Выбрать главу

— Ну, вось і напаткалі мы новую прафесію! — смяяўся Янка Тукала.

— А што ж? Зложым цэлы рэпертуар такіх песень ды пойдзем па фэстах. Сядзем на цвінтары каля царквы і будзем даваць канцэрты, а людзі не паскупяцца на медзякі спевакам.

Прыяцелям было весела і смешна. У такім настроі ступілі яны на парог Шварцавага прытулку. Прытулак гэты быў для іх не новы. Шварц, увішны чалавек сталых гадоў, заўсёды быў рады гасцям, асабліва такім, як настаўнікі. Шварц трохі чуў пра здарэнне з імі, але што яму да таго? Зайшлі, значыць, дадуць утаргаваць.

У шынку пахла гарэлкаю, селядцамі, дзёгцем, і быў яшчэ такі пах, якога не вызначыць самы напрактыкаваны нос. Падлога была ўся ў плямах, затаптаная мокрымі лапцямі і ботамі.

— Дзень добры, ойча Шварча! — прывіталі госці гаспадара.

Шварц ускінуў на іх чорныя вочы, усміхнуўся.

— Дзень добры! Але што гэта такое «ойча Шварча»? — пацікавіўся ён.

— Гэта значыць — дзень добры, бацька Шварц!

— Го, гэта добра!

Гаспадар, як відаць, застаўся задаволены такім зваротам. Ён павёў гасцей у глыб свае хаты, у чысты пакойчык, хоць і неправетраны. Але госці былі людзі непатрабоўныя,— пакойчык у поўнай меры задавольваў іх, як задавольвала і гасціннасць самога гаспадара.

— Ну, чаго ж загадаеце падаць, якіх трункаў і якой закускі?

Госці паглядзелі адзін на другога. Ім пачулася некаторая іранічнасць у словах Шварца, хоць ён і не меў гэтага ў думках.

— Ну, чаго ж? — перапытаў Янка.— Дайце на першы пачатак па бутэльцы піва на брата, сяледчыка замарынаванага. Гаспадыня пана Шварца вялікая мастачка марынаваць селядцы.

Шварц задаволена засмяяўся.

— Ну, добра! — сказаў ён і выйшаў.

Былыя настаўнікі мнагазначна пераглянуліся.

— Бачыш, Янка,— сказаў Лабановіч,— а ты нядаўна гаварыў, што нікудышныя мы людзі. А вось Шварц ставіцца з павагаю да нас. А гэта, дружа, значыць, што мы нешта важым.

— Не ведае Шварц, што «в нашем кармане вошь на аркане»,— заўважыў Янка.

— А хіба нашы кішэні так ужо спусташыліся? — запярэчыў Лабановіч.— А хто нядаўна казаў: ёсць яшчэ порах у парахаўніцах? А твае тысяча семсот сорак рублёў пяцьдзесят чатыры капейкі?

— Ведаў бы, то не казаў бы пра сваё багацце...

Іхняя гутарка на гэтым спынілася. У дзвярах паказалася Шварцава служанка з падносам у руках, на якім было піва і закуска. За служанкаю ўвайшоў і сам Шварц.

— Будзьце ласкавы, вось піва, а вось сяледчык і хлеб. За хлеб Шварц грошай не бярэ,— сказаў гаспадар і ўрачыста выйшаў з бакавушкі.

«Госці» сядзелі, частаваліся. Хутка ад марынаванага селядца засталася адна толькі галава ды хвосцік. Заказалі яшчэ пару піва і пару селядцоў. Настаўнікам стала яшчэ весялей. Іх не палохала зараз ніякая прыгода невядомых наступных дзён. Са Шварцам разлічыліся па-людску і моцна ціснулі яму руку на развітанне.

Ідучы з прыяцелем у Смалярню, Янка гаварыў аб яўрэйскай інтэлігенцыі, з якой пазнаёміўся ён і якой у Стаўбунах было даволі многа. Яму абяцалі падшукаць неблагі заработак па спецыяльнасці. З ліку гэтай інтэлігенцыі можна ў першую чаргу назваць Міру Савельеўну, дантыстку. Някепска развіты і малады парыкмахер Мітэльзон. Ёсць і студэнты, у якіх можна раздабыць добрых кніг. Уся гэта інтэлігенцыя шчыра спачувае выгнаным настаўнікам і гатова падтрымоўваць іх чым толькі можа.

V

Смалярня стала на некаторы час галоўным штабам двух закадычных прыяцеляў, Лабановіча і Тукалы. Невялікія, вузенькія сенцы разгароджвалі хату лесніка на дзве палавіны; чысцейшую Уладзімер адвёў для брата Андрэя.

Больш глухі і зацішны куток, як тут, цяжка было знайсці. Але глухмень і зацішак не забяспечвалі ўпэўненасці ў тым, што сюды не зазірне вока непатрэбнага чалавека, асабліва цяпер, калі настаўнікі знаходзяцца пад наглядам паліцыі. Сябры не забываліся на гэта і нічога «крамольнага», недазволенага паліцэйскімі прадпісаннямі, не трымалі ў лесніковай хаце. Розную ж недазволеную літаратуру — брашуркі, лісткі, адозвы — яны хавалі ў нетрах глухога гуетога лесу. Літаратуру прыносіў потайкам Янка з мястэчка, у якім ён з дапамогаю рэвалюцыйна настроенай моладзі знайшоў сабе аселасць і невялікі заработак.

Сябры сустракаліся часта — ці то ў мястэчку, у цеснай каморцы Янкі, ці тут у Смалярні. Удвух было весялей дый шмат паўставала пытанняў, якія вымагалі свайго вырашэння. Для такіх спраў болей надавалася Смалярня, а таму сябры тут часцей і сустракаліся. Аб чым толькі не гаварылі яны ў доўгія восеньскія вечары і ночы ў зацішнай хатцы! Першым чынам трэба было дамовіцца, як трымацца на допыце — не толькі ім, але і ўсім зволеным настаўнікам. А што допыту не абмінуць, сябры ў гэтым не сумняваліся.