Выбрать главу

Лабановіч доўга пазіраў на рэчку. У памяці ўсплывалі падобныя ж блізкія і дарагія сэрцу малюнкі, якія даводзілася яму сустракаць не адзін раз. А колькі ёсць малюнкаў, яшчэ не бачаных ні разу! I колькі ў іх прывабнага, заспакойваючага душу хараства! Дык наперад, брат, наперад! Пракладай сабе дарогу ў жыццё, не зважаючы ні на якія нягоды, дарогу прасторную, ясную, з бясконцымі краявідамі і далячынямі і склікай народ на гэту прасторную дарогу!

Увесь панылы настрой, пад уплывам якога быў нядаўна Лабановіч, развеяўся, як ранішні туман перад гарачым летнім днём. Ён адчуў прыліў бадзёрасці, новай сілы, жаданне змагацца за сваё месца ў жыцці і за ўсіх добрых людзей, пакрыўджаных нядоляй і рознаю злыбедаю, што загароджвае ім дарогі. Чаго ж сумаваць? На каго спадзявацца?.. Заставайцеся ж тут шчаслівыя, мае мілыя вербачкі, і ты, неўгамонная рэчка! У другім месцы сустрэнуся з такімі ж дарагімі, як і вы.

Апошні раз акінуў Лабановіч вачамі ўсе ваколіцы. Зірнуў і на той узвышак, адкуль першы раз уявіўся яму прывідны замак, на сяло, што выцягнулася ў адну доўгую стракатую істужку, з убогімі загарадкамі каля запушчаных будынкаў, на двор а. Уладзімера, на царкву з процілеглага боку і непадалёку ад яе будынкі валаснога праўлення і школы. Вось ён, увесь Верхань перад ім і ўсе яго ваколіцы...

Той самы дзядзька Нічыпар Кудрык, што зімою прывозіў Лабановіча, цяпер вёз яго на станцыю з тымі ж двума невялікімі чамаданамі, дзе быў зложан увесь незамыславаты скарб настаўніка. У вачах Лабановіча яшчэ стаяў заплаканы твар бабкі Параскі і ўся яна, такая жычлівая і добрая, нізенькая, сухенькая, маршчыністая. Мімаволі прыгадаўся выезд з Цельшына, Ядвіся, з-за якой ён і пакідаў сваё першае настаўніцкае месца, шыракаплечы дзядзька Раман і яго апавяданне аб Яшуковай гары.

«Адзін раздзел кнігі прачытан і загортваецца»,— думаў Лабановіч, пакідаючы Цельшына. А зараз прачытан і другі раздзел яшчэ далёка не дачытанай да канца кнігі.

Частка другая - На крыжовых дарогах

Колісь, яшчэ ў дні юнацтва, мяне зачароўвалі прасторы зямлі з іх шматлікімі гаманкімі дарогамі, шырокімі і вузкімі, роўнымі і крывымі, наабапал якіх сям-там вынікалі купчастыя ліпы, стромкія таполі або старыя кучаравыя хвоі. Мяне вабілі неакрэсленыя далечы, маўклівыя і мудрыя ў сваёй задумлёнасці, з іх узгоркамі, далінамі і крыніцамі, з тонкімі палоскамі лясоў на небасхіле, дзе зямля нібы сходзіцца з небам. I ўсё гэта прыкрывалася празрыстаю заслонаю сіняватай смугі.

Што хаваецца за заслонаю сінечы-смугі? Якія праявы, якія людзі сустрэнуцца мне на шляху вандравання? Праз якія абшары зямлі пройдуць пуцявінкі і куды яны прывядуць?

Нічога цікавейшага на свеце не было тады для мяне, як прыўзняць заслону сінечы і зазірнуць за яе рубяжы. Там, думалася, я знайду ўсе адказы на пытанні, пазнаю таямніцы жыцця. Жыццё ж такое складанае і так многа ў ім нечаканасцей, крутых паваротак, што неспакушанаму юнаку цяжка было разабрацца ва ўсіх разнастайных праявах і ацаніць іх так, як яны таго заслугоўвалі. Вось чаму так радасна было ісці ўсё далей і далей, каб зведаць невядомае, убачыць нябачанае.

З таго часу шмат прайшло гадоў. Многа дарог перамералі мае ногі. Розныя людзі сустракаліся ў маім вандроўніцтве. Шмат хто з іх стаўся мне блізкім і дарагім, і шмат каго з іх сягоння я не далічваюся. I сам я прытаміўся за гэты час і ўсё болей і мацней адчуваю спрадвечную і непераможную сілу прыцягнення зямлі.

Але шумяць і гамоняць несупынныя хвалі жыцця, і ўсё тыя шырокія, яшчэ болей прывабныя далечы разгортваюцца перад вачамі.

Новыя прасторныя дарогі расчыніліся перад нашымі народамі. I не гасне нястомнае жаданне зірнуць за заслону заўтрашніх дзён.

Будзьце ж вы светлыя і радасныя, наступныя дні людства!

I

Каля чыгункі, што злучае Мінск і Брэст, непадалёку ад станцыі, у малапрыметным кутку сярод высокага цёмнага лесу, тулілася леснікова сядзіба. Належала яна лясніцтву князя Радзівіла. За доўгі час будынкі пачарнелі, пастарэлі, пакрывіліся. Дый што гэта былі за будынкі! Нізкая, падслепаватая хата з закуранымі вокнамі і збуцвелым ганкам пазірала ў бок чыгункі. Хоць чыгунка праходзіла тут і блізка, але яе не відаць было: высокі вал, заросшы хвайняком і кустамі арэшніку, закрываў яе. Старасвецкае гуменца з угнутаю саламянаю страхою тулілася бліжэй да лесу — здавалася, для таго, каб схавацца ад холаду і вятроў, бо яны для яго былі ўжо небяспечныя. Цёмны хлевушок, таксама пашарпаны часамі, гаротна прыпадаў да зямлі. Па адзін і па другі бок сядзібы раскінулася невялікая палянка. Калісь была тут смалярня. Ад яе засталіся толькі глыбы гліняных пячэй, дзе парыліся смалякі ды дробныя рэшткі пранятых смалою карчоў. Яшчэ і цяпер адчуваўся тут душок дзёгцю і тарпатыны. Назва «Смалярня», як спадчына, перайшла на леснікову сядзібу. У ёй на сягонняшні час за лесніка быў брат Андрэя Лабановіча, Уладзімер. Яшчэ з маленства браты жылі ў згодзе. Сустракаліся зрэдку і тады, калі ўзмужнелі, а дарогі іх разышліся, сустракаліся ветліва і прыязна. Даведаўшыся, што Андрэя зволілі з настаўніцтва і ён цяпер без пасады, Уладзімер паспачуваў яму, а потым запытаў: