Выбрать главу

— Вось гэта голас чалавечы! — выклікнуў Лабановіч.— Друг мой дарагі! Для гэтага мы і збіраемся. Нам трэба праверыць: што мы і хто мы? Ці мы — балотная вада, якой няма ходу, ці мы — крынічны струмень, жывы, свежы, той струмень, што пакідае ўбаку гнілую балотную ваду і ўсё імкнецца наперад і наперад па чысценькім жоўтым пясочку?

— Стой, хлопцы! Бачыце? — спалоханым голасам ціха прамовіў Лапаткевіч і прысеў каля мяжы ў разорцы.

Лабановіч зірнуў у той бок, куды паказвала дрыгатлівая рука Лапаткевіча. Сярод жыта, па суседняй мяжы, пакалыхваючыся над каласамі, набліжаліся дзве шапкі.

— Паліцыя! — ледзь паварушыў белымі губамі Гулік.

Усе крыху збянтэжыліся і прыгнулі галовы.

Расхінуўшы калоссе, Лабановіч пачаў углядацца. Праз некаторы час твар яго павесялеў.

— Эй ты, асілак! — кпліва звярнуўся Андрэй да Лапаткевіча.— Перастань дрыжаць ад страху,— разагніся, пратры вочы і глянь.

Настаўнікі пападымалі галовы, разгледзеліся.

— Шапкі ж не начальніцкія, цэшкі не блішчаць. Значыць, якая можа быць паліцыя,— загаварыў далей Лабановіч і засмяяўся.— Пойдзем насустрач. Гэта напэўна нехта з Мікуціч, а можа, і хто з нашых калег палічыў за лепшае падацца ў процілеглы бок ад месца сходу.— Андрэй выразна зірнуў на Лапаткевіча.

— Я лічу, што трэба ісці да іх і высветліць, хто яны і што яны,— прамовіў Тукала.— Прынамсі, будзем ведаць, каб вызначыць лінію нашых паводзін, а ў выпадку чаго — папярэдзім астатніх сяброў.

Тым часам шапкі невядомых зноў замільгалі сярод жыта, але на гэты раз было відаць, што падарожнікі падаліся ў другі бок.

— Гэй! — крыкнуў Лабановіч.— Гэй, хто там? Пачакайце!

Шапкі прыпыніліся.

— Што ты? — схапіў яго за руку Лапаткевіч.— А раптам — якія шпікі?

— Тым лепш,— сказаў Андрэй.— Мы пакажам, што нікога не баімся, а проста гуляем у полі.

Настаўнікі і невядомыя рушылі насустрач адны другім і хутка сутыкнуліся тварам да твару.

Лабановіч пазнаў невядомых. Гэта былі сапраўды мікуціцкія сяляне: Мірон Шуська і Лявон Раткевіч. Абодвух іх Лабановіч добра ведаў як землякоў.

Садовіч часта вёў з Шуськам і Раткевічам гутаркі, навучыў іх трохі разбірацца ў палітыцы. «Гэта наша апора, без народа ў нашых справах не наваюеш»,— казаў Садовіч Андрэю.

Павітаўшыся з сустрэчнымі, Лабановіч сказаў:

— А чаго гэта дзядзькі гуляюць па полі такою парою?

Раткевіч хітра пасміхнуўся.

— Дык вось хадзілі паглядзець, можа, дзе княжацкай травы ўдасца надвячоркам скасіць.

— Мы ж вольныя,— горка прамовіў Шуська.— Жаць ранавата, касіць, каб і хацеў, дык няма чаго,— увесь луг княжацкі. Жаваць таксама няма чаго — хлеб скончыўся. Вось і ходзім вольныя: ні рукам, ні зубам работы няма.

Лабановіча пранізала цяжкая праўда гэтых слоў.

— Не заўсёды так будзе,— горача звярнуўся ён да стрэчаных сялян.— Трэба толькі нам, працоўным людзям, бліжэй гарнуцца адзін да аднаго, каб разам бараніць свае інтарэсы, адстойваць сваё права. А калі так будзе, дык упадзе з прастола каранованы ідал, разбягуцца і меншыя бажаняты. Тады і поле, і паша пяройдуць у сялянскія рукі, што самі здолеюць абрабіць іх, управіцца. Не будзеце крадучыся выкошваць лапінкі ў панскім лесе, на сваё ўласнае поле пойдзеце працаваць.

Лапаткевіч непрыметна тузянуў Лабановіча за рукаў.

— Няхай настаўнік не турбуецца,— адкрыта зірнуўшы яснымі вачамі на Лапаткевіча, прамовіў Шуська,— нічога благога з нашай гутаркі не будзе. У дрэнныя вушы яна не трапіць. А калі скажу каму, дык такому ж гаротніку, як я сам. Ён мяне зразумее, бо і сам хоча выбіцца ў лепшую долю.

Лабановіч усцешана паглядзеў на сяброў.

На вуснах Раткевіча з’явілася тая ж хітрая ўсмешка.

— Калі настаўнікі пагуляць выбраліся, дык на добрае здароўе,— сказаў ён.— А можа, гуляючы, і пагаварыць аб чым захочацца — гаварыце смела. Мы тут поблізу паходзім, калі што якое — дамо знаць. Не так нам ужо тая панская трава рупіць,— закончыў Раткевіч.

Настаўнікі, усхваляваныя нечаканай сустрэчай і падтрымкай, падзякавалі сваю добраахвотную варту і рушылі далей.

Лабановічу стала зразумела, што гаворкі, якія ён і Садовіч вялі з сялянамі, не прапалі марна: «Маладзец, Бас! — пахваліў ён у думках Садовіча.— Сапраўды гэта наша апора!»

У гутарках, у спрэчках прыйшлі на Прыстаньку. Каля ракі ўжо мітусілася цэлая грамада настаўнікаў. Яны голасна прывіталі групу Лабановіча. Зараз жа паказаўся з лесу і Садовіч са сваімі сябрамі. Усе сышліся на высокім і маляўнічым беразе Нёмана, дзе можна было прысесці ці проста пакачацца на зялёнай траўцы.