Выбрать главу

Пасля кароткай паўзы ён дадаў:

— Памятайце, што шчырае ўсведамленне злачыннасці і праўдзівае прызнанне свае віны толькі зменшыць ступень справядлівага пакарання.

«Паддопытны» спачатку маўчыць, а потым лагодна заяўляе:

— Мне няма ў чым прызнавацца, бо я не толькі не ведаю, хто пісаў пратакол, але і не ведаю, што ў ім напісана.

— Кіньце дурака валяць! — грыміць «следчы».— Гаварыце праўду, хто складаў пратакол?

— Калі хочаце ведаць праўду, дык скажу: пратакол напісаў бог Бахус! — адказвае таксама крыху ўзлаваны «паддопытны».

Прыяцелі не датрымліваюць далейшай камедыі і весела рагочуць.

–– А няхай ты скісні! Замарыў мяне, аж лабаціна ўпарылася,— гаворыць Янка і выцірае хустачкаю лоб.

–– Што скажаш, Яне? Па-мойму — някепска. Калі мы ўсе разыграем такую «божскую камедыю», дык яй-права, добра будзе!

–– Шлях працярэблены! — весела адзываецца Янка.— Застаецца толькі пашліфаваць некаторыя дробязі. Можа, «следчы» — ты ці я — не так часамі запытваў, а «паддопытныя» часамі не так адказвалі.

–– А як ты мяркуеш, можа, «Бахуса» трэба зняць, а тую ж думку выказаць трохі іначай,— асцярожна заўважае Лабановіч.

–– Справа, браток мой, не ў дакладнай тэрміналогіі, была б толькі верна і не разнабойна вызначана лінія агульных паводзін, а рэшту, вядома, трэба падгладзіць, падчысціць.

–– Я ў прынцыпе не супраць Бахуса, Янка, быць можа, гэта наша знáхадка. Тысячы людзей ускладалі віну на беднага Бахуса, і гэта часта памагала ім.А ну ж і нам ён саслужыць службу.

–– Прыяцелі пераходзяць да канчатковага афармлення «допыту» і апошніх заключэнняў. Застаецца толькі пазнаёміць усіх удзельнікаў настаўніцкага з'езду ў Мікуцічах, каб усе зволеныя настаўнікі ігралі ў адну дудку — ніякага раней абдуманага намеру не было. Паўстала другое пытанне: якім спосабам паведаміць сябрам аб прынятай лініі паводзін на допыце. Адказ быў адзін: толькі вусна і ўпотайку.

У заключэнне Лабановіч сказаў:

–– Трымайся, Янка, нас яшчэ лёсы невядомыя чакаюць. Падаць духам не будзем!

–– Не будзем!..— падхапіў Янка.— Мы яшчэ пакажам, што такое «агаркі-санкюлоты» — сцеражыцеся, багацеі, бедната гуляе!

Пасля таго як настаўнікаў павыганялі са школы, яны называлі сябе «агаркамі», гэта значыць людзьмі, выкінутымі за парог жыцця.

VI

Праз колькі дзён пасля рэпетыцыі допыту да Лабановіча зайшоў брат.

— Для цябе, браце, наклёўваецца школа,— весела прамовіў Уладзімер. На яго губах красавалася хітраватая ўсмешка.

Лабановічу здалося, што брат хоча пакпіць з яго — напэўна, пад'язджае з нейкім жартам.

— У які бок ты ківаеш, Уладзік? Якая можа быць для мяне школа? — недаверліва азваўся Андрэй.

–– Маленькая школка, тут у Смалярні!

–– Не разумею, што ты хочаш сказаць,— прызнаўся Андрэй.

А Уладзімер казаў далей:

— Справа залежыць зараз ад цябе — згодзішся вучыць, і вучні будуць,— па тры рублі ў месяц з носа!

— Было б добра, каб яны былі, але дзе ўзяць іх?

Тут Уладзімер раскрыў карты. Некаторыя бацькі з суседніх вёсак, дачуўшыся, што тут пад бокам ёсць настаўнік, прасілі Уладзімера перагаварыць з братам, ці не ўзяўся б ён вучыць іхніх хлопцаў. Везці іх у Стаўбуны далекавата, ды яшчэ трэба знайсці кватэру, плаціць за яе, пасылаць харчы. А так было б зручней: лягчэй прайсці дзве-тры вярсты да Смалярні, чым ехаць вёрст дзесяць да мястэчка.

–– Дык як ты глядзіш на гэта? — запытаўся Уладзімер.

–– Ахвотна ўзяўся б вучыць — рабіць жа мне няма чаго. Колькі набярэцца вучняў?

–– Сем-восем хлопцаў, а то, можа, і болей.

–– Што ж? Гэта добра. Не ведаю толькі, як размясціць школу.

— Пра гэта ты не думай,— сказаў Уладзімер.

Яшчэ дні праз два «школа» была зусім гатова прыняць непрадбачаных вучняў. Змайстравалі просты доўгі стол, паставілі дзве лаўкі па адзін і па другі бок, а ў адным канцы табарэцік, «прафесарскую» кафедру.

Такая гісторыя адчынення «школы» ў Смалярні — на вялікую радасць Лабановіча і задаваленне вяскоўцаў, бацькоў дзевяці вучняў.

Хоць Лабановіч зараз быў далёка непаўнапраўны настаўнік, ад начальства не пастаўлены, але ён адчуў вялікае задаваленне, калі ў леснікову хату прыйшло дзевяць хлапчукоў рознага ўзросту і рознай адукацыі. Даволі было палавіны дня, каб устанавіць ступень падгатаванасці вучняў. Самаму старэйшаму з іх, Тодару Бярвенскаму, было ўжо каля шаснаццаці гадоў. Гэта быў рослы дзяцюк. Некалькі зім хадзіў ён у школу, але з вялікімі перапынкамі. Са школьнай праграмы ён сёе-тое ведаў, а наогул быў малапісьменны. Яго ўжо болей займалі дзяўчаты, чым кнігі. Але жыццё прымушала ўзяцца за навуку, хоць бы здаць экзамен за курс пачатковай школы. У школе, сярод шумнай грамады невялікіх хлапчукоў, Бярвенскі пачуваўся не дужа ёмка. Вось чаму з вялікаю ахвотаю пайшоў ён у зацішную Смалярню да Лабановіча. У Тодара была і асаблівасць гаворкі: калі дзеяслоў канчаўся на «аў», ён вымаўляў «оў»: браў — броў, араў — ароў, баранаваў — баранавоў і інш.