— Ох, панічок, не яны заводзілі гэты лад, і не ім разбурыць яго,— тонам безнадзейнасці азвалася бабка.— Ды не мне вучыць вас, панічок. Пэўна ж, вы болей ведаеце за мяне, але вось вы пайшлі супраць несправядлівага ладу, а вам узялі ды ад службы адмовілі.— Яна апусціла нізка галаву і стала хвартухом выціраць слёзы.
Лабановіч падышоў да бабкі Параскі і лёгенька пастукаў яе па плячы.
— Не плач і не гаруй, бабка. Пабачым яшчэ, на чыім баку верх будзе. Мы яшчэ паваюем. А ты ж, бабка, як жыла, дык і будзеш жыць.
Бабка выцерла хвартухом заплаканыя вочы і нос ды моўчкі пасунулася ў бакавушку, каб там паплакаць па сваім «манашку». А можа, яна хацела ў самоце паваражыць на картах, каб дазнацца аб далейшым лёсе настаўніка. Лабановіч у гэты час наважыўся схадзіць да папа.
Айцец Уладзімер сядзеў у садзе, у альтанцы. З ім быў Віктар і незнаёмы малады чалавек, смуглявы, мускулісты, нібы высечаны з каменю. Каля альтанкі стаяў круглы стол, а вакол яго шырокія лаўкі. Лабановіч акінуў іх вокам. Яму прыйшла ў галаву дураслівая думка пераскочыць цераз стол і лаўкі. «Спрабую»,— сказаў ён сам сабе і, ні з кім не павітаўшыся, разагнаўся і перамахнуў.
— Глядзіце, што з яго выходзіць! — пахвальна адгукнуўся а. Уладзімер і дадаў: — Ды ў цябе бес гадарынскі ўсяліўся!
— Брава, брава, настаўнік! Больш за сажань у паветры ляцеў,— азваўся і Віктар.
Смуглявы малады чалавек толькі ўсміхнуўся і аклікнуўся адным словам:
— Здорава!
Лабановіч пазнаёміўся з ім. Яго прозвішча было Дзячэнка. Прыехаў ён да Віктара як да свайго прыяцеля пагасцяваць. Была тут і іншая прычына. Дзячэнка быў начальнікам баявой эсэраўскай дружыны ў адным з украінскіх гарадоў на Дняпры. Паліцыя напала на след і шукала яго. Каб збіць паліцыю з тропу, Дзячэнка ў змове са сваімі сябрамі разыграў камедыю самагубства. У адной тагачаснай газеце з’явілася пісьмо прыблізна такога зместу:
«На дняпроўскай кручы ў раёне г. К. знойдзена запіска невядомага чалавека, які назваў сябе Аўгені Дзячэнка. У запісцы значылася: «Усё абрыдла. Не бачу ніякага сэнсу цягнуць далей лямку, якая завецца жыццём. У маёй смерці нікога не вінавачу. Прымі ж, родны Дняпро, у сваё прадонне незадачлівага твайго сына».
Напісаўшы такую запіску, Дзячэнка прыехаў у Верхань да Віктара і жывіўся ад дароў а. Уладзімера.
Айцец Уладзімер быў у меру выпіўшы і ў добрым гуморы.
— Ты што ж гэта так расскакаўся. Скуль у цябе гэты цялячы настрой? — запытаў ён Лабановіча.
— Эх, бацька Уладзімер: скачуць не толькі з радасці, але і з гора,— заўважыў настаўнік.
— Чуў, чуў, дружа... Эх, вы, мала сабе пад ногі гледзіце, вось і спатыкаецеся,— паўшчуваў баця Лабановіча, а ў яго асобе і ўсіх неасцярожных маладых людзей. Потым запытаў: — Што ж цяпер рабіць будзеш?
— Падумаю, разгледжуся.
— Не прападзе! — упэўнена буркнуў Дзячэнка.
— Ведаеш, што я табе скажу,— гаварыў далей баця не то сур’ёзна, не то жартліва.— Падавайся ў папы. Вось тут у маім прыходзе і аставайся. Будзем удвух Бога хваліць і капейку заганяць, і ніякі нам чорт не брат.
— Кепскі з мяне божы служка,— жартам адказаў Лабановіч.
— Вельмі добрым і не трэба быць. Не дужа ўдавайся ў святасць, бо лішняга і свінні не ядуць, але і лайдаком празмерным не трэба быць, а так сабе: сярэдзінка на палавінку. А ўрэшце як сабе хочаш,— заключыў баця, махнуў рукою, падняўся і пасунуўся ў папоўскія харомы.
— А вам трэба звязацца з партыяй сапраўдных рэвалюцыянераў,— сказаў Лабановічу Дзячэнка,— і стаць членам партыі. Партыя паможа вам у многім. У яе ёсць сувязі, праз яе можна і работу знайсці.
— А ў якую партыю вы мне раіце пайсці? — спытаў Лабановіч.
— У партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Яна, як ніякая іншая партыя, выражае інтарэсы сялянства.
Лабановіч усміхнуўся:
— Кепскі быў бы той сват, які не пахваліў бы сваю маладую. Ну, што ж? Паглядзім ды паслухаем, як яно што. А за добрыя словы — дзякую.
XXXIV
Лабановіч ужо звыкся з думкаю, што ён — адрэзаная скіба ад школы, што хлеб трэба здабываць нейкім іншым спосабам. Ды галавы ён не вешаў. Няўжо ж у гэтым вялікім і шырокім свеце не знойдзецца прытулку для адзінокага чалавека, пакуль ён вольны і нічым не звязаны? Абнадзеіў яго і Дзячэнка, калі раіў шчыльней звязацца з партыяй рэвалюцыянераў, дзе можна мець падтрыманне. Справа толькі ў тым, якую выбраць партыю, каб яна цалкам задаволіла ўсе твае запатрабаванні. А з гэтага выходзіла, што, перш чым звязаць сябе з той ці іншай партыяй, трэба ўважліва прыгледзецца, каб правільна выбраць дарогу. А пакуль што важна адно: не застойвацца на месцы, ні ў якім разе не апускацца ўніз, а ісці наперад, насустрач жыццю і не загубіцца ў ім. У жыцці ж прыгод многа, яно багатае рознымі падзеямі, за якімі расчыняецца нязведаны і нябачаны свет.