Выбрать главу

Усе астатнія вучні былі ад адзінаццаці да трынаццаці гадоў. Яны таксама вучыліся ўрыўкамі, прапускалі заняткі, слаба ведалі навуку ў межах школьнай праграмы. Па азнаямленні Лабановіч падзяліў іх на тры групы, па тры вучні ў кожнай: вышэйшая група, у якую ўваходзілі Тодар Бярвенскі, Якім Пракопік і Паўлюк Глушка, сярэдняя і група найболей адсталых.

З усёю адданасцю заўзятага настаўніка пачаў Лабановіч заняткі са сваімі нешматлікімі вучнямі. Перш за ўсё іх трэба было забяспечыць належнаю колькасцю пісьмовых прыналежнасцей, кнігамі-падручнікамі і іншымі дапаможнымі рэчамі школьнага ўжытку. Усё гэта было раздабыта стараннем самога настаўніка і дзякуючы некаторым грашовым выдаткам яго выхаванцаў, якія загарэліся шчырым жаданнем вучыцца.

З ранку да вечара крукам сядзелі вучні і настаўнік за сталом, то ўткнуўшыся ў кнігі, то ў сшыткі, то глыбакадумна падымалі ўгору вочы, калі рашалі задачы. Тут не было такога распарадку, як у звычайных школах. Перапынкі рабілі ў меру патрэбы, не лічачыся з тым, колькі часу адводзілася заняткам па тым ці іншым прадмеце.

Саматужная школа ў Смалярні абмежавала час Лабановіча, што ніколькі не турбавала яго, бо гэта была жывая і прывычная яму справа.

Янка Тукала шчыра парадаваўся за прыяцеля.

— Го, брат! — жартліва казаў ён.— Нашага брата голымі рукамі не возьмёш: ён жывучы, як палын, і жыць будзе, пакуль карэнні з зямлі не вырвеш!

Каб не замінаць прыяцелю ў занятках, ён таксама абмежаваў свае наведванні ў Смалярню. Але не было ніводнага тыдня, каб яны не сустрэліся — ці на кароткі, ці на болей доўгі час,— не пагаманілі аб розных рэчах і справах. Гэта ўжо сталася патрэбаю, доўга заставацца адзін без другога яны не маглі. Пагаманіць жа заўсёды было пра што. Жывучы ў мястэчку і сустракаючыся з местачковаю інтэлігенцыяй, Янка быў да некаторай ступені ў курсе розных палітычных плыняў, але ніводнаю з іх не захапляўся, стаяў збоку ад іх, прыглядаўся і прыслухоўваўся да ўсяго, што гаварылася, каб усё ўзважыць сваім уласным розумам, прапусціць праз свае думкі. Часамі ён нават пасмейваўся з местачковых лідэраў дробнабуржуазных партый і з іх бясстрашнасці.

Янка казаў:

–– Кожны гэткі цыган сваю кабылу хваліць. Мяне яны ўсе хочуць залучыць на свой бок. Я слухаю, і мне прыходзяць на памяць местачковыя крамнікі, што стараюцца зацягнуць у сваю краму пакупніка, каб прадаць яму тавар і зарабіць на продажы. Кожны разрываецца, даводзячы, што самая сапраўдная партыя ёсць тая, да якой ён сам належыць. Ды хто бачыў тую праўду? Дзе яна і якая яна? Я, прызнацца, не бачу яе. Помніш, як мы вывучалі ў Новым завеце: Пілат пытаўся ў Хрыста: а што ёсць ісціна? I адказу не пачуў.

–– Унь куды завярнуў ты, Янка! — крыху здзівіўся Лабановіч.— Залезеш, браце, у такія нетры, што і не выберашся.

–– А ўсё ж такі, што такое праўда? — упёрся Янка.

–– Калі Хрыстос не здолеў даць адказ Пілату на запытанне, што ёсць ісціна, дык я табе скажу. Праўда, гэта, брат, тое, у што ты веруеш так, што і другіх прымусіш паверыць.

–– Гм! — патрос галавою Янка.— Завілавата і неакрэслена. Це діло треба разжувати, як кажуць украінцы.

–– Бяда наша, Янка, у тым, што мы непадкаваныя, невялікая наша адукацыя, каб правільна падысці і крытычна паставіцца да праграмы розных палітычных партый.

–– У іх сам чорт нагу зломіць,— заўважыў Янка.— Слухаеш аднаго здольнага прамоўцу, дык здаецца, што ён гаворыць праўду. А паслухаеш другога, яшчэ болей здольнага і красамоўнага, які будзе абвяргаць першага і даводзіць правату сваіх поглядаў, дык выходзіць, што праўда на баку гэтага другога... Можа, і правільна, што такое хістанне ёсць вынік невялікай адукацыі,— згадзіўся Янка, але тут жа запярэчыў: — Не, браце, не ў адукацыі справа! Вось кадэты — вельмі адукаваныя людзі. Гэта ўсё прафесары, адвакаты, рэдактары газет і часопісаў. Дык няўжо ж ісці за імі і прызнаць, што яны кажуць праўду?

–– Не варты кадэты таго, каб гаварыць аб іх нават у маёй Смалярні,— зняважліва сказаў Лабановіч.— Справа ў тым, што кадэты — манархісты, хоць афарбоўка ў іх трохі іншая, чым, скажам, у акцябрыстаў і ў другіх падобных партый. Раз яны стаяць за манархію, якую б там ні было, дык цвілы грош цана ім.