Спрэчкі разгарэліся. Кожны з прысутных адстойваў свой погляд. Маўчалі толькі два сябры, і не таму, што не было чаго сказаць, а проста не асмельваліся выступаць перад такімі бойкімі прамоўцамі. Выступіў і Уласюк.
— На маю думку, сягоння ў нас можа быць адзін верны шлях. Гэта — шлях культурна-асветнай работы як сярод сялянства, так і сярод рабочых у гарадах.
— А якую мэту ставіце перад імі вы? Якую перспектыву даеце ім? — запытаў Кастогін.
— Не будзем зараз забягаць наперад. Час і абстаноўка пакажуць, што рабіць далей,— нічога лепшага адказаць не патрапіў Уласюк.
— Нашы рознагалоссі нагадваюць мне адзін расказ,— сказаў ён у заключэнне.— Вёз мужык у горад прадаваць капусту. Па дарозе быў круты ўзгорак. З узгорка воз пакаціўся ўніз і перакуліўся. Капуста выкінулася, і кожная галоўка пакацілася куды папала. На гэты час ішоў падарожны. Ён спыніўся і глыбакадумна прамовіў: «Глядзі ты яе — у кожнай галоўцы капусты, аказваецца, ёсць свой розум, адна коціцца туды, другая сюды». Ці ж не тое самае наглядаецца і ў нас? Дык вось чаму патрэбна культурна-выхаваўчая работа сярод шырокіх пластоў народа, каб усе галовы каціліся ў адзін бок.
Нельга сказаць, каб гэты расказ дужа спадабаўся прысутным.
— Сябры мае! — сказаў нарадаволец на зачыненні сходу.— Думкі ў нас розныя, а мэта адна: не даць заглухнуць рэвалюцыйнаму руху ў народзе. Усё, што можам рабіць для яго, будзем рабіць. I нашы намаганні не прападуць. Жадаю ўсім нам поспеху! Заўтра нашу нараду прадоўжым у іншым месцы.
X
Апынуўшыся па-за сценамі дачнага дома, сябры ўздыхнулі лягчэй. Спачатку яны там адчувалі сябе нібы звязанымі, пакуль не прыгледзеліся да новых і незнаёмых ім людзей і не перакінуліся з сім-тым з іх некалькімі словамі. Удзельнікі патайной нарады як людзі рабілі добрае ўражанне, а асабліва Кастогін. У ім самім і ў яго словах адчувалася ўнутраная сіла і праўда. Найболей супярэчлівым здаваўся стары нарадаволец: буйны землеўласнік, рэвалюцыянер, а чаму не аддае зямлі сялянам? У цэлым жа гаворкі прадстаўнікоў розных рэвалюцыйных плыняў крыху расчароўвалі: у галовах неспакушаных у грамадскіх справах былых настаўнікаў стваралася яшчэ большая блытаніна.
Было ўжо зусім цёмна, калі сябры выйшлі на вуліцу. Слаба свяцілі ліхтары. На ўскрайку горада руху было мала. Зрэдку праходзіла парачка, занятая сваімі справамі, далёкімі ад усяго, што пачулі і аб чым думалі зараз сябры. Калі-нікалі праязджала павольна калымага, пагрукваючы коламі па няроўным бруку, пацоквалі падкаваныя конскія капыты.
— Блажен муж, иже не иде на совет нечестивых,— сказаў Янка, нібы падводзячы гэтым царкоўнаславянскім выслоўем падрахункі патайной нарады.
— А я не каюся, што пабыў там,— адказаў Лабановіч.— Праўда, нічога новага не пачуў, а ўсё ж цікава. Шмат новых думак абуджана ў галаве, ды аб гэтым, Яне, пагамонім потым.
— А як заўтра? — спытаў Янка.— Пойдзем ці не?
— Я не пайду, паеду дахаты: «школа» чакае мяне.
Мінуўшы мост цераз Свіслач, сябры развіталіся. Янка накіраваўся да знаёмага, дзе і думаў заначаваць. Лабановіч хацеў сесці на конку і паехаць да таварыша па семінарыі, з якім яны сябравалі і пісалі адзін аднаму. Выглядаючы конку, Лабановіч не заўважыў, як да яго непрыметна падышоў высокі чалавек і палажыў на плячо руку.
Ад нечаканасці Лабановіч здрыгануўся.
— Што, перапалохаў? — спытаў высокі чалавек і жычліва засмяяўся.
Лабановіч зірнуў: перад ім стаяў чарнявы рэдактар.
— Пазнаёмімся — маё прозвішча Уласюк.
— Ды мы бадай што знаёмыя,— адказаў Лабановіч, падаючы руку.
— То было знаёмства здалёку, можна сказаць, безыменнае, а я хачу пазнаёміцца з вамі бліжэй. Што?
Уласюк меў звычай часта ўжываць слова «што» ў форме запытання, на якое можна і не адказваць.
— Мне вельмі прыемна,— пачціва адказаў Лабановіч, крыху засаромеўшыся і ў той жа час таксама трохі і насцярожыўшыся.
— Вось і добра. Тады пойдзем да мяне: я спыніўся тут непадалёку.
— Дзякую і не пярэчу... Прабачайце: як ваша імя і па бацьку?
— Мікіта Аляксандравіч,— адказаў Уласюк і дадаў:— Я, прызнацца, шукаў вас, каб пагаварыць і прыцягнуць да работы ў нашай беларускай першай газеце, што?
Дом, у які Уласюк прывёў Лабановіча, сапраўды быў непадалёку. Тут кватараваў нейкі адвакат-ліберал. Зараз яго дома не было, ён уступіў кватэру на пэўны час свайму добраму знаёмаму Уласюку. Аканіцы ў кватэры былі шчыльна зачынены. Уласюк запаліў агонь. Адвакацкі кабінет быў прасторны. У ім стаяла некалькі шафаў з кнігамі, галоўным чынам па адвакацкай спецыяльнасці.