На трэці дзень пасля звароту з Мікуціч Лабановіч накіраваўся на хутар так добра знаёмай дарогай. Параўняўшыся з тым ляском, дзе калісь натрапіліся баравікі, настаўнік збочыў з дарогі, патупаў па лесе, а потым прысеў на гладка спілаваны дубовы пень. У лесе было так добра і так ціха, што нават прыкрая прыгода адышла на задні план. Ды з ёю Лабановіч ужо звыкся — яна зараз у мінулым. А жыць трэба сягонняшнім і заўтрашнім. А што ж будзе далей? Ну, зволяць са школы. Куды ж падацца і што рабіць? Розныя думкі снаваліся ў галаве. Лабановіч выйшаў з ляска. Што ім сказаць і як сказаць? — пытаў ён сябе.
Вось і паваротка з бітай дарогі на хутар Антаніны Міхайлаўны. Лабановіч пайшоў паміж палёў, засеяных жытамі і ярыной. Па баках нешырокай маланаезджанай дарожкі, сярод розных траў і кветак, багата рос і ўжо выспяваў пахучы кмен, закраса шмат якой ежы сялянскага ўжытку. I сама вузенькая дарожка, і прыдарожныя травы і кветкі, і гэты духмяны кмен прыгадалі Лабановічу зараз ужо досыць далёкае дзяцінства, калі ён хадзіў па такіх жа сцежках з маткаю ці адзін і не меў у сэрцы ніякага клопату... Эх, шчаслівыя і незваротныя часы!
Лідачка была чамусь упэўнена, што сягоння да іх прыйдзе настаўнік. I той сон, што прысніўся ёй у гэту ноч, як тлумачылі вясковыя жанчыны, азначаў госця. А снілася ёй, што нейкі пачварны жук біўся аб шкло акна, каб заляцець у хату і ўкусіць Лідачку. Калі сон пра жука сапраўды азначае прыход Лабановіча, дык Лідачка на жука зусім не злуецца, бо хто ж для яе можа быць госцем, калі не настаўнік? Усіх іншых яна і за гасцей не лічыць. У гэтыя дні, седзячы адна над падручнікамі, Ліда многа думала аб сваім настаўніку. Яна і сама не магла б сказаць, як і што яна думала аб ім. Ён проста стаяў у вачах, то лагодны і добры, то сур’ёзны і як бы трохі сярдзіты. Не знікаў у думках і той выпадак, як ён асцярожна, крадучыся, падыходзіў да яе за палатняную занавеску, стаяў, нахіліўшыся над вучнёўкаю, стаяў і гадаў, ці жывая яна, ці памерла.
Некалькі разоў выбягала Ліда на двор, выбірала такую мясцінку, адкуль была добра відна паваротка на іхні хутар, і глядзела, ці не ідзе настаўнік. I не таму, што дужа хацела бачыць яго,— разважала яна сама з сабою,— а проста так: мусіць жа нарэшце ён прыйсці. Тым не меней, паглядаючы на дарогу, Ліда азіралася: ёй усё здавалася, што людзі дагадваюцца, чаго яна глядзіць туды, каго выглядае. А калі і сапраўды яна ўбачыла знаёмую постаць настаўніка, сэрца забілася мацней. Хацелася, як і раней, пабегчы насустрач. Але не: гэтага яна не зробіць, бо што падумае маці і што скажуць людзі? Як маладая козачка, шмыгнула яна ў хату. Добра, што там не было маткі — іначай яна заўважыла б хваляванне. Самае лепшае — сесці за стол, паглыбіцца ў падручнікі і ні на кога не зварачаць увагі. Яна выняла з шуфлядкі падручнікі, разгарнула адзін і стала чытаць,— аднымі толькі вачамі. Калі б хто запытаў, што яна чытае, дык не адказала б. Яна проста не бачыла літар, бо думала зусім пра іншае. На шчасце, яна сама гэта заўважыла і толькі цяпер убачыла, што разгарнула падручнік па геаграфіі. Ну, усё роўна — геаграфія таксама патрэбная рэч. Пазіраючы ў кніжку, яна думала, дзе зараз павінен быць настаўнік... Нешта ж яго доўга няма... Ну, што ж? Няма, няхай і зусім яго тут не будзе.
Аднак тут грукнулі дзверы з двара, а затым Ліда пачула мерны тупат ног у сенях. Яшчэ адзін момант, і парог хаты пераступіў той, каго яна чакала.
— О, якая малайчына мая Лідачка! — сказаў Лабановіч, спыніўшыся каля парога.— Падручнікаў з рук не выпускае. Ну, дзень добры, Лідачка!
Настаўнік падышоў да стала і павітаўся з Лідаю за руку.
— А я вот і ведала, што вы сягоння прыйдзеце,— сказала Ліда. Ёй хацелася расказаць пра жука, што прысніўся ў гэту ноч, але стрымалася, бо ставіць у адзін рад жука і настаўніка нязручна. Настаўнік можа пакрыўдзіцца.
— А скуль жа і як ты магла ведаць, што я прыйду сягоння?
Ліда засаромелася, апусціла вочкі ўніз, а потым зірнула на настаўніка.
— Вось ведала — і ўсё,— адказала яна, не ўдаючыся ў далейшыя тлумачэнні.
— Ну, а ўчора ты думала, што я прыйду? — дапытваўся Лабановіч. «Нашто я дапытваю яе?» — прамільгнула ў яго думка.
Ліда ізноў апусціла вочы.
— Думаць думала, а чакаць не чакала,— прызналася яна і зірнула настаўніку ў вочы.
«А ўсё-такі яна слаўная»,— падумаў Лабановіч.