Выбрать главу

Ужо даўно развіднелася. Пачало абуджацца абыклае жыццё вёскі.

— Хіба ж мы будзем класціся спаць? — запытаў Лабановіч і ўнёс прапанову адправіцца на Нёман, «каб змыць грахі прошлага і апрануцца ў адзенне новага Адама», як гавораць папы.

Так і не спалі ў гэтую ноч. I запомнілася яна Лабановічу на ўсё жыццё.

XXVI

Акуля на скорую руку прыгатавала настаўнікам снеданне, праўда, не такое багатае, як вячэра. Якраз у гэты час дзверы ў пакойчык, дзе снедалі настаўнікі, расчыніліся. Парог пераступіў Нічыпар Янкавец, а за ім Пятрусь Гулік і Сымон Лапаткевіч. Яны толькі што прыйшлі са станцыі.

— Смачнага апетыту! — громка і ўрачыста прывітаў Янкавец гаспадара і яго гасцей.

Садовіч, а за ім і госці, паўставалі з-за стала, шумна прывіталіся з прыбыўшымі, а потым пасадзілі іх за стол.

Сярод настаўніцкай галоты самым багатым быў Нічыпар Янкавец. У японскую вайну ён дабравольцам паехаў на Далёкі Усход і замацаваўся ў інтэнданцтве. Яму давялося быць сведкам самага расцугленага хабарніцтва, якое тварылася вакол. Інтэнданцкія кампанейскія чыноўнікі прапанавалі і яму долю, але Янкавец лічыў неэтычным абкрадаць сваё войска і толькі пад самы канец вайны, калі ўсё распаўзалася па ўсіх нітках, узяў трохі «на дарогу». Наогул жа Нічыпар быў хлопец разудалы, жывы, бойкі. Любіў часамі і гульнуць. Вось чаму зараз, сеўшы за стол і акінуўшы яго вокам, ён закамандаваў Садовічу паклікаць Акулю. Нічыпар даў ёй рубля.

— Прынясі паўкварты ды закусіць,— хоць хвост ад тарана. Ды на адной назе... Ну, дык як, патрасацелі самадзяржаўя! — звярнуўся ён да настаўнікаў.

— Страсянём! — грозна пакруціў кучараваю галавою Тадорык.

— А сам, Нічыпар, не збіраешся страсянуць яго? — пацікавіўся Лабановіч.

— Пусціўся Мікіта ў валакіту, дык ідзі і назад не аглядайся! — рашуча заявіў Нічыпар.

Толькі ціхі і палахлівы Сымон Лапаткевіч нясмела азваўся:

— Самадзяржаўе не груша. Глядзіце, каб нас не страсянулі,— сказаўшы гэта, Лапаткевіч паправіў на носе пенснэ, якое надавала яму досыць паважны выгляд.

— А ты ж думаў, тытулярнага саветніка дадуць табе за тое, што супраць самадзяржаўя пойдзеш?— падсек Лапаткевіча Янка Тукала.

Настаўнікі дружна зарагаталі. Яны часта спявалі прывезеную Нічыпарам песню пра тытулярнага саветніка:

Он был титулярный советник,

Она — генеральская дочь.

Он томно в любви объяснился,

Она прогнала его прочь.

— Ну, што ж, хлопцы,— сказаў па сняданні Садовіч,— будзем памаленьку рухацца.

— Давайце пойдзем! — падхапіў Тадорык.— На вольным паветры латвей.

— Ты ж развітаўся з бацькамі? — запытаў Лапаткевіча Янка Тукала. Усім кідалася ў вочы, што Лапаткевіч і Гулік хваляваліся і, відаць, каяліся ў тым, што прынялі ўдзел у нелегальным зборы вясковых настаўнікаў. Ды адступаць не было куды, а прызнавацца ў сваёй боязні не хацелася.

Настаўнікі раздзяліліся на дзве групы. На чале адной стаў Садовіч, другую павёў Лабановіч. Яны добра ведалі мясцовасць і ўсе самыя малапрыметныя сцежачкі, па якіх можна выйсці на дарогу, што вяла да Прыстанькі. Пайшлі рознымі дарогамі. Садовіч накіраваўся на бераг Нёмана, каб мінуць сяло, а потым павярнуць улева і далей у лес. Улетку настаўнікі часта гулялі каля рэчкі, і ніхто на гэта не зварачаў увагі. Лабановіч са сваёю групаю зразу павярнуў у поле, каб межамі дайсці да лесу. З ім пайшлі Тукала, Гулік і Лапаткевіч.

— Цягаемся немаведама дзе і чаго,— скуголіў, спатыкаючыся па межах, Сымон Лапаткевіч.— I наогул уся гэта выдумка дабром не скончыцца.

— Цярпі, Грышка, карчма блізка,— развясельваў яго Тукала.— I не люблю я ў такі вясёлы, радасны дзень, каб чалавек стагнаў, нібы ў яго нясцерпна баліць зуб. Не падабаецца,— злазь з даху ды не псуй гонту!

— Праўда, Янка! — падтрымаў Тукалу Лабановіч і потым сур’ёзна сказаў: — Мы не цягаемся, а ідзём да пэўнай мэты, каб рабіць сухоты цару, разумееш?

— Покі мы зробім сухоты цару, дык ён згноіць нас у Сібіры,— азваўся Пятрусь Гулік.

— Тады вось што, хлопцы,— сказаў Лабановіч і спыніўся,— раз так, дык давайце вяртаць аглоблі. Сілаю вас ніхто не прымушае. Унь там Мікуцічы, а вось дарога на станцыю. Ідзіце, адкуль прыйшлі. Будзьце «ісцінна-рускімі» людзьмі, спявайце «Боже, царя храни», віншуйце валаснога пісара і прыстава з імянінамі, чытайце ў царкве «апостала», цалуйце папу руку, вазьміце замуж пападзянак...

— Ну, ну! Ты ўжо занадта разышоўся,— загаварыў Пятрусь Гулік.— Мы проста выпрабоўваем вас — ну, нашых... правадыроў... Ведаеш, браток Андрэй: ёсць прыказка — сем разоў прымер і адзін раз адрэж. Дык чаму ж мы не можам прымераць! I няўжо ты думаеш, што мы ні аб чым не разважаем, што нам нічога не абыходзіць? Але ж, каб не блытацца, не рабіць глупства, трэба ўсё належным чынам абмеркаваць.