Мінуўшы плошчу і валасное праўленне, Лабановіч узышоў на ганак пошты. Яна была якраз па суседству з воласцю. Даволі прасторны пакой падзяляўся невысокаю дзервяною перагародкаю і драцянаю сеткаю над ёю на дзве няроўныя часткі: саму пошту і пярэднюю для наведвальнікаў. За перагародкаю пры стале сядзеў начальнік пошты, сярэдніх год чалавек з кароткім і шырокім на канцы носам, падобным да цяслы. Там жа пакручваўся памочнік начальніка, знаёмы Лабановічу белабрысы хлопец, якога за вочы называлі Цвілым. Гэта быў малаадукаваны чыноўнічак, але з прэтэнзіямі на інтэлігента і з замахам на дасціпнасць і жарты, якія, праўда, мала ўдаваліся яму. За перагародкаю стаяла некалькі шафаў з паштовымі справамі і паперамі, з рознага роду карэспандэнцыяй. У драцянай сетцы былі зроблены невялікія акенцы, праз якія прымаліся заказныя пісьмы, прадаваліся маркі, выдаваліся пісьмы і пасылкі.
У пярэдняй таўклося некалькі наведвальнікаў. Лабановічу кінулася ў вочы адна бабка. З разгубленым выглядам яна зварачалася то да аднаго, то да другога з наведвальнікаў, але ад яе адмахваліся, як ад надакучлівай мухі. А ёй проста трэба было, каб хто прачытаў пісьмо, што прыйшло ёй па пошце. Яна звярнулася і да Лабановіча. Прыйшлося задаволіць бабчыну просьбу. Стаўшы ў зацішнейшае месца, Лабановіч ціха, каб толькі чула бабка, прачытаў ёй пісьмо. Бабка слухала і плакала, хоць прычын для плачу ў пісьме не было.
Улучыўшы зручную хвіліну, Лабановіч аклікнуў Цвілога:
— Іван Паўлавіч, дзень добры!
Іван Паўлавіч падняў вочы з-пад тоўстых прыпухлых павек. Відаць, ноч правёў ён у вясёлай кампаніі.
— А! — ажывіўся ён, убачыўшы Лабановіча.— Дзень добры, дзень добры, педагог без педагогікі!
Іван Паўлавіч вясёлым смехам сам ухваліў сваю дасціпнасць, трапныя словы.
— Паглядзіце, калі ласка, ці няма мне пісем да запатрабавання.
— Паглядзім!
Іван Паўлавіч перагарнуў стопку пісем.
— Няма! — сказаў ён і насмешліва дадаў: — Пішуць... Пэўна, ад кралі, калі да запатрабавання?
Лабановіч быў расчараваны, як бы яго пакрыўдзілі тым, што не аказалася пісем і асабліва аднаго — ад Ліды.
«Куды ж цяпер падацца?» — запытаў у мыслях самога сябе Лабановіч, апынуўшыся на той жа малалюднай плошчы. Зірнуўшы ў бок вуліцы, што выходзіла да Нёмана, ён угледзеў постаць чалавека, які вельмі нагадваў Янку Тукалу. Чалавек ішоў унурыўшыся, у задуменні. Лабановіч паўзіраўся пільней — так: гэта Янка Тукала! Лабановіч ціхенька падкраўся і пайшоў за Янкам у некалькіх кроках. Заняты сваімі думкамі, Тукала нічога не зважаў.
— Ахэ!! Ахэ! — кашлянуў Лабановіч.
Янка азірнуўся. У яго вачах наўперад адбілася палахлівасць, а потым твар засвяціўся, як сонца.
— Андрэй! А бадай жа ты скіс! — радасна выгукнуў Янка.
Сябры кінуліся адзін да аднаго і моцна абняліся.
— Дай, брат, пацалую твой імбрычак! — Янкаў нос нагадваў рыльца чайніка.
— Пойдзем туды! — кіўнуў Янка ў бок Нёмана.
Яны выйшлі на пустыр, дзе нікога не было, і спыніліся каля яруса акуратна зложаных бярвенняў.
IV
— Давай сядзем тут,— прамовіў Янка, паказваючы рукою на сасновыя круглякі.
Перш чым сесці, Янка спасцярожліва зірнуў на мястэчка, кінуў погляд перад сабою.
— Эге, брат Янка, ты стаў штось баязлівы і падазроны,— заўважыў Лабановіч і адною рукою крэпка прыгарнуў прыяцеля.
Янка Тукала жартліва адказаў у евангельскім тоне:
— Блюдите, како опасно ходите!
Прыняўшы сур’ёзны выгляд і панізіўшы голас, ён сказаў:
— Трэба, браце, быць асцярожнымі: усе мы, зволеныя настаўнікі, што збіраліся ваяваць з царом, знаходзімся на вялікім падазрэнні ў начальства і аддадзены пад патайны нагляд паліцыі. Разумееш, васпане?
— Тут і разумець няма чаго,— спакойна азваўся Лабановіч, хоць тое, што сказаў Янка, яго моцна затрывожыла.— Гэтага і трэба было чакаць, ды гэта — толькі ўступ да далейшых рэпрэсій. Так жа нас не пакінуць,— дадаў Лабановіч і запытаў: — Але адкуль ты ведаеш, што мы пад наглядам паліцыі?
Янка хітра зірнуў на Андрэя, падняў палец угору і сказаў:
— О, гэта, брат, тонкая палітыка! Аказваецца, што ў лагеры нашых ворагаў ёсць і нашы прыхільнікі.
— Што ты кажаш! — здзівіўся Лабановіч.