Ён яшчэ раз акінуў вокам панскую сядзібу, паважны рад стромкіх таполяў, багаты сад. Белы палац прасвечваўся ў глыбіні праз галіны абступаўшых яго купчастых яблынь і іншых дрэў. I сад і панскі дом засланяліся з паўночнага і з усходняга бакоў узгорка і падстаўлялі ўсю сваю пляцоўку пад цёмныя праменні паўднёвага сонца.
Прайшоўшы яшчэ колькі крокаў, Лабановіч параўняўся з брамаю, жалезнымі, наглуха зачыненымі варотамі, што якраз прыходзіліся насупроць панскага дома. Адгэтуль дом быў добра відаць. Вароты, па ўсім прыметна, даўно не расчыняліся, і ніякія панскія брычкі не ўязджалі і не выязджалі ні туды ні сюды. Маленькая брамка была адамкнёна. Вытаптаная сцежачка вяла ў сад. Відаць, сюды заходзілі людзі, каб купіць або папрасіць яблыкаў.
Лабановіч злёгку таўкануў брамку. Яна паслухмяна расчынілася. Непадалёку, сярод яблынь, стаяў просценькі буданок-шалашык, галоўны штаб вартаўніка панскага саду. З большасці садовых дрэў плады ўжо былі пазніманы, і толькі на позніх гатунках спакусліва красаваліся буйныя чырвоныя яблыкі — здавалася для таго, каб завабіць сюды падарожніка. Лабановіч, пастаяўшы крыху каля брамкі, паволі накіраваўся да шалашыка. Там нікога не было. У адным кутку ляжала прымятая салома, прыкрытая дзяружкаю, пэўна, гэта была пасцель вартаўніка. З другога боку ў шалашы на саломцы нерухліва ляжалі яблыкі, перабраныя чыеюсьці стараннаю рукою і разложаныя ў тры кучкі: лепшыя, сярэднія і горшыя. Адразу кідалася ў вочы, што чалавек, які жыве тут, любіць парадак і не задарма есць панскі хлеб.
Не паспеў Лабановіч як мае быць разгледзець гэтыя ўбогія апартаменты вартаўніка, як зараз жа выплыла з-за дрэў яго постаць. Гэта быў каротка падстрыжаны пасівелы чалавек з пышнымі сівымі вусамі, у старым заношаным салдацкім мундзіры мінулага веку. У руках нёс ён таксама старую салдацкую шапку, поўную яблыкаў. За плячамі вартаўніка вісела стрэльба. Усё гэта прыдавала вартаўніку нейкую ўладнасць і ўпэўненасць.
Лабановіч пачціва зняў шапку і прыязна пакланіўся. Захацелася пажартаваць з бывалага ваякі, не зніжаючы яго ганарлівасці.
— Даруйце мне: ці не вы ўладар гэтага маёнтка?
Стары салдат сурова акінуў поглядам Лабановіча, змераў яго з ног да галавы: брэша ці сапраўды прыняў за гаспадара?
— А чаму табе прыйшло ў галаву, што я тут гаспадар? — запытаў салдат.
— Выгляд у вас гасподскі, такі, што можна палічыць за гаспадара, тым болей што ўласнік гэтага двара, як чуў я, з ваенных.
Стары салдат відавочна памякчэў.
— Не, дружок, памыляешся: іх высокаблагародзіе, палкоўнік Сцяпанаў, у Пецярбургу жывуць, а я толькі давераная асоба іх высокаблагародзія... Разам супроць турка ваявалі, разам усю ваенную службу прайшлі. З таго часу мы так і не разлучаемся. Дастойны чалавек,— заключыў стары салдат. Ён яшчэ хацеў штось сказаць, ды, відаць, палічыў нязручным пускацца ў гутарку з незнаёмым чалавекам, яшчэ, можа, якім-небудзь забастоўшчыкам.
— А колькі вам палкоўнік за службу плаціць?
— Што ён мне плаціць, таго мне на мой век хваціць,— ухіліўся салдат ад простага адказу і сам запытаў Лабановіча:
— Ты ж сам хто такі будзеш?
— Проста падарожны. Угледзеў сад і падумаў сабе: дай зайду, можа, на яблыкі ці не разжывуся. I вось сустрэў вас, чалавека адданага і, па ўсім відаць, разумнага.
— Як разжыцца: за грошы ці так? — пацікавіўся салдат.
— Ды хоць бы і купіць.
— Гэта іншая справа!
Бравы салдат павёў Лабановіча да яблыні, на якой віселі буйныя чырвоныя яблыкі, сарваў самы спелы і самы буйны.
— Вось табе, дружок, вазьмі. I памятай, што я — давераная асоба іх высокаблагародзія.
Лабановіч падзякаваў. Такога вялікага яблыка яму яшчэ не даводзілася бачыць. Ён развітаўся з салдатам і пайшоў далей сваёю дарогаю.
ІІI
Быць можа, шмат каму з вас, дарагія сябры, нецікава запыняцца такі доўгі час на падарожжах Лабановіча і разглядаць разам з ім тыя малюнкі і тыя мясціны, што даўно прыгледзеліся вашым вачам, бо гэта ўжо старадаўнія дарогі і не новыя малюнкі. Калі б сягоння давялося мне яшчэ раз прайсціся па іх, дык я і не пазнаў бы ні тых дарог, ні мясцін, ні малюнкаў, што разгортваліся перад вачамі паўвека таму назад. Усё карэнным чынам змянілася, адышло ў прошласць і захавалася толькі ў памяці, як успаміны аб далёкіх днях юнацтва. Мне ж так прыемна ўспомніць і хоць у мыслях перажыць іх яшчэ раз. А мінулае і цяперашняе моцна злучаны паміж сабою.
Двор палкоўніка Сцяпанава, таполі і сад засталіся ззаду. Лабановіч узыходзіў на ўзгорак, самы большы па дарозе са Смалярні ў Стаўбуны. Па правую руку раскінуўся невялікі лясок, светлы і празрысты, як тонкая, лёгкая тканіна. Дарога крута падымалася ўгору праз жоўты сыпучы пясок. Даядаючы ёмкі, надзвычай смачны малінавы яблык — дар старога вартаўніка,— Лабановіч узышоў на самы высокі пункт пагорка. Шырокі, разнастайны краявід, што агароджваўся толькі бязмежным небам, расчыніўся перад падарожнікам. Гэта было так неспадзеўна, так прыгожа і ў той жа час так знаёма, што вандроўнік мімаволі спыніўся.