Выбрать главу

— Пусціўся Мікіта ў валакіту, дык ідзі — не аглядайся, як добра казаў Нічыпар Янкавец.

З некаторым хваляваннем сябры селі ў вагон поезда, што раніцою адыходзіў на Мінск. Шэра-Сенька даў ім інструкцыі, як трымацца сярод незнаёмай публікі ў поездзе, каб нічым не зварачаць на сябе ўвагі: паводзіцца проста, натуральна, не напускаць на сябе сур’ёзнай заклапочанасці і не пачынаць гутаркі з рознымі пранырамі, аматарамі пагаманіць.

Апаўдні нашы вандроўнікі прыехалі ў Мінск. Шэра-Сенька даў адрас таго дома, дзе павінен быў праходзіць сход. Ён параіў дабірацца паасобку, наўперад конкаю, а далей ісці пехатою. Дом знаходзіўся на Камароўцы. Тады гэта быў ужо край горада, яго ваколіца, дзе стаяў высокі бор, а з-за хвой выглядалі сям-там ладныя простыя домікі, пабудаваныя на гарадскі лад. Гаспадары здавалі іх пад дачы. У адным з такіх домікаў і мелася адбыцца патайная нарада. Шэра-Сенька даў і пароль, каб увайсці ў канспірацыйны дом: «Паклон ад Шэра-Сенькі».

Першым сеў на конку Янка Тукала. Андрэй пачакаў другой. Сябры дамовіліся спаткацца каля дома, каб увайсці туды разам. Яшчэ здалёк заўважыў Лабановіч сябра. Янка бестурботна шпацыраваў па вуліцы, адышоўшыся на значную адлегласць ад запаветнага доміка, які ён нагледзеў загадзя. Хоць сябры трохі пабойваліся і падазрона кідалі потайкам позіркі на людзей у кацялках, але Лабановіч не мог утрымацца, каб не пажартаваць.

— Паклон ад Шэра-Сенькі,— сказаў ён ціха сябру.

— Глядзі, каб не было паклону ад «кацялка»,— яшчэ цішэй заўважыў Янка, намякаючы, што тагачасныя шпікі царскіх ахранак звычайна хадзілі ў кацялках.

Сябры трохі патупалі, а потым, украдкам азірнуўшыся, шмыгнулі ў двор. Сустрэў іх сам Шэра-Сенька.

— Трэба перадаваць паклон ці не? — сказаў жартам Янка, каб надаць сабе крыху смеласці.

— Можна і без паклону,— усміхнуўся Шэра-Сенька.

На вешалцы ў пярэдняй вісела чыёсьці ладнае паліто з добрай матэрыі, жаночы капялюшык, два «буржуйскія» капелюшы і некалькі кепак. Госці таксама пазнімалі свае мізэрныя паліто і шапкі. Шэра-Сенька павёў сяброў у пакой, наўперад пастукаўшы ў дзверы. Дзверы зараз жа злёгку прыадчыніліся. У росчыну дзвярэй паказаўся даўгаваты тонкі нос і чорныя вочы. Убачыўшы Шэра-Сеньку, даўгаваты нос расчыніў дзверы шырэй.

— А, калі ласка! — сказаў малады хлопец, уласнік тонкага носа, чорных брывей і вачэй.

За сталом у пакоі, на самым відным месцы, сядзеў стары чалавек, гадоў пад семдзесят, з пышнаю сіваю барадою. Ён найболей кінуўся ў вочы ўвайшоўшым сябрам. Барада і аблічча гэтага чалавека ў некаторай ступені рабілі яго падобным да Льва Талстога. Пра гэта ведаў сам барадаты стары і дужа ганарыўся такім падабенствам. Гэта быў вядомы ў той час нарадаволец. Уся сям’я яго належала да розных рэвалюцыйных плыняў. Стары нарадаволец арганізаваў нелегальны гурток сялян з бліжэйшых навакольных вёсак. Апроч самога нарадавольца, у пакоі былі яго сын, хваравіты на выгляд чалавек, маўклівы, нібы нечым незадаволены, і дачка. Сын безуважна глядзеў кудысь у неакрэсленыя прасторы, а дачка з цікавасцю пазірала на новых людзей. Яна была ўжо не першай маладосці, працавала дакторкаю ў адной з земскіх бальніц. Быў тут яшчэ незнаёмы, даволі малады чалавек, з зыркімі цёмнымі вачамі і рухавым тварам. У часе гутаркі, а гаварыць ён любіў і гаварыў громка і ўпэўнена, весела пасмейваўся, а калі ён смяяўся, то смяяўся ўвесь яго твар, вочы і губы, прычым верхняя губа падымалася ўгору і расчыняла дзясны з буйнымі крэпкімі зубамі. Прозвішча яго было Кандаковіч. Калі нарадаволец ганарыўся падабенствам да Льва Талстога, то Кандаковіч славіўся асабістым знаёмствам з Караленкам.

Тон гутарцы, як відаць, задаваў стары нарадаволец. Было такое ўражанне, што размова нейкая тут вялася і спынілася толькі з прыходам новых у гэтай кампаніі настаўнікаў. Шэра-Сенька пазнаёміў іх з нарадавольцам і з іншымі асобамі, што былі ў пакоі. Стары падняў вочы з-пад навіслых сівых брывей, агледзеў настаўнікаў беглым поглядам.

— Прашу садзіцца,— прамовіў ён і паказаў на канапу.

— Так, настаўніцтва — сіла,— заўважыў Кандаковіч.— Нямецкія настаўнікі наладзілі французам Седан — яны перамаглі Францыю.