. Сонца патускнела і ўсё глыбей уплывала ў хмары. Цемра насоўвалася на зямлю. Далёкі глухі гром раз-пораз чуўся мацней, бліжэй і магутней. I раптам ад цёмнай, суцэльнай заслоны хмар аддзяліўся доўгі сіваваты вал; выгнуўшыся дугою і займаючы палавіну неба, ён шпарка каціўся наперад. Сярэдзіна дугі якраз насоўвалася на станцыю, гонячы перад сабою сціснуты ком навальнічнага воблака. Бліснула маланка, нібы нейкая велічэзная агністая птушка разняла свае крыллі, і асвяціла ўсю хмару. Дзесь зусім блізка грукнуў удар грому. Дыхнуў свежы вецер. Пасыпаліся буйныя кроплі дажджу, упала некалькі галак граду, як бы нейкі жартаўнік сыпануў жменю белых каменьчыкаў. А следам за гэтым паліў дождж як з вядра. Пакуль Лабановіч дабег да станцыі, яго парадкам пакрапіў дождж. Білетная каса была ўжо адчынена. Купіўшы білет, настаўнік падышоў да акна, любуючыся бушаваннем навальніцы. Якраз прыбыў і поезд, выплыўшы, нібы з туману, з густой сеткі дажджу. Лабановіч выбег на платформу і ўскочыў у першы пасажырскі вагон. Хоць ён зараз і вымак, алё быў вясёлы і задаволены. Нават прыгадалася народная прымета: калі выпраўляешся ў дарогу і цябе намочыць дождж, дык гэта к прыбытку, к дабру.
У вагоне пасажыраў было мала. Пападаліся нават зусім пустыя купэ. У адным з іх асталяваўся Лабановіч. Некалькі станцый ён прастаяў на нагах каля акна, любуючыся малюнкамі. Заводзіць знаёмства з пасажырамі і пускацца з імі ў гутаркі Лабановіч не хацеў. Шмат цікавейшымі для яго былі малюнкі, якія можна было разглядаць з акна. Грымотная дажджавая хмара паплыла далей, расквечваючы на яркім сонцы свае велічэзныя, пабялелыя, нібы памытыя дажджом, клубястыя горы. Лабановіч апусціў акно і ўдыхаў празрыстае паветра, ачышчанае навальніцаю.
Добра быць у дарозе, якую ты сам сабе выбіраеш!
XXIV
Сонца зайшло. Лёгкі вечаровы змрок засцілаў нізіны шаравата-цьмяным покрывам, калі поезд прыцішыў ход перад апошняй станцыяй, куды ехаў Лабановіч. Яшчэ задоўга да спынення поезда пачуцці і мыслі Лабановіча мімаволі скіраваліся да гэтай станцыі. Як жа яно будзе? Збяруцца ці не збяруцца хлопцы? Правядуць яны свой першы патайны з’езд ці не правядуць? Сустрэне яго хто-небудзь ці не сустрэне? Садовічу ён пісаў, што вечарам 8 ліпеня будзе на станцыі Стаўбуны.
Як жа здзівіўся і ўзрадаваўся нястомны вандроўнік, выйшаўшы з вагона і згледзеўшы цэлы гурт маладых, бадай што ўсіх знаёмых, настаўнікаў! Шумным натоўпам акружылі яны Лабановіча. З некаторымі з іх ён горача абнімаўся, другім па-прыяцельску паціскаў рукі. Голасна гаманілі, рагаталі дружным смехам шчаслівай маладосці, напаўняючы платформу гоманам, выгукамі, чым зварачалі на сябе ўвагу пасажыраў і начальства станцыі. У маладым настаўніцкім натоўпе быў Садовіч як лідэр; быў смяшлівы, рухавы Янка Тукала, умеўшы сказаць трапнае слова і пацешыць сяброў. З грамады асабліва вылучаўся Аляксей Алешка, магутны, статны, вышэйшы на цэлую галаву за сваіх калег. У настаўніцкай семінарыі Лабановіч даў яму мянушку «Дзед Хрушч». Алешка быў на адзін курс старэйшы за Лабановіча, але гэта не замінала іхняй дружбе. Яшчэ ў семінарыі Алешка запусціў сабе вусікі. Яны былі рыжаватыя. Закручаныя ўгору кончыкі рабілі іх падобнымі да вусікаў хрушча. Гэта і дало повад Лабановічу ахрысціць прыяцеля Дзедам Хрушчом. Алешка не крыўдзіўся на сваю мянушку, яго так і звалі. Дзед Хрушч яшчэ не сустракаў у сваім жыцці — праўда, жыў ён нямнога — такога чалавека, які мог бы зваліць яго з ног.