Выбрать главу

— Не трэба, хлопцы, забывацца і на тое, што мы павінны быць вельмі і вельмі асцярожнымі. I гэта не ёсць страх перад паліцэйскімі шнурамі,— гэтага вымагаюць інтарэсы справы. На ўсякі выпадак я паставіў варту. Таварышы, справа наша дужа пачэсная і вельмі важная. Падрабязна аб ёй мы сягоння гаварыць не будзем: мы вырашым яе заўтра і не ў сценах школы, дзе можа і шашаль падслухаць нас, а ў адкрытым полі. Заўтра, а дванаццатай гадзіне, усе мы збяромся на Прыстаньцы, непадалёку ад Лядзін. Сходзіцца туды невялічкімі гурткамі, каб не кідацца ў вочы, каб не выклікаць падазронасці.

— Праўду кажаш, Бас! — падтрымаў Садовіча Уладзік Сальвэсеў. Уладзік меў загану ў вымаўленні літары «р», а таму слова «праўда» ў яго гучала як «прлаўда».

— Дык так, хлопцы: заўтра! — гаварыў далей Садовіч.— А зараз разыходзьцеся па каморках ды па адрынках. Не забараняецца і з дзяўчатамі пагуляць.

Сказаўшы так, Садовіч зірнуў на Дзеда Хрушча. Той толькі пасміхнуўся і хітра кіўнуў Садовічу — ведаем, які ты манах сам.

— У школе застануцца беспрытульныя гарапашнікі: Андрэй, Мікола Райскі, Іван і Янка — па сутнасці адно і тое, што Янка, што Іван,— зазначыў з некаторым гумарам Алесь Садовіч.

— Божа наш, якую прамудрасць сказаў ты, Алесь! — не ўтрываў Тадорык, каб не кінуць рэплікі.

Садовіч паглядзеў на Тадорыка, паківаў галавою і сказаў:

— Ішоў Тодар з Тадораю, знайшоў лапаць з абораю.

— Ну, і што ж? — запытаў Тадорык.

Як відаць, ён быў настроены на ваяўнічы лад.

— Ну, то да заўтра! — казалі настаўнікі і патроху распаўзаліся хто куды. У школе засталіся гаспадар і яго «беспрытульныя» госці: Лабановіч, Райскі, Тадорык і Тукала.

— Што ж, хлопцы! Сядайце за стол. На вялікі пачастунак прабачайце,— прамовіў гаспадар.

— А ўсё ж сёе-тое ды ёсць,— сказаў Райскі і гукнуў: — Акуля!

Шырокая, прысадзістая, румяная Акуля паказалася ў пакоі, выплыўшы з кухні.

— Падавай, Акуля, што ёсць,— загадаў ёй Райскі. Акуля так жа моўчкі, як і ўвайшла, схавалася за дзвярамі пакоіка. Іван Тадорык злажыў губы трубкаю, вырачыў вочы і, зварачаючыся да Райскага, выгукнуў з робленым здзіўленнем:

— О-о-о! Паглядзім, што гэта за сёе-тое!

Зараз жа дзябёлая Акуля — яна была старожкаю пры школе і разам гаспадыняю кухні — прынесла пяць рознакаліберных талерак, столькі ж зборных відэльцаў ды пару нажоў-інвалідаў. Усё гэта яна расставіла і разлажыла на старасвецкім стале, нічым не заслаўшы яго. У Садовіча настольнікаў не было — ён лічыў іх непатрэбнаю буржуйскаю раскошаю. Затым на стале з’явілася яшчэ адна талерка з накроенымі кавалачкамі сала, затым дзервяная саматужнага вырабу міска з хлебам, скаварада з яечняю і вялізная гліняная міска з рэдзькаю, пакрышанаю на скрылікі і запраўленаю кіслым малаком. Рэдзькі было з добрага паўвядра.

Тадорык не мог стрымацца.

— Памры, Мікола, і болей не кухар, бо лепшага нічога не зробіш,— сказаў ён Райскаму.

А Райскі, нічога не кажучы, падышоў да кніжнай шафы, вывалак з-за школьных папак кварту гарэлкі і ўрачыста паставіў яе на стол.

— Гэта дар ад маіх мізэрных здабыткаў,— прамовіў ён.— Вып’ем, як казаў Тарас Бульба, за тое, каб храбра ваявалі.

Настаўнікі так ажывіліся, так загаманілі, што іх галасы зліваліся ў тлум, дзе трудна было разабраць паасобныя выгукі.

— Вось гэта «сёе-тое»! — весела сказаў Тадорык.

— Слава Райскаму, добраму сыну Бахуса!

— Дай табе, Божа, шчасце, і долю, і кашулю на пуп!

— Жыві, жыві, Райскі, аж покі не скажаш: «годзе»!

Як хто ўмеў і як мог, хваліў Райскага за рэдзьку, а галоўным чынам за кварту гарэлкі. Калі ж выпілі па чарцы за яго здароўе, Райскі сказаў:

— Ну, то ешце, хлопцы, так, каб нічога не засталося, бо пасля вас і свінні есці не будуць.

— Здорава! — засмяяўся Тадорык, а Янка Тукала запэўніў:

— Не турбуйся, Міколка, усё змяцём, і ад твае рэдзькі застануцца адны толькі ўспаміны.

Вячэра зацягнулася далёка за поўнач. Шмат было маладога смеху, жартаў, весялосці. Потым гутарка скіравалася на тую справу, дзеля якой паз’язджаліся настаўнікі з розных канцоў краіны. На запытанне Лабановіча Садовіч паведаміў, што ўсяго сабралася васемнаццаць вясковых настаўнікаў і што заўтра, праўдзівей, ужо сягоння, прыедуць яшчэ трое з-пад Койданава. Можна спадзявацца, што з Панямоння прыбудуць Тарас Іванавіч Шырокі і Базыль Трайчанскі. Але на апошніх двух ускладаць надзей не варта — яны людзі сямейныя. Хоць на словах і спачуваюць рэвалюцыі, але прыняць у ёй удзел наўрад ці згодзяцца.

— Ва ўсякім разе, хлопцы,— казаў Садовіч,— заўтра мы паложым пачатак арганізацыі народных настаўнікаў у Беларусі. Мы будзем піянерамі рэвалюцыйнага арганізаванага руху ў барацьбе супраць праклятага царызму,— крыху рытарычна, але натхнёна скончыў Садовіч.