Настаўнік доўга хадзіў па пакоіку. Калі набліжаўся ён да лямпы або адыходзіўся ад яе, цень яго то падаўжаўся, то карацеў, а ў стыках сцяны і столі борздзенька пераломваўся і забягаў на столь. Колькі разоў мімаволі вочы яго ўзнімаліся на вокны пана падлоўчага. Яшчэ думаў настаўнік і аб панне Ядвісі. Можа, і Сухаварава не ўпадабаў ён за тое, што яна аддавала відочную перавагу яму...
«Э, глупства! — перапыніў настаўнік свае думкі.— Трэба абавязкова паехаць да сябра і крыху праветрыцца і скінуць той фуз, які патрошку пачынае ўжо набірацца».
Але задуманую паездку прыйшлося адлажыць. На другі ж дзень зайшоў арцельны стараста Бабініч, пазнаёміўся з ім і вельмі прасіў да сябе ў госці на чацвёртую будку. Стараста Бабініч меўся паслаць у школу да Лабановіча сваіх дзяцей — сына і дачку. А вучні з чыгункі былі платныя, складалі, такім чынам, даход настаўніку. Пенсія настаўніка была надта малая, і кожны вучань збоку быў значнай дапамогай у грашовых справах. Ніякія довады Лабановіча за тое, што ён мусіць паехаць да сябра, Бабініч не браў пад увагу.
— Паспееце пабыць і ў сябра. Пабудзеце ў мяне, а вечарам і да сябра паедзеце, тым болей што свят назбіралася многа.
Бабініч належаў да тых людзей, якія не так-та лёгка адступаюцца ад сваіх планаў. Ён да таго часу не пакінуў Лабановіча, пакуль не ўзяў з яго слова быць у гасцях.
Як толькі Бабініч выйшаў, у пакоік увайшла старожка.
— Напэўна, панічыку, арцельны ў госці запрашаў? — спытала яна.
— А скуль ты, бабка, гэта ведаеш?
— А як жа, панічок: ён будзе сваіх дзяцей да вас аддаваць. Мне жонка яго ўжо казала аб гэтым. А стараста такі чалавек, што любіць аддзякаваць. I пачастуе, і заплаціць.
Бабка ведала ўсіх будачнікаў па адзін і па другі бок раз’езда і вельмі раіла пагасцяваць у Бабініча.
— Вельмі добрыя людзі,— казала яна.
— Што ж? Нічога не зробіш, бабка: трэба папакутаваць — пайду.
— Якая ж гэта пакута? От, паніч! I вып’еце, і закусіце.
— А ты, бабка, любіш выпіць?
— А хто ж яго не любіць, панічыку? Калі трапляецца, то чаму ж не выпіць?
У першы святочны дзянёк выйшаў настаўнік на знаёмую яму сцежку, каля двух ветракоў, і пайшоў на чыгунку. Гэта месца вельмі падабалася Лабановічу, і хоць ён даваў кругу, ідучы тут, але часу заставалася яшчэ многа, спяшацца яму не было куды. На чыгунцы ён затрымаўся. Хацелася пайсці ў бок раз’езда, ісці доўга-доўга па гэтых шпалах між развіслых, шырокіх лазовых кустоў, хмызняку і лесу.
Было зусім ціха. Распагодзілася. Нізка стаяла асенняе сонца, і нейкаю маркотаю патыхала ад усяго гэтага цеснага краявіду і ад гэтае вёсачкі, закінутай між балот і лясоў.
Каротка і адрывіста раўнуў паравоз на раз’ездзе, ціхенька здрыгануліся рэйкі, і нейкі лёгкі, ледзь чутны шолах прабег па іх, як бы яны аб чымсі перамаўляліся між сабою. I зараз жа на заломе выбухнуў велізарны клуб белаватага дыму, за ім выкідаліся другія клубкі, следам за гэтым паказаўся паравоз кур’ерскага поезда. Клубчасты, кучаравы хвост дыму ўсё падаўжаўся, шырыўся і, здавалася, нерухома застыў у марозным паветры, тады як галава яго ўсё выцягалася як бы са свайго ўласнага цела. Было штось велічнае, магутнае і захопліваючае ў гэтай імклівасці поезда. Мімаволі хацелася схіліць галаву прад геніем чалавечага розуму, атрымаўшага верх над бясконцымі адлегласцямі. Поезд прамчаўся, як змей, абдаўшы віхрам пылу і дыму настаўніка, адсякаючы за кожную хвіліну цэлую вярсту.
Лабановіч зрушыў з месца і пайшоў у той бок, куды паляцеў і зараз жа знік магутны поезд. Настаўнік ішоў на чацвёртую будку да Бабініча. За другою будкаю пачынаўся высокі бор, і месца было больш сухое і вясёлае. Настаўнік падышоў да таго месца, дзе спаткаўся з незнаёмаю дзяўчынаю. Ён часта думаў аб ёй, але ні ў кога не пытаўся пра яе, бо людзі ў такіх выпадках заўсёды схільны ахаяць і кінуць хоць маленькі камячок гразі на тое, што для цябе з’яўляецца святым і недатыкальным. Толькі з паннаю Ядвісяю, і то між іншым, была аб ёй гутарка. Сёння ён напэўна як-небудзь даведаецца аб ёй. А можа, яна будзе таксама ў гасцях? А калі гэта зусім не тая дзяўчына?
Ідучы каля трэцяе будкі, дзе жыў Курульчук, Лабановіч кінуў бачлівы погляд, але там было ціха, нікога не відаць. Другая будка, чацвёртая ад сяла, была не больш як за паўвярсты ад трэцяе.
— Калі ласка! Калі ласка! — спаткаў стараста настаўніка на ганачку і павёў яго ў будку.
Маленькая знадворку, будка ўсярэдзіне была досыць памястоўная. У ёй былі кухня, праходны пакойчык і яшчэ два пакойчыкі, шмат прастарнейшыя, светлыя і чыстыя.