Выбрать главу

Лабановіч падышоў да яе і паздароўкаўся.

Панна Ядвіся пазнаёміла яго з памочнікам і запыталася:

— Што гэта вас не відаць?

— А я, бачыце, крыху закапаўся ў школе...

— Уяўляю сабе, якая непрыемнасць сядзець увесь дзень з гэтай вясковай дзятвой. Нанясуць лапцямі гразі, дух цяжкі,— прамовіў Сухавараў.

— Пан Лабановіч закахаўся ў сваю школу,— сказала Ядвіся.

— А можа, у вас, панна Ядвіга? — запытаў памочнік і ўскінуў на яе свае алавяныя вочы.

Відаць было, што памочнік хацеў завалодаць адзін увагаю панны Ядвісі, а настаўніка адцерці. Ён лічыў сябе вельмі цікавым кавалерам, з якім такому настаўніку змагацца ніякім чынам немагчыма.

— О, не! У пана Лабановіча ёсць больш шчаслівейшая ад мяне.

Адзін момант Ядвіся памаўчала, як бы вельмі засмуціўшыся, але з яе вачэй так і сыпаліся іскры смеху.

— Пан Лабановіч аддаў сэрца сваёй бабцы!

Сказала і залілася самым вясёлым сардэчным смехам. Таксама смяяліся і малая Габрынька, і Сухавараў. Смяяўся і пан падлоўчы, які ў гэты момант прыйшоў да гасцей.

А Ядвіся яшчэ дадала:

— Сядуць з бабкаю каля стала і варкуюць да самай поўначы.

«Аднак жа ты ахвотніца смяяцца»,— падумаў настаўнік і таксама адказаў жартліва:

— Ну, што ж? Палюбіць маладую і прыгожую кожны патрапіць, а вось закахацца ў старую, гэта ўжо рэч іншая.

— Так, так,— сказаў Сухавараў,— на гэта трэба мець асаблівы талент.

— У пана Лабановіча і ёсць гэты асаблівы талент,— прамовіла Ядвіся.

— Што гэта, паночку, яна да вас прычапілася? — спытаў пан падлоўчы.

— Не ведаю,— адказаў Лабановіч.— На свеце, пане-суседзе, бывае так, што хто каго любіць, той таго і чубіць.

— Ха-ха-ха! — засмяяўся пан падлоўчы.— Што, Ядвіська, дастала?

А Ядвіся, як і нібыта таго, спакойна, нават сур’ёзна запыталася:

— А хіба ж ужо бабка чубіла вас, пане настаўніку?

— Брава! Брава! — запляскаў у ладкі памочнік.

Падлоўчы Баранкевіч громка засмяяўся.

— Дык вас, пане настаўніку, бабка чубіць? — спытаў ён, не перастаючы смяяцца.

За гэтым агульным смехам Лабановічу не ўдалося нічога адказаць, і верх застаўся за паннаю Ядвісяю.

Размова пайшла па другім кірунку, і гаварыў болей памочнік. Гаварыў ён гладка і востра і часта выклікаў вясёлы смех сваіх слухачоў і слухачак. Панна Ядвіся часта ўскідала на яго свае цёмныя выразныя вочы з-пад тонкіх дужак броваў. Лабановіч маўчаў. У яго было такое пачуццё, як бы ён быў тут зняважаны і пакрыўджаны. А пан Сухавараў вельмі зацікавіў Ядвісю Вільняю і тэатрам. Сам ён крыху спяваў, але толькі пад гітару. Другі раз абяцаўся ён прыйсці з гітарай, бо панна Ядвіся яго вельмі прасіла. За ўвесь гэты час яна ні разу не глянула на свайго суседа — Лабановіча.

— А ты, Ядвіська, калі ласка, заспявай,— звярнуўся пан падлоўчы да дачкі.

— Пан Сухавараў смяяцца будзе,— прамовіла Ядвіся, апусціўшы вочы, а потым ускінуўшы іх на памочніка.

— Што вы? Што вы? — усхапіўся Сухавараў, просячы яе заспяваць.

Ядвіся адышла далей у куток каля кахлянай печы і заспявала:

Ці я ў полі не калінаю была?..

Голас у яе быў малады, свежы, сакавіты. Спявала яна з такім праўдзівым пачуццём, што рабіла вельмі добрае і прыемнае ўражанне.

Лабановіч слухаў гэтыя спевы, і нейкі жаль ахопліваў яго. Яму хацелася падысці да дзяўчыны і запытаць яе: «Скажыце, якое гора ў вас на сэрцы?»

Сухавараў многа і доўга хваліў панну Ядвісю, а яна стаяла, апусціўшы вочы, і, здаецца, чакала слова ад Лабановіча. Настаўнік сумыслу не сказаў нічога.

Развітваючыся пасля вячэры, панна Ядвіся была сур’ёзная і не папрасіла суседа заходзіць да іх вечарамі.

ХІІ

Лабановіч пачуў, што на душы ў яго неспакойна. У чым выяўляўся гэты неспакой, ён і сам не мог вызначыць. Не было цяпер і той цэласці і яснасці, з якой жыў ён тут у першыя дні свайго прыезду. То тое, то другое пачынала забіваць душу, адцягваць і раскідаць яго ўвагу, і ён як бы падзяляўся на асобныя часткі, якія не мелі цеснай сувязі між сабою. Нейкае нездаваленне псавала яго добры настрой.

Лабановіч доўга хадзіў па пакоіку, намячаючы больш-менш сталы і пэўны лад свайго жыцця. Трэба глыбей увайсці ў сябе самога і заняцца чым-небудзь болей важным і сур’ёзным, не траціць час на такое глупства, як марнаванне вечароў у кампаніі асоб накшталт Сухаварава, які нават нічога добрага не бачыць у яго школьнай рабоце. Сухавараў яму не спадабаўся. «Хлюст»,— назваў яго ў думках настаўнік, уявіўшы сабе яго воблік, яго ласыя вочы, якімі ён аглядаў панну Ядвісю, яго крыху звіслую губу. «Грош яму цана!»