Выбрать главу

Вярнуўшыся з Прыстанькі з усімі асцярогамі, настаўнікі разышліся хто куды, з тым, аднак, каб вечарам сабрацца ў школе для абмеркавання пастановы і падпісаць яе. Садовічу, Райскаму і Тукалу даручылі напісаць пратакол настаўніцкага сходу і адрэдагаваць пастанову.

У пастанове былі запісаны чатыры пункты:

1. Арганізаваць саюз настаўнікаў на падставе пастановы сходу ад 9 ліпеня 1906 года.

2. Саюз ставіць сабе асноўнай мэтай — весці барацьбу з самадзяржаўным ладам шляхам прапаганды ідэй рэвалюцыі сярод насельніцтва і распаўсюджвання рэвалюцыйнай літаратуры. Кожнаму члену арганізаванага настаўніцкага саюза ставіцца ў абавязак — стварэнне на месцах рэвалюцыйных ячэек з мэтай прыцягнення найбольшай колькасці членаў у саюз.

3. Арганізаванаму настаўніцкаму саюзу далучыцца да Усерасійскага саюза настаўнікаў і ўвайсці з ім у цесныя зносіны.

4. Для вядзення спраў саюза выбіраецца бюро ў складзе трох асоб: Садовіча, Райскага і Тукалы.

На змярканні ў школе сышліся настаўнікі для зацверджання пратакола; пры гэтым пільнасць з боку Садовіча была павышана: на вуліцы і ў канцы сяла стаяла варта, хоць усё было ціха і лагодна. Пратакол быў прыняты з папраўкаю Івана Тадорыка да першага пункта пастановы: замест «з самадзяржаўным ладам» было прынята «з самадзяржаўным рэжымам», што, па думцы Тадорыка, зніжала ступень адказнасці ў выпадку правалу.

— Ну, браткі, віншую! — сказаў усхваляваны Садовіч. Ён вельмі блізка прымаў да сэрца гэты акт рэвалюцыйнага настрою, за што высока падымаў яго ў мыслях Лабановіч.— Дазвольце мне, як старшыні сходу і нашага бюро, падпісацца першаму,— дадаў ён.

I Садовіч першы падпісаўся пад пратаколам.

Янка Тукала не мог стрымацца, каб не пажартаваць.

— Брава, Бас! — пахваліў ён Садовіча.— Гэта добры знак, што раней бацькі ў пекла ніхто не палез... Ну,— звярнуўся ён да настаўнікаў,— каму абрыдла настаўніцтва і хто хоча казённай кашы — падпісвайся!

Жарт спадабаўся настаўнікам. Гэта быў і не жарт, а хутчэй выклік, перад якім ніхто не хацеў спасаваць. Каля стала, дзе ляжаў пратакол, зрабілася завозна: кожнаму хацелася паказаць, што казённай кашы ён не баіцца. Не хапала толькі трох подпісаў: Гуліка, Лапаткевіча і Дзеда Хрушча. Іх на гэты час не было тут, ды на гэта ніхто і ўвагі не звярнуў — прыйдуць, падпішуцца.

З поваду такой важнай падзеі настаўнікі наладзілі прыяцельскі банкет: выпілі гарэлкі і закусілі традыцыйнай рэдзькаю, запраўленай кіслым малаком. Праспявалі некалькі песень: аб тым, як «Царь испугался, издал манифест — мёртвым свободу, живых под арест», і «Тытулярнага саветніка».

Толькі пад поўнач пачалі разыходзіцца настаўнікі. На кватэры ў Садовіча засталіся — сам гаспадар, Райскі, Тадорык, Янкавец, Лабановіч і Тукала. У пакоі значна пацішэла. Райскі як сакратар палажыў на стол пратакол сходу, прагледзеў яго, прачытаў подпісы, зрабіў сякія-такія нататкі на асобным лістку паперы. Тукала, скінуўшы хадакі, тупаў каля кніжнай шафы, час ад часу перакідаючыся жартамі то з тым, то з другім. Садовіч і Янкавец шпацыравалі па пакоі і ціха аб чымсьці гутарылі. Тадорык, прысеўшы каля адчыненага акна, іграў на скрыпцы нейкія музычныя імправізацыі, цалкам аддаючыся ім.

Лабановіч сядзеў на абадранай канапцы насупраць Райскага, слухаў, як гаманіла скрыпка ў здольных руках Івана Тадорыка. Яе гукі плылі кудысь у прасторы не дужа цёмнай летняй ночы. Слухаў і думаў. Яму здавалася, што ўжо даўно-даўно было тое, калі ён выпраўляўся ў дарогу з Верханя. Страцілася адчуванне часу, бо сцерліся абыклыя межы, якімі аддзяляецца адзін момант ад другога. Не так даўно ішоў ён з Верханя, заходзіў на хутар... Ніхто яго там не сустрэў, і нашто было заходзіць?.. I толькі цяпер усведаміў ён, што ўжо другую ноч не клаўся спаць. Успомніў, што ў кішэні ляжыць даклад, не скарыстаны на гэтым сходзе. Можа, прачытаць яго зараз хлопцам, што засталіся на кватэры Садовіча?.. Не — час для яго прайшоў! Чаму ж прайшоў?.. Эх, і колькі ж марна траціць чалавек сваіх намаганняў, энергіі!

I раптам здарылася нешта зусім нечаканае. Дзверы ў пакой расчыніліся з незвычайнаю сілаю і грукнулі ў сцену так, што пасыпаўся тынк. Сухі, высачэзны, сівабароды, як бог Саваоф з цёмнай хмары, панямонскі ўраднік Кабяк уварваўся ў пакой. Крыкнуўшы: «Ні з месца!» — маланкай рынуўся на стол. Адно імгненне — і пратакол апынуўся ў руках кашчэя-ўрадніка! У гэты ж момант з расчыненых дзвярэй важна, як ваявода-пераможца, увайшоў станавы прыстаў, а за ім — паліцэйскія стражнікі. Усё гэта адбылося так нечакана, што настаўнікі аслупянелі, як прышыбленыя громам. Тадорык апусціў скрыпку і смык, стаяў бледны, як труп. Райскі ўскочыў з месца і застыў: паехаў пратакол у паганыя рукі! Тукала прыпёрся спінаю да шафы. Лабановіч, як сядзеў на канапцы, так і застаўся сядзець — праваліліся, засыпаліся, і так глупа! Садовіч праз кухню кінуўся ў акно. Пад акном стаяў паліцэйскі стражнік і прыкладам павярнуў Садовіча назад. Садовіч, узбуджаны, сярдзіты, накінуўся на прыстава: