Выбрать главу

— Адкуль ты такі ўдаўся? — запыталі аднойчы Алешку.

Ці то жартам, ці то ўсур’ёз Дзед Хрушч расказаў, што яго продкам быў нейкі невядомы драгун. А здарылася гэта так. У той мясцовасці, дзе жылі родзічы Алешкі, знаходзіўся маёнтак графа Буцянёва-Храптовіча. Было гэта яшчэ за паншчынаю. Народ у маёнтку быў дробны, нядошлы. Вось адзін з графоў надумаўся завесці новае, моцнае племя людзей. Усіх сваіх мужыкоў ён перавёў кудысь далёка і на доўгі час. Засталіся адны толькі жанчыны. Буцянёў-Храптовіч звярнуўся з просьбай да губернатара прыслаць на пастой у маёнтак эскадрон драгунаў. Хтось з іх і быў заснавальнікам роду Алешкі.

Так было гэта ці не так, ніхто не ведаў, дый скуль ведаць такія інтымна-сакрэтныя справы? Адно толькі можна сказаць, што Дзед Хрушч быў дастойны патомак свайго невядомага продка і хібы не даваў. А што да мікуціцкіх мужчын, дык яны нават заахвочвалі залёты Дзеда Хрушча і казалі: «Такі гвардзеец! Не шкада і не крыўдна, калі ён тут пакіне па сабе сякую-такую памяць, бо і ў Мікуцічах народ таксама пачынае драбнець».

Поезд пашыбаваў далей. Вясёлы, радасны, узбуджаны Лабановіч злучыўся з натоўпам маладых настаўнікаў і загубіўся ў ім. Шумнаю, гаманліваю грамадою,— а было тут чалавек пятнаццаць,— накіраваліся яны ў бок возера, на дарогу, што вяла ў Мікуцічы. Добрыя вярсты дзве не спыняліся нястрыманыя жарты, таўханіна, сумятня. Настаўнікі цяпер самі былі падобны да сваіх школьнікаў, чыю дураслівасць ім прыходзілася стрымліваць у часе заняткаў. Летнім часам, калі настаўнікі з’язджаліся на канікулы, тутэйшым людзям не раз траплялася сустракаць іх, але такога наплыву не здаралася бачыць. Ды настаўнікі, хмельныя ад свае маладосці, здароўя і сілы, не зварачалі на гэта ўвагі. Хоць яны і не выпілі, але зараз ім здавалася мора па калена.

— Эй, вы, слухайце! — крыкнуў Янка Тукала, зварачаючыся да сяброў і стараючыся іх перакрычаць.— Што вы гагочаце, як жарабцы? Давайце заспяваем песню,— ведаеце, як тыя местачковыя бунтары: «Урадніка няма? Стражнікаў ніто?» — Даведаўшыся, што нікога няма, яны і грымнулі:

Як у нас на троне

Пудзіла ў кароне!

Ай да цар, ай да цар,

Праваслаўны гасудар!

Янка Тукала, як рэгент, махаў рукамі і ва ўсё горла спяваў куплет песні, перадражніваючы местачковых бунтароў. Настаўнікі былі ў такім прыўзнятым настроі, што пацяшаліся словам песні і крыўляннем Янкі Тукалы.

— Давайце, хлопцы, цішэй,— перасцярог Садовіч.— А ты, Янка, волі горлу не давай, бо і ў гэтым ялоўцавым хмызняку могуць быць вушы.

З аднаго боку дарогі стаяў рэдкі хвойнік, з другога кусты ялоўцу, а далей — алешнік. На разумнае папярэджанне Садовіча ніхто не звярнуў увагі. Толькі Янка Тукала, якога галоўным чынам датыкалася заўвага Садовіча, азваўся:

— Што праўда, то праўда. Яшчэ адзін з герояў Ібсена сказаў: «Калі ідзеш у рэвалюцыю, дык не надзявай новых портак».

Настаўнікі дружна зарагаталі. Смяяўся і сам Садовіч, пры гэтым ён штурхануў у карак Янку Тукалу, сказаўшы:

— А няхай ты згары!

А ноч усё гусцей насоўвалася на зямлю. Нават неба на захадзе, якое святлела доўгі час пасля захаду сонца, пачало цьмяніцца і агортвацца ў лёгкую летнюю цемру. У вышыні сям-там замігацелі, як іскаркі, далёкія зоркі. Колькі разоў кожны з нас наглядаў гэтыя малюнкі кароткай летняй ночы! З лугу, дзе струменіўся Нёман, злёгку патыхала свежаю вільгаццю. Цішыня, спакой, сон панавалі навокал. Лабановіч мімаволі прыгадаў, як многа разоў хадзіў ён па гэтай дарозе. Ці даўно было, калі яны, сустрэўшыся на станцыі з Садовічам, хадзілі ў Панямонь, гулялі ў карты! Але зараз у гаманлівым настаўніцкім тлуме трудна аддацца ўспамінам, каб з паасобных з’яў мінулага скласці цэльны малюнак. Хацелася пагаварыць з Садовічам і аб той справе, дзеля якой пазбіраліся настаўнікі. Ды абстаноўка зусім не падыходзіла і гаварыць на хаду было нязручна.

Дзед Хрушч, не даходзячы да шляхецкага пасёлка, дзе было таксама і лясніцтва князя Радзівіла, гучным басам зацягнуў песню:

Смело, товарищи, в ногу...

Хоць Садовіч і зрабіў заўвагу захоўваць асцярогу, але не мог утрымацца, каб не далучыць свайго голасу да баса Алешкі. Колісь у семінарыі ён стаяў на клірасе разам з Дзедам Хрушчом і не хацеў уступаць яму ў басавітасці. Песню падхапілі ўсе настаўнікі. Пераважная большасць з іх былі добрымі харыстамі з добрымі галасамі. З першых жа гукаў песня наладзілася, палілася дружным ручаём маладых, сакавітых галасоў. Песня захапляла саміх спевакоў, узнімала яшчэ вышэй і без таго прыўзняты іхні настрой. Яна прыдавала сілы і гарту ў барацьбе супраць зла і сацыяльнай несправядлівасці.