Выбрать главу

Усяго сабралася дваццаць адзін чалавек. Гэта былі маладыя хлопцы ад дваццаці двух да дваццаці пяці гадоў. Аднаму толькі Нічыпару Янкаўцу было гадоў пад трыццаць. У некаторых толькі ледзь-ледзь высядалі вусікі. Затое ж трапіўся і адзін барадач. Гэта быў Мілеўскі Адам. Ён запусціў доўгую, рыжую, пасярэдзіне выстрыжаную бараду, як насілі міністры пры цару Аляксандру Другім. Барада Мілеўскага была прадметам жартаў і насмешак з боку настаўнікаў, але ён не зварачаў на гэта ўвагі, сам смяяўся і тлумачыў, што бараду ён носіць для «фацэціі». Апрануты настаўнікі былі хоць і не дужа багата, але ўсё ж такі на гарадскі лад, а некаторыя нават і фарсіста. Шапкі насілі яны чорныя і белыя летнія — з шырокімі круглымі вярхамі, з машастовымі аколышкамі. Былі, праўда, настаўнікі і без шапак, без пільчакоў, у адных толькі верхніх кашулях.

Калі гутарка і шум трохі сціхлі, Садовіч звярнуўся да настаўнікаў:

— Таварышы! Давайце прыступім да справы, дзеля якой, уласна кажучы, мы і сабраліся тут.

— Паколькі мы сабраліся для таго, каб назаўсёды скінуць з сябе адзежу «ветхага Адама»,— азваўся Іван Тадорык,— дык давайце наўперад пакупаемся ў Нёмане, а наш сход не мядзведзь, у лес не ўцячэ. Прыступім да важнай справы з чыстым сумленнем і з чыстым целам.

— Вось ты мне заўсёды псуеш абедню! — напусціўся на Тадорыка Садовіч.— Правядзём сход,— а ён будзе нядоўгі — і тады змыеш твайго «ветхага Адама». Як народ мяркуе? — спытаў ён настаўнікаў.

— Наўперад сход, купацца потым! — загулі ўсе, у тым ліку і Лапаткевіч і Гулік. Ім, відавочна, хацелася хутчэй развязацца з гэтым небяспечным сходам, а далей будзе відаць.

— Калі так, то пяройдзем да справы,— урачыста абвясціў Садовіч.— Таварышы! — казаў ён далей.— Як водзіцца ўсюды на свеце ў такіх выпадках, нам трэба выбраць старшыню сходу і сакратара. Каго выберам за старшыню? Я раю выбраць Нічыпара Янкаўца.

— Хто палку ўзяў, той і капрал,— адгукнуўся Нічыпар.— Будзь ты старшынёю... Хлопцы! я прапаную выбраць Садовіча: ён у такіх справах мастак.

Настаўнікі зашумелі. Адны называлі Нічыпара, другія — Садовіча. Старшынёю сходу быў выбраны Садовіч, а сакратаром — Райскі.

Стаўшы старшынёю сходу, Садовіч адразу перамяніўся. Рысы яго твару зрабіліся строгімі, вочы — грознымі, грудзі яшчэ болей падаліся ўперад, і голас зазвінеў па-новаму.

— Таварышы! Сягонняшні сход — важнейшая падзея ў нашым настаўніцкім жыцці,— пачаў ён.— Мы жывём у такі час, калі ўсе лепшыя людзі Расіі аддаюць сваю волю і энергію на барацьбу з царызмам, за раўнапраўнасць і свабоду народа. Ніякія кары царскіх прыслужнікаў не могуць спыніць барацьбу. Царскі трон захістаўся...

— Але цар з трона не скінуўся,— заўважыў Тадорык.

— Вось мы і павінны скінуць яго! — грозна сказаў прамоўца.— Наш святы абавязак — развязаць вочы народу. Наш доўг перад народам — арганізавацца ў рэвалюцыйны настаўніцкі саюз, далучыцца да Усерасійскага настаўніцкага саюза і агульнымі намаганнямі, па адной праграме, павесці барацьбу за вызваленне народа з ярма царскага самаўладства, за зямлю і за волю.

Гаварыў Садовіч даволі доўга і даволі складна. Не адзін са слухачоў, у тым ліку і Лабановіч, падумаў: «А добра гаворыць Бас!» і ўпотайку пазайздросціў яго красамоўству.

— Наш доўг,— скончыў сваю прамову Садовіч,— арганізаваць сягоння ж настаўніцкі саюз барацьбы з царызмам. Дык абмяркуем гэта. Хто хоча сказаць?

— А што тут абмяркоўваць і што казаць? — страсянуў доўгімі валасамі Нічыпар Янкавец.— Справа ясная — такая арганізацыя патрэбна! — і, скончыўшы прамову, ён рашуча махнуў рукою.

— Вядома, патрэбна! — падхапілі настаўнікі. Нават Гулік і Лапаткевіч праявілі тут некаторую ваяўнічасць.

— Я гэтак думаў, і ўсе мы так думаем,— сказаў у заключэнне Садовіч.— Нам, сябры, трэба аформіць нашу пастанову.

— А якая пастанова? — запытаў Лапаткевіч.

— Такая,— адказаў Садовіч.— 9 ліпеня 1906 года, гэта значыць сягоння, мы, ніжэйпадпісаныя, пастанавілі: 1. Арганізаваць настаўніцкі саюз. 2. Паставіць сабе задачу — змагацца з самадзяржаўным ладам... Больш падрабязна мы абмяркуем дома і запішам, бо ў нас тут ні паперы, ні чарніла няма,— перапыніў сам сябе Садовіч.

— Валяй! — махнуў рукою Лапаткевіч.

На гэтым настаўніцкі сход на Прыстаньцы быў скончаны, і яго ўдзельнікі, паскідаўшы з сябе ўсё, пайшлі ў Нёман — змываць «ветхага Адама».

XXVII

Лабановіч крыху іначай уяўляў сабе сход. Ён спадзяваўся большай урачыстасці і паважнасці ў гэтай справе. А выйшла шмат прасцей. Не давялося яму нават выступіць з дакладам, над якім нямала памазоліліся мазгі. Карацей сказаць — не хапала належнай сур’ёзнасці. А гэта тлумачылася тым, што сярод настаўнікаў не было асоб, прайшоўшых рэвалюцыйную школу на практыцы.