Выбрать главу

Такімі думкамі і такімі добрымі намерамі жыў зараз бяздомны Лабановіч. У гэтых думках чэрпаў ён падтрыманне сабе самому і простым людзям, што стогнуць у ярме беспрасветнага прыгнёту. Ды ў жыцці падзеі ідуць не тымі дарогамі і не так, як хацелася б нам. Пачыналася веснавое разводдзе новага жыцця, ды не вылілася з берагоў — скавалі яго халады. Але будзе жаданы час усенароднай вясны.

ІІ

Каля Смалярні, між сядзібаю лесніка і чыгункаю, праходзіла лясная дарога. Мінуўшы сядзібу і не даходзячы да пераезда, яна разгаліньвалася, дзялілася на дзве: адна перасякала чыгунку, а другая забірала ўлева, некаторую адлегласць ішла пад густою навіссю старых ялін, па карэннях, па выбоінах, праз лужыны чорнай, як дзёгаць, вады. Тут было змрочна і сыра, шмат калдобін і лужын, якія рэдка калі высыхалі. Выбіўшыся з лесу, дарога выходзіла ў Цёмныя Ляды, а потым забірала ўправа, прымаючы кірунак на лясніцтва князя Радзівіла. На цяперашніх Цёмных Лядах не так даўно стаяў густы, вялікі змрочны лес. Час ад часу велічэзныя лясныя абшары высякалі дачыста. Адборная драўніна сплаўлялася купцамі за граніцу, а грошы пераходзілі ў княжацкі скарб ды ў кішэні лесапрамыслоўцаў. Аголеныя лапіны лясоў прыбіралі сяляне навакольных вёсак. Рэшткі дрэва складалі ў стусы і ў шуркі, а галлё і ламачча проста палілі. Пасеку раскарчоўвалі і на ёй засявалі жыта, ярыну. Траціна ўраджаю паступала ў лясніцтва, усё таму ж князю Радзівілу.

Зараз пасекі зноў былі запушчаны пад лес. Ніхто яго не засяваў тут, апроч ветру. На агромністай пасецы — плешыне, акружанай магутнай сцяной старога лесу, выступалі з травы вялізныя пні старадрэвін, многа вякоў стаяўшых тут, сям-там паднімаліся ў неба стромкія яліны і сосны. Іх пакінулі знарок — абсемяняць аголены плех і заводзіць новы лес. Яны так і называліся — насенніцы. Запушчаныя ляды паволі засяваліся маладымі дрэўцамі: асіннікам, бярэзнікам, сасоннікам, ельнікам і рознымі іншымі дрэвамі. Густая трава, дзікія кветкі закрывалі маладое пакаленне новага лесу, але ён падымаўся ўгору, глушыў слабейшыя расліны.

Бязлюдна і сцішна было ў Цёмных Лядах. I асабліва панура выглядалі запушчаныя, маладаступныя нізіны-лужкі, заваленыя галлём і сатлеўшымі верхавінамі ссечаных старых дрэў. Напалову згніўшыя пні і парыжэлая сухая трава яшчэ болей падкрэслівалі паныласць гэтай пустэлі сярод кашлатай сцяны старадаўняга лесу, шырокім колам атачаўшага Цёмныя Ляды.

Зусім іншы характар мела тая мясціна, па якой праходзіла дарога, перасекшы чыгунку. З двух бакоў разлягаліся лагодныя, светлыя прасторы палёў, пясчаныя ўзгоркі, на якіх асталяваліся нізкія, але даволі пышныя кусцікі ялоўцу і разложыстыя прыземістыя хвойкі. Вузкія даліны між узгоркаў вабілі вока. Невялічкія лясы і далёкія гаі, прыкрытыя покрывам восеньскай смугі,— усё гэта было для Лабановіча новым, яшчэ не бачаным.

Каля самай дарогі, за высокаю мураванаю агароджаю, раскінуўся двор з багатым садам нейкага малавядомага землеўласніка Сцяпанава, царскага вайскоўца — не то палкоўніка, не то генерала. Ні сам Сцяпанаў, ні яго патомкі не жылі тут ніколі. Маёнтак гэты зварачаў на сябе ўвагу, асабліва кідаўся ў вочы сад, які выглядаў нейкім прыгожым востравам. Рады стромкіх таполяў, як вартаўнікі, стаялі высокаю шарэнгаю паўздоўж чатырох сцен агароджы. I дзіўным здавалася, як маглі гэтыя магутныя таполі і гэты цудоўны сад разрасціся тут і забраць такую сілу на мізэрнай пясчанай зямлі? I вось тут прыгадаліся Лабановічу яго не такія ўжо даўнія думкі аб Мікуцічах, калі ён наведваўся ў свой кут над Нёманам і марыў аб пераўтварэнні глебы.

«Можа, гэта былі і верныя думкі,— разважаў Лабановіч.— Чорнае тлустае балота перанесці на пясчаныя землі сялянскіх палеткаў, каб падняць ураджайнасць. Ды што гэта дасць, калі пераважная большасць зямлі і прытым найболей ураджайнай знаходзіцца пад панамі! Ці не прасцей павыганяць паноў, адабраць ад іх зямлю і перадаць тым, хто працуе на ёй? Была такая спроба, ды скончылася яна няўдала. Аказалася, што паганае дрэва, Міколка Другі, яшчэ трывала сядзіць на троне, хоць трон гэты моцна пахіснуўся. Колькі праліта крыві! Колькі людзей пайшло на катаргу, у высылку і колькі сядзіць па астрогах! I, можа, сам ён, Лабановіч, ёсць кандыдат на адно з гэтых месцаў спачынку царскага самаўладства. Але, «што не ўдалося цяпер, тое ўдасца ў чацвер»,— паўтарыў Лабановіч прыказку дзядзькі Марціна,— верыць народ, што прыйдуць лепшыя дні. Вось і трэба жыць гэтай верай, не зважаючы на тое, што «покі сонца ўзыдзе, раса вочы выесць».