Выбрать главу

Вышли мы все из народа,

Дети семьи трудовой.

Братский союз и свобода —

Вот наш девиз боевой!

Натхнёна спявалі настаўнікі. I ці ж гэта не праўда, што яны выйшлі з народа, што яны дзеці занядбанай, прыгнечанай працоўнай сям’і?

Разам з настаўнікамі набліжалася песня да сядзібы лясніцтва магната, пана Радзівіла. Адгэтуль направа і налева і далёка ўглыб пачынаюцца бясконцыя абшары лясоў, велічэзныя лавы так званай скарбовай зямлі. I ўсім гэтым неабсяжным прасторам зямель і лясоў валодае адзін старадаўні род польскага князя Радзівіла. Ці не занадта доўга заседзеўся ён у сваім нясвіжскім княжацкім гняздзе? Вось чаму, параўняўшыся з брамаю ў парк лясніцтва, баявая песня зазвінела яшчэ галасней і суровей. Шмат каму з настаўнікаў, у тым ліку і Лабановічу, здавалася, што і належным чынам зложаная песня пракладае дарогу перамозе народа над крывавым царом, над яго сатрапамі і магнатамі і над усёю хеўраю абдзіралаў і гвалтаўнікоў.

Увесь рэпертуар рэвалюцыйных тагачасных песень праспявалі настаўнікі зладжаным хорам, праходзячы міма лясніцтва і праз шляхецкі засценак, а потым і праз лес. Тым часам дарога падыходзіла да балоціны, праз якую была праложана грэбля. Абапал балота густою сцяною стаяў лес. Калі, бывала, ціхаю летняю ноччу спынішся каля грэблі і гукнеш, дык рэха доўга бегла ўскрай балоціны, адбіваючыся ад сцяны лесу, а потым ізноў варочалася назад ужо ў некалькі змененым адценні.

Сымон Чэчык, Садовіч, Янка Тукала і ўсе хлопцы з Мікуціч ведалі такую асаблівасць гэтай мясціны.

— Стойце, хлопцы!—спыніўся Тукала.— Пагукаем тут, паслухаем, што нам будзе адказваць рэха!

Настаўнікі спыніліся. Чэчык, Садовіч і Тукала набралі ў грудзі паветра і разам выгукнулі:

— У вас міністры бы-ы-ылі?

Голас пабег ускрай балота, павярнуў назад, і ўсе пачулі:

— Бі-і-ілі!

— Хлеба вам дава-а-алі?

— Дра-а-алі!

Некалькі хвілін забаўляліся настаўнікі, слухаючы пераклічку сваіх сяброў з балотам і лесам.

Позна ўначы прыйшлі яны ў школу Садовіча.

XXV

Нягледзячы на позні час, у кватэры Садовіча гарэла лямпа. Тут былі і жывыя людзі: блізкі прыяцель Лабановіча Мікола Райскі і малавядомы яму Іван Тадорык — ён скончыў другую семінарыю. Райскі застаўся за гаспадара, каб прыгатаваць вячэру. Гэта быў высокі рухавы юнак, такі ж танклявы, як і Садовіч, а па характару добры, сардэчны хлопец. Ён горача абняў Лабановіча і пацалаваўся з ім. Тадорык тупаў па пакоі босы, бо так вальней нагам, казаў ён, і амаль не зварачаў увагі на шумны настаўніцкі натоўп, запоўніўшы ўсю кватэру Садовіча. Зрэдку перакідаючыся з тым ці з іншым закавырыстымі рэплікамі, ён зняў са сцяны скрыпку, прысеў на цвёрдую канапку з абдзёртаю абіўкаю і выігрываў нейкія мелодыі.

Манера трымаць скрыпку і смык і сама ігра сведчылі аб тым, што Іван Тадорык быў добрым скрыпачом. Лабановіч з прыемнасцю слухаў музыку, углядаўся ў твар скрыпача, крыху пануры і злёгку васпаваты, з насупленымі брывамі, са шчыльна сціснутымі губамі. Шырокі лоб і авал твару з вастраватым падбародкам казалі за тое, што Іван Тадорык, як відаць, чалавек з выдатнымі здольнасцямі. Рысы твару скрыпача нагадвалі Лабановічу нешта знаёмае. Дзесьці ён бачыў такі твар, але дзе? Нарэшце ўспомніў: Іван Тадорык меў штось агульнае з нямецкім філосафам-песімістам Шапенгаўэрам, толькі той быў стары, а Тадорык — равеснік Лабановіча.

Пры школе на кватэры Садовіча асталяваліся — Райскі, Янка Тукала і Іван Тадорык. Школа Тукалы была вёрст за пятнаццаць ад Мікуціч, а бацькі яго жылі не так далёка — за Нёманам вярсты тры. Але ўжо такая была натура ў Янкі: паўнацэнным чалавекам ён адчуваў сябе толькі тады, калі знаходзіўся ў коле сваіх сяброў, калі чуў іх плячо, на якое можна абаперціся, калі бачыў іх руку, за якую можна ўзяцца і ісці наперад, не збіваючыся з дарогі.

Быў ужо даволі позні час. Садовіч як гаспадар школы і як чалавек, прыняўшы кіраўніцтва сходам, хоць яго ў лідэры ніхто не выбіраў, выступіў з прамоваю. Пры гэтым ён стаў у належную позу, падаў наперад грудзіну і прыняў сур’ёзны выгляд.

— Таварышы! — пачаў ён з баса.— Мы сышліся і з’ехаліся для важнай справы. Усе чэсныя перадавыя людзі Расіі выступаюць за арганізаванае змаганне са злом і несправядлівасцю...

— А называюцца яны царскім самадзяржаўем,— падказаў Іван Тадорык і збіў прамоўцу з панталыку.

— Не лезь у пекла раней за бацьку,— жартліва і ў той жа час досыць строга заўважыў Садовіч.— Што трэба сказаць, я скажу сам. Не забывайся, Іван, што не для камедыі сабраліся мы тут.

— Я і не кажу пра камедыю,— не сунімаўся Тадорык.

Садовіч не звярнуў увагі на другую рэпліку.