Лабановіч гаварыў шчыра, хвалюючыся, а таму і гаворка яго была блытаная, няроўная, нібы ішоў п’яны або кульгавы чалавек.
— А зараз, дзядзька Андрэй, вы можаце выйсці на дарогу,— заўважыў Уласюк.— I я не мыляўся, калі казаў, што шукаю вас.
— Я вельмі і вельмі дзякую вам, Мікіта Аляксандравіч. Вось, як бы я ізноў на свет нарадзіўся... Скажыце, калі гэта не сакрэт, якія мыслі, ну, праграму мае на ўвазе праводзіць газета і якая назва ёй? — запытаў Лабановіч.
— Мы яшчэ не ахрысцілі яе. Мы ставім сабе задачу — служыць беларускаму народу, змагацца за яго грамадскія і нацыянальныя правы, абуджаць яго свядомасць. А рэшту я гаварыў на сходзе. Вы чулі мяне?
— Я слухаў вас уважна... Удалы прыклад прывялі вы — аб капусце.
— Што, здорава? — запытаў Уласюк і засмяяўся.
— Вельмі трапна. Толькі не ведаю, як спадабаліся капусцяныя галовы слухачам.
Уласюк ізноў засмяяўся.
— Гэта ім не пашкодзіць.
Далёка за поўнач Лабановіч і Уласюк леглі спаць.
Доўгі час не мог заснуць Лабановіч. Ён прыгадваў усе падзеі дня. Беларуская газета разганяла яго сон. У галаве складалася казка аб тым, што жывой мыслі народа не могуць знішчыць ніякія царскія рэпрэсіі.
XI
Адшумелі свой час неспакойныя восеньскія вятры. Нізкія, разарваныя ветрам мітуслівыя хмары выплакалі халодныя слёзы.
Кароткія, змрочныя дні наводзілі паныласць і смутак, прыгняталі добры настрой і адчуванне. Быў той час, калі людзі прасілі: «Прыходзіла б ужо зіма. Няхай бы падсушылі марозікі зямлю, каб яна не тапілася ў гразі і ў балоце».
I вось у адзін дзень бязладныя, неспакойныя хмары, нібы спалоханыя птушкі, падняліся вышэй, зрабіліся болей тугімі. Падзьмула з поўначы здаровым халадком. Зямля сушэла, пакрывалася цвёрдаю скарынкаю. А пад поўнач пасыпаў сняжок, заложны, спорны, густы і сухі. Снег ішоў усю ноч і ўвесь заўтрашні дзень. Пад вечар снег суняўся. На захадзе бліснула журботная, ласкавая ўсмешка сонца і патухла. У небе засвяціліся першыя зоркі. Прыціснуў мароз. Назаўтра, як толькі разднела і праз густыя шаты высокіх ялін, убраных снегам, пачалі ледзь-ледзь прабівацца халодныя праменні сонца, Лабановіч выйшаў з хаты. Пругкае марознае паветра абняло яго сваім дыханнем. Зусім іншы малюнак вынікаў перад вачамі павесялеўшага Лабановіча. Кругом было так чыста, такая бель, што сляпіла і адбірала вочы. Лес пасвятлеў, пабялеў і пазбыўся свае хмурай панурасці пад белаю чысцюткаю посцілкаю. Кашлатыя лапы ялін гнуліся пад халодным пластом снегу, а маленькія елачкі на ўскрайку лесу і пні панадзявалі пышныя белыя скругленыя шапкі-башлыкі і хаваліся пад імі. I нельга было ўтрымацца, каб не памераць сваімі нагамі глыбіню снегавога покрыва, як не адзін раз рабіў Лабановіч яшчэ ў дзяцінстве. Снег даходзіў амаль да калена.
«Можна будзе і на лыжах пахадзіць»,— падумаў Лабановіч. У брата Уладзімера якраз і лыжы былі.
Праходзіў час. Усталявалася зіма з маразамі і завеямі. У жыцці нашых сяброў нічога асаблівага не здарылася, і пакуль што ніхто іх не патрывожыў і не патурбаваў. Заняткі з хлопцамі праходзілі сваёй чаргою. Лабановіч заручыўся згодаю настаўніка Стаўбуноўскай школы прыняць вучняў да экзаменаў як сваіх. Вялікую радасць перажыў Лабановіч, калі яму прыслалі першы нумар першай беларускай газеты. Ён чытаў і перачытваў кожны артыкул, кожны верш і карэспандэнцыю. Усё гэта было так нова, так нязвыкла. Найбольш сардэчны водгук на з’яўленне беларускай газеты пачуў ён ад сялян свайго сяла Мікуцічы, куды знарок хадзіў пачытаць людзям напісанае іх простым, родным мужыцкім словам. I сам Лабановіч стаў гарачым і адданым прыхільнікам і прапагандыстам свайго роднага слова, на якім друкавалася газета. Але кожны нумар газеты падпадаў пад рэпрэсіі царскіх чыноўнікаў і цэнзуры. Газету затрымлівалі, штрафавалі, канфіскавалі і, нарэшце, зусім забаранілі, а рэдактара засудзілі на год заключэння ў крэпасць. Замест забароненай пачала выходзіць газета болей памяркоўная, з ліберальна-буржуазным ухілам. Аднак і гэту рахманую газету царскія чыноўнікі заціскалі рознымі прыдзіркамі, прыгняталі штрафамі і белымі плямамі.
Некалькі пісем напісаў Лабановіч Лідачцы. Разы два ці тры яна адказвала на пісьмы і ў адным з іх прыслала нават сваю картачку. Лабановіч з замілаваннем часта разглядаў фатаграфію. Потым Ліда перастала адказваць на пісьмы, і далейшы лёс яе для яго стаў невядомы. Адна толькі фатаграфія засталася на памяць аб мінулых днях побыту ў Верханскай школе, аб вандроўках на хутар Антаніны Міхайлаўны. Лабановіч моўчкі перажываў і гэтую сваю страту. «Жыццё, і падзеі, і людзі ў ім праходзяць, нібы тыя рачныя хвалі»,— думаў ён у самоце.