— Эх, друг ты мой сардэчны, таракан запечны! Дай Божа ніколі не з’яўляцца табе дадому, як я!
Уся прыўзнятасць Турсевіча раптам апала. Ён яшчэ раз акінуў поглядам Лабановіча, нібы хочучы ўгледзець яго прытоеныя мыслі, і ўжо іншым голасам запытаў:
— А што здарылася?
Лабановіч без усякіх хітрыкаў, проста і праўдзіва, расказаў аб усім, што адбылося ў Мікуцічах.
Спахмурнелы Турсевіч сядзеў і слухаў. Цяжка было ў яго на душы. Не хваліў ён у мыслях маладых настаўнікаў, але нічога пра гэта не казаў. Калі Лабановіч скончыў невясёлае апавяданне, Турсевіч журботна паківаў галавою.
— Та-ак! — працягла прамовіў ён.— Справа, брат... гм! не таго!
Увайшла бабка Параска, хуценька накрыла стол. Пры яе з’яўленні настаўнікі змоўклі, але яна зразу заўважыла, што «манашак» прыехаў з нядобрымі навінамі, ды распытвацца зараз пры госцю лічыла нязручным. Бабка выйшла з пакоя і зараз жа вярнулася, паставіўшы на стол хлеб і халаднік. Яна ведала, чым дагадзіць свайму настаўніку.
— Вось дзякую, бабка, за халаднік! — сказаў Лабановіч, падсаджваючыся да стравы.
Бабка Параска зірнула на яго, уздыхнула.
— Ну, то ешце на здароўе! — і выйшла з пакоіка.
Турсевіч паабедаў ужо. Ён сядзеў, маўчаў і штось думаў.
— Ну, што ж, брат,— сказаў, папалуднаваўшы, Лабановіч.— Пайду спаць. Вось як выйшаў тады, дык і не клаўся. Адпачну, а заўтра відней будзе.— Ён зірнуў на Турсевіча і дадаў: — Пагуляў казак на волі, трэба і адпачыць.
Турсевіч чмокнуў, журботна паківаў галавою:
— Гуляў і дагуляўся!.. Эх, Андрэй!.. Ну, ды нічога не паробіш.
Лабановіч спыніўся ў дзвярах бакавушкі і сказаў:
— Перамелецца, мука будзе.
— Можа, мукá, а можа, і мýка,— заўважыў Турсевіч.
— А што такое мýка? — запытаў Лабановіч і сам адказаў: — Мýка — гэта ўсё тое, што прычыняе нам боль і непрыемнасць. Вось нас павыганяюць са школы з воўчым білетам, аддадуць пад суд, пасадзяць, можа, і ў астрог або вышлюць, і мы будзем мучыцца. А хіба такіх мала? А хіба мільёны простых людзей не мучацца пад пятою царскіх сатрапаў, памешчыкаў і тысяч іншых абдзіралаў?.. Ды для мяне зараз даражэй за ўсё на свеце — сон.
Лабановіч прысеў на пасцелі, зняў хадакі, пільчак, палажыў галаву на падушку і зараз жа заснуў.
Турсевіч застаўся адзін за сталом. Спакой яго быў парушаны. Яму шкада было прыяцеля. А горш за ўсё дык гэта тое, што сам чалавек вінаваты ў сваім няшчасці. Як дапаможаш яму, і што ён гэтым давёў? Было ўжо раз папярэджанне, дык не: нічому яно не навучыла яго. А яшчэ і казырыцца, нібы ён учыніў вялікі подзвіг... Эх, брат, жыццё пражыць — не поле перайсці!
Некалькі разоў Турсевіч ціхенька прайшоўся па пакоіку. Асцярожна зазірнуў у бакавушку. Лабановіч ляжаў спакойна на правым баку, падпёршы плячом падушку. Сон авалодаў ім так моцна, што нават трудна было заўважыць дыханне. Турсевіч нахіліўся над сябрам: «Вось цяпер ты шчаслівы, бо нічога не думаеш»,— падумаў ён, адыходзячы.
Новая думка мільганула ў свядомасці Турсевіча і адагнала ўсе іншыя: а ці добра заставацца цяпер у школе небяспечнага ў палітычным сэнсе настаўніка? Ці не пашкодзіць гэта акалічнасць яму, Турсевічу? I нібы ў падмацаванне яго разваг на памяць прыйшлі выразы: «З кім павядзешся, ад таго і набярэшся», «Скажы, з кім ты сябруеш, я скажу, хто ты».
Яшчэ большы неспакой агарнуў Турсевіча. Цяпер Лабановіч у яго думках адышоў на задні план. Прыхапіўшы з сабою падручнік, Турсевіч выйшаў з кватэры, каб на вольным паветры абмеркаваць усё і прыняць нейкае пэўнае рашэнне.
Сказаць праўду, разважаў Турсевіч, усё, што паложана праграмаю, ён даўно праштудзіраваў, бо не сягоння ж прыйшла яму думка паступаць у інстытут. А часу засталося не так ужо і многа. Пакуль заедзе ў сваю школу ды прывядзе ў парадак хатнія і школьныя справы, дык не за гарамі і той час, калі трэба падавацца ў Вільню, трымаць экзамены. I зноў жа — прыехаць туды трэба таксама загадзя.
Думкі Турсевіча пайшлі па той лініі, якая казала, што заставацца тут доўга няма ніякай патрэбы. Такое было прынята і рашэнне.
Пад вечар Турсевіч вярнуўся з пагулянкі. Ён меркаваў, што прыяцель, якога ён, напалоханы, збіраўся пакінуць, ужо абудзіўся і яны па шчырасці пагавораць аб сваіх справах. Але Лабановіч не абуджаўся, ляжаў у той жа паставе. Не прачнуўся ён і ўночы і назаўтра раніцаю. Толькі пасля паўдня, каля таго часу, калі ён лёг спаць, Лабановіч расплюшчыў вочы.
— А я, брат, думаў, ці не летаргічным сном ужо заснуў ты,— сказаў Турсевіч.
— Затое ж выспаўся, як ніколі ў жыцці,— адказаў Лабановіч. Трошкі памаўчаўшы, ён заўважыў: — Можа, яно і не кепска было б, каб заснуць на нейкі год і не прачынацца.