— Ох, галубок мой! — бабка Параска выцерла слёзы.— Шкада ж мне вас. Здаецца, і роднага сына не было б так шкада, як вас.
— Добрая ты, слаўная ты, бабка Параска, і я буду памятаць цябе, як сын. Развяселься ж і не плач па жывым чалавеку.
Але бабка заплакала яшчэ мацней і, выціраючы слёзы, запытала:
— Калі ж думаеце пакідаць нас?
— Доўга заставацца тут мне цяпер ужо не выпадае. Той жа пісар, якому я здаў школу, можа сказаць: са школы зволены, школу здаў, дык будзь ласкаў выбірацца. Значыцца, трэба збірацца і падавацца ў свет. А свет вялікі і прастору ў ім многа.
Бабка Параска цяжка ўздыхнула і выйшла з пакоіка. Не сядзелася ў ім і Лабановічу. Перад тым як пакінуць сваё трэцяе і апошняе настаўніцкае месца, яму захацелася яшчэ раз абысці ўсе тыя дарогі і сцежкі, дзе не адзін раз вандраваў ён у вольныя хвіліны. Такія вандроўкі шмат прыносілі яму радасці і задавалення, і многія мясцінкі ў ваколіцах Верханя сталіся блізкімі і дарагімі. Не раз паўставалі і не раз паўстануць яны ў вачах Лабановіча, вабячы да сябе, як самыя прыязныя сябры. Дык як жа не развітацца з імі?
Лабановіч узяў кій, выйшаў на высокі ганак. Без усякага разважання і пэўнага плана накіраваўся ён улева, на шырокую дарогу, што ішла міма воласці і царквы ў зялёным вянку бяроз, і ў ціхім задуменні падаўся ў бок лесу. Калі б хто запытаў у гэту хвіліну, аб чым ён думае, ён, напэўна, не даў бы адказу. Апамятаўся ён толькі тады, калі апынуўся на могілках. Выходзячы з дому, каб развітацца з верханскімі ваколіцамі, ён зусім не думаў заходзіць туды.
«Як жа я папаў сюды і чаму? — здзівіўся Лабановіч.— Якая прычына прывяла на могілкі? Могілкі — сімвал канца чалавечага існавання. Канец — простае слова, а заключае ў сабе багаты змест: часамі чалавек рады яму, а часамі канец набывае характар трагізму».
Вось і для яго, Лабановіча, настаў канец настаўніцтва і побыту ў Верхані. Але ён прыгадаў тое здарэнне на могілках — спатканне незнаёмых людзей, мужчыны з жанчынаю. Як высветлілася потым, гэта былі памочнік пісара Лапіцкі і пісарава швагерка, якая хутка пасля таго выехала адсюль.
На могілках было ціха, глуха і маркотна. Лабановіч павольна пасунуўся знаёмаю дарожкаю да знаёмага ўжо вала. Кусты, запаўшыя ў памяць настаўніка, страцілі сакаўную зеляніну, красу свае маладосці. Сям-там калыхалася на іх пажоўклае лісце, і ў павяўшай траве валялася яго нямала. Прадвосеньскі час накладаў адбітак засмучэння на ўсё, куды ні глянеш. Нават неспакойны вецер і той гаманіў на сумны лад, прыпадаючы да зямлі, нібы для таго, каб падслухаць яе нямоўчныя песні. Эх, песні, адвечныя песні зямлі! Калі заспяваюць вас на вясёлы, радасны тон?
Лабановіч спыніўся і акінуў вачамі могілкі — як бы для таго, каб запамятаць іх назаўсёды. Струхлелыя драўляныя крыжы, пахіленыя над зямлёю, сівыя купінкі моху на іх, надмагільныя пліты, уросшыя ў дол,— як усё тут закінута, забыта і запушчана, як усё гэта ўбога і журботна! Настаўніку зрабілася так нявесела і сумна, што заставацца тут далей было цяжка. Ён пакіраваўся назад на дарогу, яшчэ раз азірнуўся.
«Напэўна, не пабачу вас болей ніколі. Ну, бывайце!» — сказаў у думках на развітанне.
З могілак Лабановіч падаўся ў бок лесу. Ускрайкам, не спяшаючыся, пакіраваўся на Тумель, дзе быў ставок і старасвецкі двухпавярховы млын. Гэта было ўлюбёнае месца, куды часта хадзіў Лабановіч у вольныя хвіліны на пагулянку. Прыйшоўшы сюды, ён запыніўся. Цэлая чарада ўспамінаў паўстала прад ім. Прыгадаўся той дзень, калі ранічкаю ехаў ён праз грэбельку каля млына са сваімі вучнямі на экзамены. Дарога зараз жа, мінуўшы грэблю, уваходзіла ў лес. З краю на лясных прагалах стаялі маладыя бярозкі, толькі-толькі выпускаючы маладзенькія пахучыя лісточкі і прыдаючы лесу асаблівую чароўнасць. Здавалася тады, што стары, пануры лес наўмысня развесіў тонкую празрыстую покрыўку, сатканую сонцам і зямлёю з тысячы тысяч маладых, кволых бледна-зялёных лісточкаў бярэзін і кустоў, росшых на ўскрайку лесу, каб упрыгожыць сябе гэтымі дарамі вясны і прыкрыць сваю панурасць. Іншыя мыслі і іншы настрой былі тады ў настаўніка, што зараз прыйшоў сюды ўжо на парозе восені, каб апошні раз азірнуць усе гэтыя мясціны, так глыбока асеўшыя ў памяці, і таксама сказаць ім: «Бывайце!»
Стары млын стаяў нерухома. Не было каля яго ні людзей, ні фурманак. Не рухалася і велічэзнае, многаступянёвае кола, ажыўляўшае млын і ўвесь яго нескладаны механізм. Толькі дзесь з непрыметнай шчылінкі прабіваўся струменьчык вады і аднастайным цурчаннем парушаў спакой анямеўшай будыніны. 3-пад гаці спакойна цякла рэчка, несучы далей тую порцыю вады, якую прызначалі ёй будаўнікі. Зараз жа за млыном яна апісвала прыгожую дужку, падаючыся наўперад управа, а потым, забіраючы ў бок поля, хавалася пад навіссю старых вербаў, што схіліліся над вадою, і затым зусім знікала з вачэй. I рэчка і крывыя вербы над ёю яшчэ болей падкрэслівалі спакой і цішыню аднаго з закінутых і малавядомых утульных куткоў старажытнай Беларусі.