Выбрать главу

У хату ўвайшла Антаніна Міхайлаўна. Лагодная ўсмешка, заіграўшая на яе губах і расчыніўшая бяззубы рот, сведчыла аб тым, што Антаніна Міхайлаўна рада бачыць настаўніка, якога ўжо з тыдзень тут не было. Яна ветла паціснула яму руку. Яе цёмныя вочы засвяціліся прыязным агеньчыкам. У гэту хвіліну яна была нават прыгожаю. Антаніна Міхайлаўна прысела на зэдлік каля стала.

— А мы ўжо і засумавалі тут без вас,— пачала яна гутарку.

Ліда крыху сумелася і апусціла галоўку. Відаць, яна баялася, каб маці не сказала чаго аб іх інтымных гутарках.

— Ну, як жа вам ездзілася? — запытала Антаніна Міхайлаўна.

Пытанне было зусім простае, але не так лёгка адказаць на яго, бо за ім стаяла шмат падзей, цэлы кавалак жыцця.

— У тым-та і ўся сіла, як ездзілася,— крыху памаўчаўшы, азваўся Лабановіч. Яму трэба было выйграць некаторы час. Хоць ён, ідучы сюды, і абдумаў гутарку з Антанінай Міхайлаўнай і Лідаю, але ў іх прысутнасці падрыхтаваныя сказы былі забракованы. У словах настаўніка Антаніна Міхайлаўна адчула ноткі нейкай непрыемнасці, што здарылася з ім у дарозе.

— Ды ўжо ж расказвайце ўсё,— занепакоілася Антаніна Міхайлаўна. Ліда таксама чакала адказу.

— З’ездзіў я так, што, напэўна, праездзіў і сваю Верханскую школу, і сваю настаўніцкую службу,— сказаў Лабановіч.

Антаніна Міхайлаўна і Ліда адразу прымоўклі.

— Як жа вас разумець? — у недаўменні запытала Антаніна Міхайлаўна.— Ці вы проста жартуеце? Як жа так можна праездзіць і школу і настаўніцкую службу?

— А вось так здарылася,— адказаў Лабановіч. Хацелася сказаць усю праўду, але ён стрымаўся: у такіх справах засцярога ніколі не пашкодзіць.— Мы, маладыя настаўнікі,— казаў далей Лабановіч,— даўно збіраліся з’ехацца памеркаваць аб нашых справах, аб тым, што мы павінны рабіць... Ну, і проста, каб пабачыцца і павесяліцца.

— А хіба да гэтага часу вы не ведалі, што павінны рабіць настаўнікі? — іранічна запытала Антаніна Міхайлаўна.

— Ведалі, але не ўсе.

— Нічога не разумею,— паціснула плячамі Антаніна Міхайлаўна.— Ну, расказвайце далей.

— А далей мала чаго засталося расказваць. Нехта, відаць, данёс у паліцыю, што ў сяле Мікуцічы сабралася многа настаўнікаў, а для чаго? Усім жа цяпер вярзецца крамола. Вось уночы і завітаў да нас станавы прыстаў з ураднікам і паліцэйскімі стражнікамі. Перапісалі нас. Ды, праўду сказаць, у гэтым і патрэбы не было, бо самі мы падпісаліся... Па-сапраўднаму — нас павінны былі арыштаваць. Можа, паліцыя гэта і зрабіла б, калі б не збегся народ.— Лабановіч падумаў, ці не сказаў ён такога, чаго б не варта гаварыць.— Ну, вось і ўсё,— скончыў ён сваё кароткае апавяданне.

Антаніна Міхайлаўна выяўна спахмурнела. Ліда сядзела панурыўшыся. Маці і дачка некаторы час маўчалі. Маўчаў і іхні госць.

— I што ж цяпер будзе з вамі? — спытала Антаніна Міхайлаўна.

— Усё можа быць: са службы зволяць, могуць арыштаваць і пад суд аддаць.

Антаніна Міхайлаўна дакорліва паківала галаваю.

— I навошта ж было шукаць сабе ліха? — прамовіла яна.

— А я вам і казала, каб не ездзілі,— ціха заўважыла Ліда, не падымаючы галавы.

— Эх,— уздыхнуў Лабановіч,— каб ведаў, дзе павалішся, там саломкі падаслаў бы... Жывым жа ў зямлю не палезу. I нічога страшнага я тут не бачу. Ці мала народу сядзіць па астрогах і высылках? Ды, можа, яшчэ нічога не будзе.

Каб даць другі кірунак гутарцы, ён выняў і паказаў паперу ад дырэкцыі народных школ — падзяку за добрую падрыхтоўку вучняў да экзамену.

— Было б добра, каб добра скончылася,— недаверліва прамовіла Антаніна Міхайлаўна і цяжка ўздыхнула.

— Заўсёды трэба спадзявацца на лепшае, ды разам з тым не варта быць і занадта бестурботным,— заўважыў Лабановіч.

ХХХІІ

Лабановіч лягчэй уздыхнуў, апынуўшыся за межамі хутарка. Але было такое адчуванне, нібы ён нешта страціў і яму чагось бракуе. Праўду сказаць, не дужа прыемна было гаварыць пра няўдалую паездку ў Мікуцічы.

Прыходзілася выкручвацца, лаўчыцца, каб расказаць усё і ў той жа час сёе-тое і змоўчаць. Інстынкт самазахавання штурхаў яго на такі шлях, бо настаўнік быў упэўнены ў тым, што так ці іначай яму прыйдзецца мець дачыненне з начальствам і даваць тлумачэнне па сутнасці захопленага прыставам пратакола, а можа, адказваць і на запытанні следчага. Гэтага не трэба забываць, да гэтага загадзя трэба рыхтавацца. У сувязі з усім гэтым прыгадвалася размова з Антанінай Міхайлаўнай і Лідаю, іхні настрой, навеяны тою гутаркаю. Ясна, што асаблівай радасці выказваць яны не будуць, пабачыўшы настаўніка ў сваёй хаце. А калі яго выдаляць са школы, дык, можа, на дзвярах іхняй хаты будзе вісець замок. Але як бы там ні было, Лабановіч цвёрда наважыўся давесці да канца справу з падрыхтоўкаю Ліды, хіба толькі яго ногі не будуць вольна хадзіць па зямлі.