— Ах, галубчыкі мае! — не збіваўся з тону Шырокі.— Дык вось яно як!
Нягледзячы на бурнае выказванне радасці, Тарас Іванавіч, заўважалася, быў нібы звязаны, і сапраўднай буры, уласцівай яго характару, не атрымлівалася.
— А скажыце, Тарас Іванавіч: што пра нас ваша асяроддзе гаворыць, як расцэньвае самы факт нашага няўдалага сходу? — спытаў Лабановіч.
— Якое тут асяроддзе! — абурыўся Тарас Іванавіч.— Разумныя людзі спачуваюць вам, дурні, прахвосты ганяць, а болей хітрыя і подлыя маўчаць. Ды ведаеце вы! — раптам ён перайшоў на новую пазіцыю.— Толькі, хлопцы, маўчок! — прыцішыў ён голас.— На вас данёс наш гад, валасны старшыня Язэп Брыль! Сам асабіста хадзіў да станавога прыстава з даносам! А як ён даведаўся? Шмат хто з маладых настаўнікаў, удзельнікаў сходу, не лічыў патрэбным трымаць язык за зубамі... Толькі, браткі, ні шэп! Нікому ні гу-гу, што гэта я вам казаў!
Сябры пераглянуліся.
— Тарас Іванавіч, мы — магіла! — запэўніў Шырокага Лабановіч, а Янка пацвердзіў.
У кабінет прасунула галаву Вольга Сцяпанаўна.
— Прашу да стала! — прамовіла яна.
— Пойдзем!
Тарас Іванавіч узяў пад руку гасцей і павёў у сталовую. Стол быў акуратна накрыты. На ім стаялі прыборы, чаркі, бутэлька наліўкі, вяндліна і ёмкая скаварада яечні з дзябёлымі, сакаўнымі скваркамі.
— Да не оскудевает рука дающего! — сказаў Янка.
Выпілі па чарцы, па другой, павесялелі. Завялася гутарка аб Панямоні, аб панямонскіх людзях, аб зменах. Выявілася, што Тамара Аляксееўна выйшла замуж за Найдуса, і такім чынам на гарызонце «неба Італіі» пагасла адна зорка. Затое ж з’явіліся тры новыя. Сюды прыехаў ветэрынарны фельчар Адам Ігнатавіч, а з ім дзве дарослыя дачкі. За старэйшаю ўчашчае Базыль Трайчанскі. Ёсць і трэцяя, Аксана... Нішто дзяўчына, хоць і ўраднікава дачка. Выявілася таксама, што сягоння ў Адама Ігнатавіча дзень нараджэння і што Тарас Іванавіч з Вольгай Сцяпанаўнай запрошаны на вячэру. Тарас Іванавіч у прадчуванні «банчка» пасля наліўкі прыйшоў у экстаз.
— Пойдзем да Адама Ігнатавіча! — загарэўся ён, зварачаючыся да гасцей.— Там будуць не толькі рады вам, вас на руках насіць будуць!
У доказ гэтых слоў на парозе паявіўся Ёсель з пісьмом. Адам Ігнатавіч запрашаў яшчэ раз Тараса Іванавіча з жонкаю і гасцямі.
ХІІ
Па малалюднай вуліцы Панямоні спаважна ішлі госці — Тарас Іванавіч з Вольгаю Сцяпанаўнай і нашы прыяцелі. Прысыпаная свежым снегам вуліца была ўжо ўтоптана людскімі нагамі, палазамі саней і конскімі капытамі. Вокны ўздоўж вуліцы былі шчыльна зачынены аканіцамі.
Кампанія ішла не спяшаючыся, сяды-тады перакідаючыся кароткімі словамі або заўвагамі. Лабановіч маўчаў і думаў свае думкі. Шмат уплыло часу з тых веснавых дзён, калі ён з Садовічам заходзіў у Панямонь. Не так даўно было ад яго пісьмо з Балціморы: як ён там жыве, Садовіч не піша, відаць, не дужа салодка. Аб адным толькі паведамляе — дзесь ходзяць з Нічыпарам на нейкія курсы, каб вывучыць англійскую мову.
Мала што змянілася ў Панямоні за гэты час. Той жа шумны і яшчэ болей тоўсты Тарас Іванавіч, тыя ж вечары местачковай так званай інтэлігенцыі з карцёжнаю гульнёй, той жа Ёсель з яго ранейшымі абавязкамі. Чым жывуць тут людзі? Аб чым яны мараць?
Пазіраючы на ледзь прыметныя палоскі святла, што прабіваліся праз шчыліны аканіц, Лабановіч думаў, як цьмяна і скупа прабіваюцца на свет з зацятага мроку мыслі тутэйшых людзей. У чым жа іх радасць і шчасце? У затхлай цішыні, у нерухомым спакоі, засланым тоненькаю пялёнкай вадзяной каросты, што пакрывае стаячую ваду ціхіх затокаў. Якія ж патрэбны навальніцы і громы, каб ускалыхнуць гэтую цішыню і абудзіць чалавечыя думкі, пачуцці, імкненні! Абуджаў калісь местачковых абывацеляў саматужны рэдактар Бухберг, але яго запраторылі ў вар’яцкі дом, хоць ён вар’ятам, можа, і не быў. А вось шкурнікі, паразіты, даносчыкі, накшталт язэпаў брылёў, жывуць. Успомніліся Лабановічу такія ж пустыя вечарынкі ў Хатовічах, у Верхані. Як жа яны падобны адны да другіх! Вядомая старая песня на той жа забраснявелы лад. Праціўна ўся гэтая музыка. Тым часам кампанія падыходзіла да кватэры Адама Ігнатавіча, які жыў на другім канцы мястэчка.
З’яўленне гасцей на чале з Тарасам Іванавічам у доме Адама Ігнатавіча асаблівага ўражання не зрабіла. Некаторыя з прысутных, праўда, са здзіўленнем і нават недаўменнем акінулі поглядам былых настаўнікаў, нібы яны прыйшлі з таго свету, а потым узяліся за свае справы, як дужа занятыя: адны гулялі ў прэферанс, другія ў шэсцьдзесят шэсць, а трэція проста сядзелі і мянцілі языкамі. Сярод гуляўшых у прэферанс быў і той стары, даўгі, як жэрдка, ураднік, што схапіў пратакол са стала ў часе неспадзяванага налёту на школу ў Мікуцічах. Ён зрабіў выгляд, што не заўважыў настаўнікаў.