У гэты час Лабановічу ўпадабалася бадзянне без рэальнай мэты. Гэтае пачуццё падагрэў прыяцель Янка Тукала. Сягоння Лабановіч атрымаў ад яго пісьмо. Янку таксама зволілі з настаўніцтва, але і ён не сумаваў і бадзёра пазіраў наперад. У пісьме ён прыслаў такі верш:
Глупец! где посох твой дорожный?
Бери его, пускайся в путь!
Пойдешь ли ты через пустыни,
Иль в город пышный и большой,
Не оскверняй ничьей святыни,
Нигде приют себе не строй.
Верш гэты адпавядаў настроям маладых настаўнікаў і захапляў іх сваёю рамантычнаю туманнасцю.
Тым часам надыходзіла восень. Не за гарамі быў і верасень, калі настаўнікі збіраліся пасля канікул у свае школы, як птушкі ў вырай. Толькі яму, Лабановічу, зачынены дарогі ў гэты вырай. Час падумаць аб здачы школы — воласці або непасрэдна свайму заступніку, які мог з’явіцца тут кожны дзень, а самому выбірацца за добрае надвор’е.
Вярнуўшыся аднойчы са сваіх нядоўгіх вандровак па ваколіцах Верханя, Лабановіч сустрэўся з Іванам Анцыпікам. Ён за лета паружавеў, загарэў і нагуляў сабе трохі жырку. Рыжаватыя, невялікія яго вусікі падраслі, і ён часта разгладжваў іх пальцамі. Гэтая аздоба ў вачах Лабановіча рабіла Анцыпіка падобным да гогалеўскага вінакура: вусы былі такія, што здавалася, нібы ўладар іх трымаў у зубах мыш. Анцыпік меў выгляд чалавека, задаволенага сабою, сваім жыццём і сваімі далейшымі планамі. Ён ужо ведаў, якое ліха напаткала яго калегу.
«Вось як дарэчы прыехаў: не будзе клопату са здачаю школы!» — узрадаваўся Лабановіч.
У засмучэнні, як і належыць у такім выпадку, і ў тоне спачування Анцыпік сказаў:
— Сумныя навіны, нядобрыя справы, Андрэй.
Анцыпік меў на ўвазе звальненне Лабановіча.
— А што здарылася, Іване? — прыкінуўся Лабановіч.
— Са мною нічога не здарылася,— зашчоўкаў Анцыпік.— Наадварот, я атрымаў назначэнне ў лепшую школу, у Клінкі. А вось ты... падгуляў ты, брат. А-я-яй! — з дакорам і са спачуваннем паківаў галавою Анцыпік.— Чыя ж праўда? — з выглядам пераможцы запытаў ён і дадаў: — Лезці на ражон нікому не рэкамендуецца. Не чапай нічога, не бойся нікога. Сядзі ціха, не чапай ліха.
— Ведаеш, Іване, расчараваў ты мяне ўшчэнт: я ж думаў, што ты застаешся тут і я здам табе школу, каб не вазіцца з рознымі людзьмі... Ну, але раз так, дык так. Пажадаю табе не ўступаць у канфлікты на новым месцы са станавым прыставам. А што да праўды, дык наўперад выведзем куранят, а палічым іх увосень.
Анцыпік чмыхнуў у нос і шчоўкнуў.
— Не ведаю, што ты будзеш лічыць,— з насмешкаю сказаў ён.
Самазадаволены Анцыпік выяўна адчуваў зараз сваю перавагу над выгнаным са школы Лабановічам.
Яны разышліся. I ніколі больш нічога не чуў аб ім Лабановіч у далейшым.
Пакуль школа не была яшчэ здадзена, Лабановіч адчуваў пад нагамі нейкі юрыдычны грунт, меў законную падставу заставацца там. А здай школу, і гэтай падставы, няхай сабе ілюзорнай, не будзе. Вось чаму здачу ён адкладаў да апошняга часу. Трохі затрымлівала яго тут і Ліда, бо трэба ж было закончыць справу з яе паступленнем у новую школу. Не хацелася таксама і разлучацца з дзяўчынкай, да якой ён прывык, а можа быць, і болей, чым прывык, хоць у гэтым ён і сам сабе не хацеў прызнацца. Апроч таго, ён не ашукваў сябе і не цешыў ніякімі ілюзіямі ў дачыненні да Ліды, бо ведаў, што калі ён выедзе, дык болей з ёю не сустрэнецца. Дый нашто? Яна яшчэ толькі-толькі распускаецца ў прыгожую кветку, з мілага нявіннага падлетка перараджаецца ў маладую дзяўчыну, якая потым на яго, бяздомніка, можа, і глядзець не захоча. Не дужа прыемна было думаць аб гэтым. Ды Ліда ўсё ж такі стаяла ў яго вачах.
Ужо некалькі дзён не хадзіў ён да свае вучнёўкі. А яны там яшчэ не ведаюць, што ён ужо не настаўнік Верханскай школы і наогул не настаўнік. Але гэтага не ўтоіш. I які сэнс таіцца?
Настаўнік, узяўшы кій, сябра свайго вандравання, накіраваўся на хутар Антаніны Міхайлаўны. Быць можа, гэта апошняя вандроўка туды.
Вясёлая, бестурботная Ліда гуляла на сваім дворыку, ганялася за кацяняткам, лавіла яго, туліла да шчакі, штось ласкавае гаварыла яму і цалавала. Маленькі каток, як толькі Ліда пускала яго на дол, задзіраў хвосцік і кідаўся бегчы. Тады Ліда ізноў гналася за ім. Каток хаваўся пад жэрдачкаю плота і перабягаў за плот. Лёгка, як дзікая козачка, Ліда пераскоквала праз плот, каб злавіць хітрага катка.