Выбрать главу

— Ведаеш, Бас: давай пройдземся ў Панямонь.

У Янкаўца злажыўся ў дарозе свой план. Калі яны засталіся адны з Садовічам, Нічыпар сказаў:

— Дабром уся гэта квэстыя не скончыцца. Табе ж прыйдзецца горш, як іншым. Ты даўно на падазрэнні ў паліцыі, і начальства глядзіць на цябе, як мачыха. Паліцыя ведае і пра лісткі, што вы раскідалі ў ваколіцы Мікуціч. А тое, што нас накрылі ў тваёй школе, яшчэ болей узмоцніць тваю адказнасць. Дык вось што я надумаўся: давай махнём у Амерыку. Грошы ў мяне трохі ёсць, рахманага агента мы знойдзем. Раздабудзе нам пашпарты, і мы рушым за добрае надвор’е, узяўшы ўсю віну за настаўніцкі з’езд на сябе, аб чым і паведамім паліцыі.

Садовіч быў хлопец гарачы. Аднак ён трохі пахістаўся.

— Чорт яго, брат, ведае. Ніколі аб гэтым не думаў,— прызнаўся ён.

— А ты падумай. Лепш ветру ў чыстым полі, чым за высокімі агароджамі.

Садовіч крыху памаўчаў, падумаў, а потым рашуча і з захапленнем вымавіў:

— Згодзен! Чым чорт не араў, тым і сеяць не стаў. Хоць свету пабачым.

Сваю змову яны трымалі ў строгім сакрэце. I толькі месяцы праз два, ужо з-за граніцы, прыслалі бліжэйшым сябрам вестку аб сваёй эміграцыі.

XXIX

Лабановіч застаўся адзін. У першыя хвіліны яго ахапіў жаль да сваіх сяброў, з якімі ён нядаўна развітаўся. Асабліва шкада было Янку Тукалу і Алеся Садовіча. Чатыры гады прабылі яны ў настаўніцкай семінарыі як землякі і найлепшыя дружбакі. Многа малюнкаў і нічым не зганьбаваных перажыванняў засталося ў мінулым. Аб гэтым зараз можна толькі з прыемнасцю ўспамінаць.

Янка Тукала правёў Лабановіча да самай чыгункі. Тут яны спыніліся. Янка надумаўся пайсці ў сваю школу, перагледзець на ўсякі выпадак кнігі і брашуры. А потым ён ізноў вернецца ў Мікуцічы да Садовіча або да бацькоў.

— Ну, Андрэйка,— прамовіў урачыста Янка, трымаючы руку сябра ў сваёй.— Няхай будзе над табою благаславенне святой гары!

— Бывай, Янка! Не смуткуй, браток, і не падстаўляй спіны ветру, калі ён падзьме на цябе, а ідзі насустрач яму,— так гаворыць табе верханскі Заратустра. Пішы мне, а я цябе пісьмамі не пакрыўджу.

Народу на вакзале было мала. Лабановіч узяў білет, акінуў вокам станцыю. Нічога небяспечнага ні тут, ні на пероне ён не заўважыў. Але прыказка гаворыць: хто ўкраў парася, у таго ў вушах пішчыць. Часу да прыходу поезда заставалася хвілін дваццаць. Лабановіч падышоў да буфета, узяў бутэльку піва і закускі. Выбраўшы зацішны куток, прысеў за столік. Выпіў адну шклянку і другую. Дзве бяссонныя ночы стамілі яго. За ўвесь гэты час ён ні разу нават не прылёг. Выпітая бутэлька піва зашаламіла галаву. Салодка-журботны настрой авалодаў ім. Ён успомніў сваю маці, братоў, сясцёр, дзядзьку Марціна. Меўся праведаць іх. Але сход скончыўся так, што паказвацца ў сваім родным вогнішчы было цяжка. Што скажа ён дома? Там жа, напэўна, і зараз ужо вядома, што іх Андрэй быў у Мікуцічах, вядома, чым усё скончылася. Яго зразумеюць і хоць, можа, трохі пакрыўдзяцца, але злавацца не будуць.

Ужо заходзячы ў вагон, Лабановіч успомніў і Янку Тукалу як апошнюю нітку, што звязвала яго з тутэйшымі дарогамі і сябрамі. Дзе цяпер Янка? Сунецца дзесь адзін у сваю Ячонку і напэўна адчувае адзіноцтва, страх і трывогу перад невядомымі праявамі наступных дзён... Як хацелася яшчэ раз паглядзець на свайго разважлівага друга, паціснуць руку і сказаць:

— Янка, трымайся! Не апускай галавы! Ідзі смела насустрач заўтрашняму дню!

Без малога ў поўдзень прыбыў Лабановіч на сваю станцыю. Здаралася і фурманка, але настаўнік пашкадаваў рубля, бо невядома, што будзе далей, і патрапаў пехатою дахаты. Ён выбраў другую дарогу, што значна спрошчвала адлегласць да Верхані і пакідала ўбаку хутар Антаніны Міхайлаўны. Хацелася хутчэй дайсці да свае школы ды адпачыць, бо ўжо трэцюю пару не спаў, застаючыся ўвесь час на нагах. Адчувалася такая стомленасць, што нават трудна было сабраць мыслі, абмеркаваць усё, што здарылася за апошнія тры дні.

Нарэшце дарога скончылася. Вось і школа і воласць насупраць яе. Як узрадуецца пісар Васількевіч, калі даведаецца аб правале свайго нязноснага суседа!

— Вярнуўся мой вандроўнічак! — радасна сустрэла бабка Параска настаўніка.— Ну, як жа вам ездзілася?

— I ездзілася, і хадзілася, і вось вярнуўся.

— Ну, і дзякуй Богу!

Бабка Параска пайшла ў кухню збіраць абед. Турсевіч быў дома, сядзеў за сталом, аблажыўшыся падручнікамі. Ён парывіста ўскочыў, шумна сустрэў прыяцеля, моцна патрос яму руку.

— Явіхся есі? — на царкоўнаславянскі лад запытаў вандроўніка і, паглядзеўшы на яго, дадаў:— Ды нешта ж ты, брат, зблажэў!