Выбрать главу

А Лабановіч і сам думаў аб пісьмах, але прыяцелю сказаў:

— Без цябе і мне аднаму сумна.

Яны сабраліся і выйшлі з лесніковай сядзібы.

— Я павяду цябе новаю дарогаю, па якой ты яшчэ ніколі не хадзіў. Праўда, будзе трохі далей, затое ж новыя малюнкі разгорнуцца перад табою,— сказаў Лабановіч, беручы кірунак улева ад пераезда.

— Ну, што ж? Давай!— адгукнуўся Янка.— Я люблю ўсё новае, нябачанае і ўсё, што павялічвае дарогу.

Выйшлі ў Цёмныя Ляды, з вярсту ішлі паўздоўж старога яловага лесу, крута павярнуўшы ўправа. Лабановіч часта спыняўся, зварачаў увагу Янкі на цікавыя мясціны.

— Зірні, Янка, бачыш — кудзерка лесу сярод высечанай агромністай лясной прагаліны, нібы зялёны астравок у пустэлі. Праўда, прыгожы гаёк?

— Сапраўды, прыгожы,— пацвердзіў Янка.— Ведаеш, гэтая кудзерка пакінутага лесу нават выклікае такі жаль, нібы яна — адзінокая сірата.

— А паглядзі, колькі на гэтых лядах пераспелай травы, ды якой травы! I вось гіне марна. Ды аддай яе людзям, у якіх няма сенажаці! Сярпамі павыжыналі б яе. Дык не, няможна — скарбовая, княжацкая,— абураўся Лабановіч.

— А што князю мужык, беззямельнае сялянства! Быў бы напханы свой трыбух... Вешаць трэба такіх гадаў! — злосна заключыў Янка.

Восеньскі дзень, шэрае неба, засланае роўным аднастайным покрывам суцэльных воблакаў, і самі Цёмныя Ляды з пажаўцелаю высокаю травою, дзе пагульваў неспакойны вецер і шаптаў ёй нікому не вядомыя казкі,— усё казала аб заміранні жыцця прыроды і наводзіла неакрэслены смутак на сэрцы двух вандроўнікаў. Навокал было глуха, маўкліва, панура.

Ляды скончыліся. Вандроўнікі выйшлі на пустое, запушчанае поле, ужо колькі гадоў гаспадары перасталі засяваць яго, бо з засеву ледзь-ледзь збіралі насенне. На поле наступаў маладзенькі хвойнічак, усё болей і болей займаючы яго закінуты разлог. З правага боку — маленькая вёсачка, лявей выступаў вакзал і ўжо вядомы нам вятрак на горцы.

Тым часам прымоўкшыя вандроўнікі выйшлі на добра знаёмую дарогу, што вяла ў Мікуцічы.

— Стой, Янка, спынімся і паклонімся дарозе, што прывяла нас да пакуты. Памятаеш у Дастаеўскага? «Я не табе пакланіўся, а тваёй пакуце».

Янка паглядзеў на дарогу і ўздыхнуў.

— Чаго ўздыхаеш, браце?

— У мяне нарадзіўся афарызм,— адказаў Янка.

— Ну, кажы!

— Ідучы рабіць сур’ёзную справу, не забывай узяць з сабою розум, калі ён у цябе ёсць.

Лабановіч громка зарагатаў.

— Ну, вось бачыш, Янка, афарызм не горшы за шніцлераўскі. Толькі не зусім арыгінальны: нешта падобнае сказана ў Ібсена.

— Ну, што ж,— сказаў спакойна Янка.— Жабрак жабраку відзён па кійку.

Сябры развесяліліся і накіраваліся ў мястэчка, зрабіўшы вярсты тры лішніх. Нікуды не заходзячы, падаліся на пошту. Пошта была зачынена. Янка бачыў, як прыкра было прыяцелю. Андрэй жа і праводзіў яго з-за пошты.

— Што за свінства! — абурыўся Янка.— Зачыняць у святы дзень, калі бедным людзям зручней за ўсё завітаць сюды!.. Але пастой, сходзім на кватэру Івана Паўлавіча, гэтага цвілога балбеса.

Іван Паўлавіч толькі што вылез са свайго бярлогу, памыўся, апрануўся. Наведвальнікаў сустрэў прыязна. Яму ўчора пашчаслівіла: ён выйграў у карты сем рублёў трыццаць капеек. Ахвотна пайшоў на пошту, бо яна была зачынена па яго віне.

— Да запатрабавання? — запытаў Іван Паўлавіч, стоячы за перагародкаю, і хітра падміргнуў Лабановічу. Ён перакінуў некалькі пісем і падаў адно Лабановічу.

— Пэўна, гэтага чакалі? — пасміхнуўся паштавік.

Быстра зірнуўшы на пісьмо, Лабановіч палажыў яго ў кішэню, не падаючы знаку, што гэта яго ўзрушыла.

Сябры развіталіся з Іванам Паўлавічам. На гэты раз Лабановіч заклікаў Янку да Шварца. Пасядзеўшы з гадзіну і выпіўшы па бутэльцы піва, прыяцелі разышліся.

— Прыходзь жа вольным часам да мяне, дарагі мой Янка. Ды прынось афарызмы.

— Прыйду і афарызмы прынясу. На мяне цяпер наплыла афарызмавая хваля,— пажартаваў на развітанні Янка.

Апынуўшыся ў дарозе адзін, Лабановіч выняў з кішэні пісьмо.

«Дарагі Андрэй Пятровіч! — так пачыналася яно.— Я доўга не пісала Вам: не было і няма чым пахваліцца. У гарадскую жаночую школу не прынялі мяне, хоць экзамены здала шмат лепей, чым многія паступаўшыя са мною. Не было каму закінуць за мяне слова. Можа, мне не варта было гаварыць загадчыцы школы, што да экзаменаў рыхтавалі мяне Вы. Што буду рабіць далей, пакуль што не ведаю. Хутчэй за ўсё пайду па бацькавай дарозе. У мамы ёсць знаёмыя, калегі майго таты. Паступлю на работу і буду вучыцца на тэлеграфістку. Мы з мамаю часта ўспамінаем Вас. Мама пасылае Вам паклон.

Пішыце, як Вы жывяце. Што ў Вас чуваць?