Павесялеўшая бабка Параска паказалася на парозе настаўнікавай кватэры.
— Ну, што я вам казала: усё будзе добра! — прамовіла яна.— Вось ідзіце ды гляньце, што кажуць карты.
— Але ж ты, бабка, нешта вельмі доўга варажыла,— заўважыў Лабановіч.
Бабка хітра ўсміхнулася.
— Бо я хацела як найлепей вываражыць для вас.
Лабановіч дагадаўся, чаму так доўга варажыла бабка, але не сказаў ёй гэтага. Яна ж так хацела, каб усё скончылася шчасліва для настаўніка!
— А што ж там вываражылася? — запытаў ён, каб не пакрыўдзіць такой жычлівай да яго бабкі.
— А вось зайдзіце ды пацікаўцеся.
— Ды я ж нічога не разумею на картах.
— А я вам раскажу, што карты паказваюць.
Восем кучак карт бабка размясціла ў тры радкі: у двух радах па тры тройкі, а ў трэцім — дзве.
— Вось зараз усё відно як на далоні,— прыступіла бабка да тлумачэння і сказала, паказаўшы на першую тройку:
— Ад высокага начальніка да вас прыйдуць дужа прыемныя весткі, якіх вы і не чакаеце.
— Гэта вось ён — высокі начальнік? — запытаў Лабановіч, ткнуўшы пальцам у званковага караля, што быў у першай кучцы карт.
Бабка Параска дакорліва паглядзела на настаўніка.
— Так паказваюць карты,— заўважыла яна.— I не смейцеся, бо можаце спалохаць сваё ўласнае шчасце.
— Ды я, бабка, не смяюся, хоць мне і смешна, што такі бамбіза, як званковы кароль,— высокае начальства.
— А чаму ж не высокае? Кожны можа быць высокім, калі яму пашанцуе і Бог дапаможа... Гледзячы, хто і што яго высока падыме.
— Ды ты, бабка, проста мудрэц! Твая праўда: каму пашанцуе, той і ў лапцях танцуе. Шкада толькі, што верыш у карты.
Бабка хацела перш пакрыўдзіцца, бо ёй здалося, што настаўнік насміхаецца. Але яна стрымалася і толькі з дакорам прамовіла:
— Ну, калі вы не верыце картам, дык нашто і варажыць?
— Мілая бабка Параска! — горача сказаў настаўнік.— Веру я ці не веру, гэта адно. А самае важнае, дык гэта тое, што мне цікава паслухаць, асабліва калі сама варажбітка такая слаўная і разумная, як ты, бабка Параска.
Бабка была зусім абяззброена, а Лабановіч яшчэ дадаў:
— А тое, што я пасмяяўся са званковага караля, дык ты махні рукою — рыжы бамбіза змрочнага выгляду! Я толькі падумаў: хто ж з высокага начальства ўвасобіўся ў вобраз званковага караля? I сам сабе адказаў: гэта наш дырэктар народных школ, стацкі саветнік, барадаты Акаронка. I сапраўды, у яго падабенства ёсць са званковым каралём: абодва барадатыя, абодва гарбаносыя, абодва панурыя. А ўсё разам — абодва дурні.
Бабка Параска не магла ўтрымацца супраць такой жартаўлівасці і весялосці свайго настаўніка і сама разрагаталася. А потым, крута змяніўшы вясёлы настрой, сур’ёзна сказала:
— Вось тое, што вы смеяцёся і мяне рассмяшылі, ёсць той добры знак, што з вамі нічога прыкрага не здарыцца.
I як бы ў пацвярджэнне слоў і варажбы бабкі Параскі на другі дзень Лабановічу прынеслі пакет з воласці. Пакет быў даволі ёмкі. Лабановіч выняў з канверта паперу, дзе за подпісам дырэктара народных школ Мінскай губерні Акаронкі выказвалася падзяка настаўніку Верханскай школы Лабановічу за ўзорную падрыхтоўку вучняў да экзаменаў.
XXXI
Вярнуўшыся з Мікуціч, Лабановіч не адзін раз прыгадваў хутар Антаніны Міхайлаўны, яе самую і сваю вучнёўку Лідачку. Трэба ж усё-такі зайсці да іх і так ці іначай давесці справу з навучаннем да канца. Абставіны ж зараз зусім іншыя: не сягоння-заўтра яго, Лабановіча, са школы звольняць. У гэтым ён ніколечкі не сумняваўся. Не паможа і падзяка дырэкцыі народных школ. Паведамленне паліцыі аб нелегальным сходзе настаўнікаў у Мікуцічах, як відаць, яшчэ не дайшло да высокага начальства. Гэта высокае начальства кожны раз, калі аб ім думаў Лабановіч, нагадвала варажбу бабкі Параскі, а званковы кароль выклікаў сваім панурым абліччам вобраз дырэктара народных школ Акаронкі. Цікава, як паставяцца да настаўніка маці з дачкою, калі даведаюцца, што ён без службы?