Выбрать главу

Бывайце здаровы! Ваша вучнёўка Ліда».

Цэлы клубок думак і пачуццяў выклікала гэта кароценькае, акуратна і граматна напісанае пісьмо. Балюча разанулі па сэрцу словы: «Можа, мне не варта было гаварыць загадчыцы школы, што да экзаменаў рыхтавалі мяне Вы». Што гэта — дакор ці шчырасць? Горкі жаль і смутак па Лідачцы агарнулі Лабановіча. Ён некалькі разоў перачытаў пісьмо, і вобраз Ліды, якую налучыла першая прыкрая няўдача і, можа быць, з-за настаўніка, як жывы, паўстаў перад яго вачамі. Цяпер стала ясна, што дарогі іх не сыдуцца.

Спахмурнелы, адзінокі ішоў ён у Смалярню.

VIII

Заняткі ў саматужнай школе ішлі сваёю чаргою. Яны дапамагалі Лабановічу вызваляцца ад лішніх думак і непатрэбных настрояў. Праз некаторы час выявілася, што вучні старэйшай групы настолькі пасунуліся наперад у навучанні, што ўжо можна было гаварыць і пра іх экзамены. Гэта акалічнасць асабліва ўзрадавала Тодара Бярвенскага, і хлопцы сталі займацца яшчэ старанней. Паўставала адно пытанне: ад якой школы пасылаць іх на экзамены? Выпадак з Лідачкаю прымушаў Лабановіча ставіцца болей прадбачліва і адказна да сваіх выхаванцаў. Найлепшае выйсце — перагаварыць з мясцовым настаўнікам і заручыцца яго згодаю прадставіць на экзамены хлопцаў Лабановіча як сваіх, як вучняў Стаўбуноўскай школы. Не было падставы думаць, што стаўбуноўскі калега не згодзіцца з гэтым. Але наперадзе была яшчэ ўся зіма, хопіць часу, каб вырашыць гэта пытанне; абы толькі нішто не парушала наладжанай работы і тых планаў, што былі ў Лабановіча.

Вечарам, калі ён заставаўся адзін, апаноўвалі розныя думкі. Ён выходзіў з дому праветрыцца і ў самоце аб усім падумаць, усё абмеркаваць. Неразлучна спадарожыў яму ў думках вобраз Лідачкі і ўсе тыя падзеі і малюнкі, што злучаліся з ёю. I дзяўчына была для Лабановіча зараз такой мілай, такой прывабнай і дарагой, як і ўсё, што адыходзіць ад нас і не варочаецца. Ёй трэба напісаць пісьмо, напісаць прыязна, шчыра, праўдзіва. Вечарам ён сядзе за стол, запаліўшы просценькую сялянскую лямпу, і будзе пісаць пісьмо. Яно ўжо складалася ў мыслях.

З пагулянкі Лабановіч вярнуўся ў змярканне. Пераступіўшы парог свае «школы», ён заўважыў постаць чалавека за вучнёўскім сталом. У хаце было зусім ужо цёмна, і пазнаць незнаёмага было трудна. I як жа здзівіўся Андрэй, калі пачуў так добра знаёмы голас і словы прывітання:

— Няхай не падзе на цябе цень бярозы, пад якой сядзеў грэк!

— Янка! — выгукнуў Лабановіч і на прывітанне прыяцеля адказаў: — Няхай не апынешся ты ў становішчы сабакі, што сядзіць на плоце!

Такія былі ў іх «агаркаўскія» прывітанні.

— Не чакаў мяне? — запытаў Янка, выходзячы з цемнаты насустрач Лабановічу.

— Прызнацца, такі і не чакаў,— з ноткаю здзіўлення сказаў Андрэй.

— А я, бачыш, тут як тут.

— Маладзец, што прыйшоў: заўсёды рад бачыць цябе. Пэўна, не з пустымі рукамі, а з афарызмамі прыйшоў?

— Не, брат, не з афарызмамі, а з нечым болей важным.

Лабановіч пачаў крыху трывожыцца. Янка дастаў з бакавой кішэні ліст паперы, сеў бліжэй да цьмяна гарэўшай лямпы. Да яго падсеў і Лабановіч. Угары на разгорнутым лісце паперы былі напісаны ад рукі, а потым адбіты на шапірографе два словы: «Таварышы настаўнікі!» А далей ішоў тэкст звароту:

«Група нашых таварышаў-настаўнікаў, якія сабраліся летам гэтага года ў сяле Мікуцічы для абмеркавання сваіх прафесіянальных інтарэсаў, асабістых і школьных, зволена з настаўніцкіх пасад бяздушнымі чыноўнікамі-бюракратамі. Ні расследавання, ні суда над імі не чынілі, угледзеўшы, як відаць, у сходзе настаўнікаў бунтарства і крамолу. Мы самым катэгарычным чынам пратэстуем супраць такой паліцэйска-бюракратычнай расправы над нашымі таварышамі і калегамі. Мы зварачаемся да ўсіх настаўнікаў Мінскай губерні — выказаць самы рашучы пратэст з поваду расправы над нашымі калегамі. Пасады зволеных настаўнікаў аб’яўляюцца пад байкотам. З пачуцця таварыскай салідарнасці ніхто з настаўнікаў не павінен займаць месцы зволеных таварышаў, каб не пераходзіць у лагер іх ворагаў».

Унізе было напісана:

«Ад групы настаўнікаў Мінскай губерні».

Скончыўшы чытаць адозву, Янка запытаў:

— Што? Бачыў, кум, сонца?

Лабановіч паківаў галавою, і трудна было зразумець, ці рад ён быў, ці не рад.

— Не ведаю, браце, якое гэта сонца.

— А як усё ж такі расцэньваеш ты гэты дакумент?

— Дадатна,— крыху падумаўшы, адказаў Лабановіч.— Справа, браце, у тым, што, як кажуць, не звяліся яшчэ багатыры на нашай зямлі. Нас пазвальнялі, а вось знайшліся паміж нашаю братвою людзі, аб якіх мы нічога не ведаем і якія не мірацца з нашым звальненнем, заступаюцца за нас, пратэстуюць. I наша справа такім чынам набывае пэўны водгук. Вось у чым дадатнасць адозвы, невядома чыёю рукою напісанай. Для нас жа асабіста... Як табе сказаць, быць можа, гэты дакумент пагаршае наша становішча.