Аднойчы, калі ў Смалярню прыйшоў Янка Тукала, сябры дамовіліся схадзіць у Панямонь да сваіх знаёмых настаўнікаў. Ім даўно хацелася паказацца сярод былых калег, пабачыць, як паставяцца яны да бяздомных бадзяг і выгнаннікаў. Пайшлі пад вечар у суботу з тым, каб заначаваць у Панямоні. Ім мала абыходзіў клопат, у каго заначаваць. З гэтай прычыны Янка нават прадэкламаваў вядомы з школьных чытанак таго часу верш:
Бог и птичку в поле кормит
И кропит росой цветок...
Другія ж два радкі верша: «Бесприютного сиротку не оставит также Бог» ён перайначыў на свой лад:
Беспрытульнага «агарка»
Не пакіне Базылёк,
намякаючы гэтым на Базыля Трайчанскага, які меў уласную камяніцу.
Правілам паводзін сяброў было: не вешаць нос на квінту. Вось чаму яны заўсёды, асабліва на людзях, былі вясёлыя, жартаўлівыя, прыдатныя да розных штук і забавак. У іх былі песні, выдуманыя імі самімі. Яны прыдумалі нават адзін балетны нумар і назвалі яго танец «зялёнага асла». Сябры станавіліся спінамі адзін да аднаго і адначасова падгіналі правую або левую нагу. Янка браўся рукою за падагнутую нагу Лабановіча, а Лабановіч за Янкаву, а на другой назе яны скакалі, як вар’яты, прысвістваючы або падпяваючы ў такт скокам. Потым яны мяняліся месцамі і адпаведна з гэтым мянялі і ногі па камандзе: «З другой!»
I песні, і жарты, і танец «зялёнага асла» мелі на мэце — высмеяць местачковы мяшчанскі быт з усімі яго цырымоніямі. Публіка, перад якою час ад часу выступалі саматужныя артысты, успрымала іх выступленні па-рознаму: адны крывіліся, другія гучна адаралі іх воплескамі. А наогул жа іх лічылі самымі вясёлымі і пажаданымі людзьмі, якія нікому нічога благога, апроч саміх сябе, не зрабілі.
Ужо адвячоркам сябры прыйшлі ў Панямонь. Мінулі будынак валаснога праўлення, фельчарскі пункт, дзе фельчарам быў той жа самы Найдус, і накіраваліся ў двухкласную школу да Тараса Іванавіча Шырокага. Ён таксама трывала сядзеў на сваёй пасадзе.
— Добры вечар вам! Ці рады вы нам? — дружна, у адзін голас прывіталі сябры гаспадара, пераступіўшы парог кватэры.
Гаспадар стаяў перад імі. На яго твары адбілася здзіўленне і тое няўлоўнае пачуццё, якое можна было назваць неспакоем, страхам і нечаканасцю бачыць перад сабою такіх гасцей. Але гэта быў адзін толькі момант. Тарас Іванавіч авалодаў сабою і прыйшоў у стан звыклага прыўзнята-бурнага настрою.
— А браточкі мае! А пакутнікі вы нашы! Заходзьце, заходзьце! Распранайцеся! Даўно ж я не бачыў вас, а як хацелася пабачыцца, пагутарыць! — шумна выказваў ён сваю радасць, моцна паціскаючы рукі гасцям.— I як рады я, што бачу вас, галубчыкі, качанчыкі мае,— сыпаў, як з мяшка, Тарас Іванавіч.
Знімаючы паліто, Лабановіч спытаў Шырокага:
— Але не баіцеся вы, Тарас Іванавіч, што прымаеце нас, адшчапенцаў, крамольнікаў, ды яшчэ з такім энтузіязмам?
У вачах Тараса Іванавіча бліснула на момант пужлівасць, няўпэўненасць, ды ён зараз жа перамог іх.
— Хто забароніць мне прымаць у сваёй хаце лепшых з лепшых настаўнікаў? Злачынцы вы, ці што? Казнакрады ці канакрады? Ды такі ж адшчапенец і крамольнік я сам і сотні тысяч гэтакіх крамольнікаў!
Каб не даць астыць пачуццю дружбацкасці і салідарнасці, ён голасна крыкнуў:
— Вольга! Жонка, стань перада мной, як ліст перад травой: ідзі сустракаць маіх прыяцеляў!
Не паспела паказацца ў пакоі Вольга Сцяпанаўна, як Тарас Іванавіч закамандаваў:
— Смаж яечню!
— Дай жа прывітацца з людзьмі! — весела прамовіла Вольга Сцяпанаўна. На яе твары свяцілася сапраўдная радасць і прыязнь. Яна памятала, як Лабановіч забаўляў яе малога сына Лёню і расказваў яму такія цікавыя казкі, што хлопчык часта ўспамінаў і пытаў пра дзядзю Андрэя.
— Ну, як жа вы жывяце? — пытала яна гасцей. У яе голасе чулася шчырае спачуванне і засмучэнне.
— Ды жывём так, што дай Божа: то скокам, то бокам, то часам з квасам, парою з вадою,— адказаў Лабановіч.
Янка дадаў:
— Мы людзі бестурботныя, на ўсё добрае ахвотныя, хлопцы вясёлыя, хоць пяткі нашы голыя. Ні аб чым не тужым і цару не служым.
Тарас Іванавіч замахаў рукамі: так гаварыць небяспечна, але гучна засмяяўся.
— Раешнік, сапраўды раешнік! — пахваліў ён Янку, а той прызнаўся:
— Мы з Андрэем падзялілі ролі: ён пачынае, а я падбрэхваю яму, і ў нас выходзіць складна.
— Што вы вясёлыя і ні аб чым не тужыце, гэта вельмі добра, але ўсяго гаварыць уголас не варта,— дабрадушна заўважыла Вольга Сцяпанаўна.
— Ідзі, ідзі, жонка, каля скаварады ды каля буфета пахадзі! — паўтарыў свой загад Тарас Іванавіч.
Вольга Сцяпанаўна выйшла. Гаспадар і госці перайшлі ў кабінет.