— Чаму вы дазваляеце сваім стражнікам біцца?
Прыстаў спакойна, нават лагодна адказаў таксама запытаннем:
— А хто вам казаў кідацца ў акно?
Болей за ўсіх вытрыманым і спакойным аказаўся Нічыпар Янкавец. Ён звярнуўся да прыстава:
— Скажыце, вас, напэўна, падвысяць па службе?
Прыстаў, яшчэ малады і даволі просты чалавек, паціснуў плячамі.
— Магчыма,— сказаў ён і загадаў урадніку: — Зрабіць вобыск!
Ураднік і два стражнікі падышлі да шафы са школьнымі кнігамі і рознымі паперамі. Садовіч не дужа быў акуратны ў дачыненні да справаводства, і гэта ўскладняла справу ўрадніка і стражнікаў, рабіўшых вобыск.
Лабановіч усё сядзеў на той жа канапцы. Яго займала адна думка: як знішчыць даклад, каб не папаў ён у рукі паліцыі? Гэты даклад — небяспечны сведка не толькі супраць Лабановіча, але і супраць усіх удзельнікаў настаўніцкага сходу. Тым часам першыя хвіліны страху і аслуплення прайшлі, і настаўнікі ажылі. Тадорык узяўся за скрыпку і пачаў выігрываць матыў гімна — «Коль славен наш Господь в Сионе». Янка Тукала, адышоўшыся ад шафы, дзе капаліся ўраднік і стражнікі, заспяваў песню, зложаную невядомым песняром пра вобыскі:
У курсистки под подушкой
Нашли пудры с пол-осьмушки.
У студента под конторкой
Пузырек нашли с касторкой —
Динамит — не динамит,
А при случае палит.
Нічыпар Янкавец, рашучы і нахмураны, хадзіў па пакоі. Садовіч прысеў на канапку побач з Лабановічам. Прыстаў стаяў каля дзвярэй і чытаў пратакол сходу. Каля прыстава былі два паліцэйскія стражнікі. Выбраўшы зручны момант, Лабановіч употайку выняў даклад з кішэні, палажыў яго на канапку за спіну і паціхеньку скуб лісток за лістком на дробненькія кавалачкі.
У пакой, як бура, уварваўся Дзед Хрушч. Аддыхаўшыся і акінуўшы поглядам усіх прысутных, паліцыю і сваіх сяброў, ён гучна прамовіў:
— Ледзь-ледзь праціснуўся цераз натоўп. Ну, і народу ж сабралася.
Глянуўшы на прыстава і ўбачыўшы ў яго руках пратакол, ён сказаў:
— Дайце мне пратакол!
Прыстаў збянтэжыўся, а потым запытаў:
— А нашто вам?
Дзед Хрушч брава заявіў:
— Я яшчэ не распісаўся!
Прыстаў даў пратакол. Дзед Хрушч прысеў за стол, узяў ручку, памачыў у чарніліцы пяро і выразна, хоць і выкрунтасіста, вывеў сваё прозвішча, пасля чаго па-рыцарску вярнуў пратакол прыставу.
У гэты час са двара ўбег устрывожаны стражнік і нешта шапнуў прыставу на вуха. Прыстаў таксама ўстрывожыўся, але вытрымаў паўзу, затым акінуў позіркам настаўнікаў і пакойчык і падаў знак спыніць вобыск. Янка Тукала борздзенька падаставаў пустыя бутэлькі з-пад гарэлкі і выставіў іх на стол.
— Гаспадзін прыстаў,— звярнуўся ён да прыстава,— захапілі б з сабою і гэтыя «рэчавыя» доказы нашай крамолы.
Не жадаючы ператвараць свой візіт у насмешку, прыстаў пакланіўся настаўнікам, узяўшы пад казырок, і разам з ураднікам і стражнікамі пакінуў школу.
Дзед Хрушч падміргнуў сябрам.
— Давялося прыставу даваць драпака.
Сапраўды, не прайшло пяці хвілін пасля налёту паліцыі, як каля школы пачалі збірацца сяляне. Сышлося іх ужо больш за сотню, а натоўп усё рос і рос.
Калі паліцэйскія на чале з прыставам з’явіліся на ганку, Раткевіч з натоўпу сказаў услед:
— Што, закінулі невадок?
А хтосьці дадаў:
— Ганялі ганчакі зайца, ды не злавілі.
XXVIII
Прыстаў спяшаўся недарма. Яго напалохаў натоўп сялян і іхні варожы настрой да паліцыі. Прыйшлося вымятацца, не закончыўшы вобыску і нікога не арыштаваўшы.
— Няхай бы паспрабавалі арыштаваць — мы паказалі б ім арышт! — ваяўніча заяўлялі сяляне.
— Хлопцы! — звярнуўся Садовіч да настаўнікаў.— Трэба выступіць перад народам!
— Трэба, непрыменна трэба,— горача падтрымаў прапанову Андрэй, а за ім і большасць настаўнікаў.
— Хто ж будзе выступаць? — запытаў Садовіч.
— Ты тут гаспадар, табе і трэба выступіць! — пачуліся дружныя галасы.
— Ты ўжо, брат, і руку набіў на прамовах,— заахвочваў Садовіча Янка Тукала.
Прысудзілі выступіць Садовічу. Настаўнікі выйшлі на ганак. Сяляне занялі ўвесь цесны дворык каля школы.
— Увага, таварышы! — громка гукнуў Садовіч.