Выбрать главу

Заўвага была зусім недарэчы, і думкі Кандаковіча ніхто не падтрымаў. Нарадаволец памяшаў лыжачкаю ў шклянцы чаю, палыкнуў глыток, цмокнуў разы два губамі, лізнуў языком куточкі губ.

— Гэта верна,— азваўся ён.— Усякая разрозненая сіла, сабраная ў адно, звязаная крэпкім абручом і накіраваная ў адзін пункт, робіць цуды. Гэта заўсёды трэба мець на ўвазе.

Для Кандаковіча словы нарадавольца былі тою саломінкаю, якая зараз жа пераходзіць у цэлы мост да вялікай гаворкі. Ён лічыў сябе высокаінтэлігентным чалавекам і выдатным прамоўцам. Кандаковіч часамі казаў, што калі выступае з прамоваю, то гаворыць узрушана і горача, і яго сяды-тады трэба стрымліваць.

— Святая праўда! — падхапіў ён словы нарадавольца.— I бяда толькі ў тым, што не так лёгка згуртаваць разрозненыя, як вы слушна кажаце, сілы. Вось, да прыкладу, нас, рэвалюцыйна настроеных людзей, сабралася тут не так многа, а такой бясспрэчнай, для ўсіх яснай і прымальнай асновы, на якую сталі б мы ўсе, як адзін чалавек, няма. Адзін разумее справы грамадскага жыцця так, другі іначай. Адгэтуль і розных плыняў у нас многа. Больш таго: вось, скажам, я належу да Беларускай сацыялістычнай грамады. У нашай арганізацыі свая спецыфіка: сюды далучаецца нацыянальны момант. Але і мы, грамадаўцы, не ва ўсіх поглядах сходзімся. Ды гэта, можа, і не бяда: чым болей у букеце кветак розных адценняў, тым багацейшы букет.

— Ну, а калі ў букеце будуць адны толькі чырвоныя ружы, то, як па-вашаму, такі букет будзе бедны? — падала прамоўцу рэпліку дачка нарадавольца.

Кандаковіч весела засмяяўся ўсім сваім тварам, паказаўшы буйныя жаўтаватыя зубы.

— Пытанне, Вера Анатольеўна, і дамскае і ў той жа час філасофскае,— адказаў ён.

Кандаковіч хацеў пагаварыць шмат болей, але ў пакой увайшлі яшчэ два чалавекі. Абодва яны былі здаравякі, шырокія, грамозныя. Адзін чарнявы, плячысты, з пышнымі чорнымі вусамі, крыху касавокі: адно вока пазірала, як кажуць, на Маскву, другое на Варшаву. На выгляд яму можна было даць гадоў за трыццаць. Другі быў яшчэ шырэйшы ў плячах і ростам вышэйшы, з дабрадушным тварам, з вялікай святляваю галавою. Абодва яны збіраліся рэдагаваць розныя выданні. Чарнявы намячаўся калі не ў рэдактары, дык у намеснікі рэдактара першай беларускай газеты, якая мелася выходзіць у бліжэйшыя дні. Прозвішча яго было Уласюк. Ні да якой партыі ён не належаў, называў сябе незалежным хутаранінам, хоць цалкам падзяляў праграму Беларускай сацыялістычнай грамады. Другі, таксама будучы рэдактар новага часопіса, але ўжо іншага кірунку, быў сацыял-дэмакрат Кастогін. У мінскай прагрэсіўнай газеце ён змясціў сваю алегарычную казку пад назваю «Пень». Людзі згуртаваліся і вывернулі з зямлі пень, які дужа замінаў ім. Пад пнём разумеўся цар. Царскія чыноўнікі дайшлі да сэнсу казкі. Газету закрылі, выдаваць новую не дазволілі, а сам Кастогін на час дзесь знік.

З прыходам рэдактараў двух новых выданняў, што, праўда, яшчэ толькі наклёўваліся, усе прымоўклі. Рэдактары павіталіся з прысутнымі, як з добрымі знаёмымі, а на былых настаўнікаў зірнулі спачувальна, даведаўшыся, хто яны такія.

— Што ж, панове,— сказаў стары нарадаволец, зноў пажаваўшы губамі і аблізнуўшы іх кончыкам языка,— болей мы нікога не чакаем, то давайце пагутарым. Прашу бліжэй да стала!.. Хто хацеў бы ўзяць слова? — запытаў ён прысутных.

— Вы, Анатоль Іосіфавіч, як самы старэйшы сярод нас, павінны пачаць сход,— адказаў Кандаковіч. Яго падтрымалі.

— Ну, добра,— згадзіўся нарадаволец.— Аб чым жа нам гаварыць сягоння? — звярнуўся ён да прысутных. Памаўчаўшы, казаў далей:— Справа сягоння не ў тым, што мы не маем такой агульнай асновы, на якую сталі б мы ўсе, як гаварыў паважаны Ігар Сяргеевіч,— кіўнуў нарадаволец на Кандаковіча.— Справа, сябры мае, у тым, што полымя рэвалюцыі асядае і гасне. На жаль, верх узяў агульны вораг наш — самадзяржаўны царскі лад. Наша задача: не даць патухнуць агню рэвалюцыі.

Старому нарадавольцу папляскалі.

— Адгэтуль, сябры мае, вынікае і спосаб, метад барацьбы прагрэсіўных людзей Расіі за народ, за яго правы і інтарэсы ў новай абстаноўцы. Якія ж спосабы-шляхі можам азначыць мы? Прашу выказацца.

— Для мяне ясна адно,— узяў слова Кастогін,— нам трэба заняць адну найболей правільную пазіцыю і з гэтай пазіцыі пасылаць свой агонь у адзін пункт. Гэта — пазіцыя рабочага класа, пралетарыяту. На гэтай пазіцыі стаім мы, марксісты. А таму наша стаўка на рабочы клас як на адзіны паслядоўны і рэвалюцыйны клас у дзяржаве, здольны стаяць на чале рэвалюцыйнага руху і кіраваць ім...

— А сялянства вы скідаеце з рахунку? — узрушана перапыніў прамоўцу Шэра-Сенька.— Яно — самы шматлікі клас у Расіі. Яно папаўняе рады рабочых на фабрыках і заводах. Яно дае салдатаў у царскую армію. А покі мы не адарвём яе ад царска-паліцэйскага рэжыму, да таго часу не возьме верх рэвалюцыя. А таму ўсю ўвагу трэба накіраваць на сялянства.