Натоўп змоўк, заварушыўся і шчыльней збіўся перад ганкам.
— Таварышы, браты, землякі! — адразу з высокага тону пачаў Садовіч сваю прамову.— На вашых вачах адбылася падзея, для нас, настаўнікаў, не дужа прыемная. Яна была б яшчэ болей непрыемнаю, калі б вы, дарагія браты, не падаспелі сюды ў час. I калі мы зараз стаімо перад вамі на гэтым ганку яшчэ вольныя, дык толькі таму, што вы прыйшлі на дапамогу нам. Паліцыя спалохалася і дала драла. Праўда, у руках прыстава апынуўся пратакол нашага настаўніцкага сходу, намі падпісаны, што вельмі прыкра і небяспечна.
— Чаму ж вы не далі нам знаку? Мы б з іхняга горла вырвалі пратакол! — пачуўся грозны голас Мірона Шуські.
— Усё здарылася раптоўна і нечакана,— панізіў голас Садовіч.— Мы і варту былі паставілі, ды знялі, не ў часе заспакоіліся. Але, таварышы, покі мы жывы, мы не згорнем бездапаможна сваіх крылляў, будзем весці барацьбу далей — за нашу волю, за зямлю, за нашы людскія правы. Ёсць на свеце праўда і справядлівасць — перамога будзе за імі. Рэвалюцыйны рух не спыняецца. Да нас далятаюць, і штораз грамчэй, галасы змагароў-рэвалюцыянераў з падполля, з цёмных руднікоў сібірскай катаргі, ад людзей, змушаных пакінуць сваю радзіму, але не парываючых з ёю святой сувязі. Усё мацней разносіцца па зямлі голас волі, заклік да барацьбы з царскім самаўладствам. I гэты голас гаворыць нам: Гарапашнікі! Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся! Гуртуйце сілы! Сіла ж у нашай злучанасці — усе за аднаго і адзін за ўсіх! Цешыцца царскае самаўладства, што прыдушыла рэвалюцыю. Мы ж напомнім яму: цешыўся старац, што перажыў марац, ажно ў маю нясуць яго да гаю.
Няхай жыве і не заціхае барацьба за шчасце працоўных людзей!
Няхай жыве рэвалюцыя!
Настаўнікі, а за імі і мікуціцкія сяляне заспявалі:
Смело, товарищи, в ногу!
Толькі калі пачало развідняцца, сяляне пакрысе разышліся па хатах. Крыху счакаўшы, з’явіліся Лапаткевіч з Гулікам. Яны рабілі выгляд, нібы вельмі шкадуюць, што спазніліся падпісаць пратакол.
У настаўнікаў настрой быў зніжаны, асабліва ў Садовіча і ў тых, што заставаліся на яго кватэры. I як далі яны такога пудла! Варту знялі тады, калі яна была найболей патрэбна. Дапусціліся да таго, што пратакол папаў у рукі паліцыі. Дасталося Райскаму і Лабановічу: чаму яны не парвалі пратакол, калі на яго налятаў ураднік? I яшчэ болей было нападак на Дзеда Хрушча. Ну, што яму значыла, залучыўшы ад прыстава пратакол, парваць гэты важны дакумент на кавалачкі!
— Шкада, што нас не было! — абурліва сказаў Лапаткевіч.
Нічыпар Янкавец сярдзіта глянуў на яго і на Гуліка. Ён адчуваў некаторую няёмкасць за тое, што прывёз з сабою такіх смелякоў, што ўмудрыліся не распісацца ў пратаколе, а цяпер яшчэ задаюцца. Нічыпар прыгразіў ім:
— Напішу прыставу, каб далучыў да пратакола і вашы подпісы! — І, страсянуўшы чупрынаю, прамовіў: — Эх ты, чорт! Чаму я не дагадаўся даць рублёў дваццаць пяць прыставу! Вярнуў бы пратакол, ну, знішчыў бы. А напісаць новы не такая ўжо трудная справа.
На ўсе нападкі і на ўсе запозненыя разважанні Лабановіч заўважыў:
— Ёсць у яўрэяў такая прыказка: «Дай, Божа, майму дзіцяці той розум наўперад, што да мужыка прыходзіць потым».
Кінуўшы погляд на пакойчык, дзе зараз усё было параскідана, засмечана, на расчыненую шафу і груды кніг і папер каля яе, на батарэю пустых пляшак ад гарэлкі і на шматкі свайго даклада пад сталом і пад канапкай, Лабановіч прыгадаў адзін сказ, што пісаў колісь пад дыктоўку ў гэтай жа школе, і ўголас вымавіў яго:
— «Где стол был яств, там гроб стоит»... Эх, хлопцы, хлопцы! — у засмучэнні гаварыў далей Лабановіч.— Лягчэй за ўсё шукаць вінаватых. Ды якая ў тым карысць? Ты ж, Алесь,— звярнуўся ён да Садовіча,— не згрызайся! У каня чатыры нагі, і той спатыкаецца. Памятаеш, як у Гогаля сказана? «Зачапіў, пацягнуў — сарвалася...» Ну, што ж? Слязамі бядзе не паможаш, а справу рабіць трэба. Жыццё ўсё наперадзе, хлопцы! Нават біты на вайне Мікалай Другі выбіў медаль для сваіх салдатаў і напісаў на ім, праўда, не сам — другія напісалі: «Няхай узнясе вас Бог у свой час». А мы давайце выражам медаль і напішам на ім: «Узнясёмся і мы ў свой час!» Дык так, хлопцы: вешаць галавы не трэба. Будзем глядзець на рэчы цвяроза — павыганяюць нас са школ, як крамольнікаў. Ды не ў школах свет клінам сышоўся. Засудзяць, ну і што ж?
— Правільна, стары,— падтрымаў Лабановіча Уладзік Сальвэсяў і зараз жа зацягнуў:
Вихри враждебные веют над нами...
Настаўнікі дружна падхапілі песню. Спявалі з пачуццём, натхнёна. Апаўшы настрой падняўся ізноў. I сапраўды: што гэта было б за жыццё, калі б яно плыло павольна, размерана, без усякіх крутых паваротаў?