Выбрать главу

Новыя малюнкі!.. Не, не новыя: новае толькі тое, што паўсталі яны з другога боку і з другой пазіцыі. Так бывае і з чалавекам, калі пазнаеш яго ў новым праяўленні.

Акінуўшы вокам увесь краявід, Лабановіч стаў прыглядацца да паасобных, найбольш знаёмых яго частак. Вось станцыя з усімі збудаваннямі — вакзал, дэпо, возера за вакзалам, заросшае па краях густым, высокім сітняком і аерам. Правей — млын, дарога на Мікуцічы. Як гаманіла яна, калі не так даўно, улетку, шумная грамада настаўнікаў ішла ў школу Садовіча абмеркаваць пытанні палітыкі і заснаваць ядро рэвалюцыйнай настаўніцкай арганізацыі... I як гэта ўсё няўдала скончылася!

Не, дарога на Мікуцічы не вабіць зараз вока. Густы хвойнік і яловец з аднаго боку і альховы хмызняк з другога засланялі яе. Дарога знікала з вачэй, не дайшоўшы да гасцінца, абапал якога стаялі, як старэнькія бабулькі, парадзелыя бярозы. Лабановіч зірнуў правей вакзала. На высокай горцы стаяў прыземісты, добра адбудаваны, з замахам на хараство вятрак, адзінокі і нібы забыты. Лабановічу рэдка калі даводзілася бачыць, каб вятрак гэты махаў крыллямі, і таму ён рабіў сумнае ўражанне, як асірацелая будыніна. Зірнуўшы перад сабою, Лабановіч згледзеў стромкія вежы белай царквы мястэчка Стаўбуны. Само мястэчка і яшчэ адна, жоўтая, царква засланяліся другім пагоркам. Затое ж была добра відаць Панямонь і яе ваколіцы, хоць гэтае мястэчка вярсты на паўтары стаяла далей за Стаўбуны, па другі бок Нёмана. Сіняўскі гай, выцягнуты тонкаю палоскаю з прыўзнятым адным канцом, як заліхвацкі вус маладога зуха, прыкрываў Панямонь з паўночнага захаду. Лявей і бліжэй да мястэчка сурова ўзнімалася вапельная гара. Называлі яе Драздоваю — ад імя панямонскага жыхара Драздоўскага, які арандаваў гару і здабываў вапну.

Самымі высокімі будынкамі ў Панямоні былі — царква, касцёл і сінагога. Царква і касцёл стаялі ў цэнтры мястэчка і на самым высокім месцы, сінагога тулілася на задворках, воддаль. Калі Лабановіч яшчэ ў дзяцінстве першы раз пабачыў панямонскі касцёл здалёку, то сваёю формаю гэты будынак нагадаў малому Андрэю вялікага сядзячага ката з задраным угору носам. Так гэтае першае ўражанне назаўсёды і засталося ў памяці. Запомнілася таксама і маленькая рачулка, якая выцякала з-пад вапельнай гары, купчастыя вербачкі над ёю, Хаімава кузня над рачулкаю і сам Хаім, спрытны і здатны каваль з чорнаю барадою. Прыгадаўся і стары млын, гнілое возера каля яго, алешнік над возерам, густа затканы гнёздамі гракоў, і несціханы іх крык.

Лабановіч глядзіць туды. Вунь ён, той алешнік, кудзерка абцярэбленага гракамі гайка! А далей, крыху лявей, той самы старасвецкі гасцінец шыбуецца з панямонскай роўнядзі на больш высокую пляцоўку, беручы кірунак на Нясвіж. Знікшыя на некаторай адлегласці бярозы, мінуўшы Панямонь, зноў ідуць побач гасцінца прыгожымі прысадамі, няясна вырысоўваючыся ў сіняватых хвалях далечыні. Як добра знаёмы ўсе гэтыя малюнкі і як моцна яны звязваюць з дзяцінствам, шчаслівым і непаўторным!

«А можа, будзе такі час,— падумаў Лабановіч,— калі я і гэтыя дні свайго бяздомнага вандроўніцтва ўспомню з прыемнасцю і ўздыхну па іх».

Ён рушыў далей, спусціўся ў глыбокую і вузкую далінку паміж двума пагоркамі. I стромкія вежы белай царквы, і вятрак, і Панямонь засланіліся другім узгоркам. Калі Лабановіч мінуў яго, адразу вынікла перад вачамі ўсё мястэчка Стаўбуны з яго цэрквамі, з мураванымі будынкамі і з плошчаю, дзе звычайна адбываліся шумныя, мнагалюдныя кірмашы. Вузкая пясчаная вулачка, паабапал якой убога туліліся старасвецкія халупы местачковай беднаты, і кузня, дзе заўсёды стаяла некалькі сялянскіх фурманак і чуўся галасісты звон молата, вяла ў сярэдзіну мястэчка. Бліжэй да цэнтра часцей пападаліся акуратныя і з густам пабудаваныя домікі заможных жыхароў з пафарбаванымі аканіцамі, з разьбою над вокнамі і з прыгожа адштукаванымі высокімі ганкамі. Крыху далей пайшлі крамы розных гатункаў і з рознымі таварамі, пачынаючы дзёгцем і газаю і канчаючы іголкамі і ніткамі.

Малапрыметная спачатку вулачка чым далей, тым болей прымала выгляд сапраўднай вуліцы. Выводзіла яна на прасторную выбрукаваную плошчу ў цэнтры мястэчка, праходзячы непадалёку ад белай царквы і пакідаючы яе збоку ўлева. Дзень быў некірмашовы, і плошча амаль што пуставала, калі не лічыць адзіночных сялянскіх каламажак, дзвюх-трох гандлярак, якія цярпліва сядзелі каля просценькіх столікаў пад такімі ж убогімі, як і самі яны, стрэшкамі, ды коз, што вандравалі па плошчы ў пошуках спажывы. Найболей спрытныя з іх запыняліся каля вазоў і, стаўшы на заднія ногі, выбіралі сена з палýкашкаў, а іншыя прымайстраваліся каля коней і памагалі ім хрумстаць смачную віку або канюшыну.