Выбрать главу

Яшчэ ў тую пару, калі пратакол настаўніцкага сходу папаў у рукі паліцыі, хтось з яго ўдзельнікаў падаў думку: у выпадку непрыемнай гутаркі з начальствам гаварыць, даводзіць, што сход быў выпадковым і не ставіў сабе ніякіх рэвалюцыйных мэт. Гэты варыянт і прынялі за аснову сваіх паказанняў саматужныя юрысты — Янка і Андрэй. Але яго трэба было абмеркаваць з усіх бакоў, каб усё было падобна да праўды.

Сябры пачынаюць рэпетыцыю. То той, то другі з іх бярэ на сябе ролю следчага. Наўперад выступае Янка. Следства вядзе ён па ўсіх правілах юрыдычнай навукі. Пасля некаторых трафарэтных пытанняў, як: імя, па бацьку, прозвішча, колькі гадоў, ці быў пад судом ці не быў, «следчы» пераходзіць да допыту па сутнасці справы. «Наддопытны» Лабановіч у сваіх адказах займае тую пазіцыю, аб якой дамовіліся. «Следчы» ставіць пытанне:

— Вы сцвярджаеце, што не мелі намеру склікаць недазволены з'езд настаўнікаў і не ставілі перад сабою крамольных, злачынных мэт. А як жа пагадніць вашы сцверджанні з тым, што запісана вось ў гэтым багамерзкім пратаколе, дзе стаіць і ваш лодпіс?

«Следчы» сурова пазірае на «паддопытнага». Лабановіч напускае на сябе выгляд нявіннага чалавека.

— Я не ведаў, што было запісана ў пратаколе, гаспадзін следчы,— адказвае ён.

«Следчы» паціскае плячамі. Злая ўсмешка крывіць яго губы.

— Як жа вы падпісвалі тое, што вам невядома? — цікавіцца «следчы».— А калі б у пратаколе было напісана: гэтым я абавязуюся ўсунуць у пятлю галаву, каб мяне павесілі. Што, вы і тады падпісаліся б? — насядае ён.

«Паддопытны» адказвае ў журботным тоне:

–– Вядома, калі б я не чытаў пратакола і не ведаў, што ў ім напісана, дык і пад такім пратаколам падпісаўся б.

–– Вось гэта міла! — выгуквае «следчы». Ён ізноў яхідна, як і сапраўдны следчы, пасміхаецца.— Растлумачце — я вас не разумею,— зварачаецца ён да «паддопытнага».

«Паддопытны» сарамяжліва і вінавата апускае вочы, хвілінку думае.

— П'янаму, гаспадзін следчы, і мора па калена,— журботна прызнаецца ён і дадае: — А за кампанію, як кажуць, цыган павесіўся.

Янка не датрымаў ролі і весела зарагатаў.

––А ведаеш,— сказаў Янка,— някепска атрымоўваецца, далібог!

––Ты ж, трэба аддаць табе справядлівасць, пытанні ставіў казуістычныя,— хваліць следчыцкі талент Янкі Андрэй.

Тут не абышлося без таго, каб сябры не пахвалілі адзін аднаго за ўдала праведзеныя ролі. Але гэта толькі пачатак. Добры ж пачатак — палавіна справы. Дык трэба прадоўжыць следства. На гэты раз «следчым» робіцца Лабановіч, і ролі мяняюцца.

Спачатку паўтараецца той жа ўступны допыт, а затым працяг па сутнасці справы.

–– З вашых слоў выходзіць, што вы падпісалі пратакол, не ведаючы, што ў ім запісана, толькі таму, што вы былі п'яны і не зналі, што рабілі. Так я вас разумею? — пытае «следчы» Лабановіч «паддопытнага» Янку Тукалу.

–– Так,— смела пацвярджае Янка.

–– А дзе вы напіліся і з якога поваду?

Янка напускае посны выгляд, збіраецца з думкамі.

–– Выпілі на сяброўскай маёўцы, спачатку, як кажуць, на ўлонні прыроды за сялом, а потым дадалі яшчэ і ў Мікуціцкай школе, на кватэры свайго калегі Садовіча.

–– Стала быць, мелася нейкая рэальная прычына для такой выпіўкі. Вось вы і скажыце, якая гэта была прычына?

«Паддопытны» спачатку крыху мнецца, а потым кажа:

–– Асноўная прычына, гаспадзін следчы, была ў тым, што і нашаму брату, вясковаму настаўніку, часамі хочацца выпіць, тым болей, у такой вялікай кампаніі.

–– Гэта праўда, кампанія вялікая, задужа нават вялікая для сяброўскай маёўкі, як сцвярджаеце вы,— іранічна заўважае «следчы».

«Паддопытны» не крыўдзіцца за гэту заўвагу і прадаўжае сваё тлумачэнне.

— Сяло Мікуцічы, гаспадзін следчы, славіцца тым, што з яго выходзіць многа настаўнікаў. Дык нічога дзіўнага няма ў тым, што летам іх з'язджаецца многа ў сваё сяло, да бацькоў.

–– А вось з іншых мясцін былі тут настаўнікі? — вядзе сваю лінію «следчы».

–– Іх было мала, гаспадзін следчы, дый то гэта ўсё блізкія прыяцелі, аднакашнікі настаўнікаў, выйшаўшых з Мікуціч.

–– Ну, а вы — таксама з Мікуціч? — пытае «следчы».

— Я тут па суседству. Мая вёска вярсты дзве адгэтуль. Летам я ўвесь час праводзіў з сябрамі ў Мікуцічах.

–– Так весела там? — іранічна падае рэпліку «следчы».

–– Мы ўтварылі там, на кватэры Садовіча, пры школе, гурток настаўнікаў і займаліся падгатоўкаю да экзаменаў на атэстат сталасці,— дае тлумачэнне Янка.

–– Вашу «сталасць» вы засведчылі ў сваёй крамольніцкай рэзалюцыі,— кажа бязлітасна «следчы», потым рэзка мяняе тон. — Давайце кінем гуляць у хованкі,— сурова гаворыць ён.— Факт ёсць факт, а дакумент застаецца дакументам! — «Следчы» падымае ўгору ліст паперы, які павінен азначаць «дакумент», і ўжо болей спакойна гаворыць: — Прызнавайцеся — хто пісаў тэкст гэтага паскуднага пратакола?