Выбрать главу

Аксана, як здалося яму, з некаторым неспакоем чакала адказу.

— Быць у Панямоні і не пабачыць вас, трох грацый, панямонскіх красунь, было б злачынствам з нашага боку,— пажартаваў Лабановіч.

— А пабачыць вас разы два-тры, дык лёгка можна і сэрца пакінуць у Панямоні,— падхапіў Янка Тукала.

Дзяўчаты трохі засаромеліся, а потым і засмяяліся.

— Ну, і што ж такога? — бліснула хітра шэрымі вачамі Маня.

— Вам, вядома, усё роўна: нашы пакуты не крануць вас, а як нам, бедным «агаркам»? — тужліва-напускным тонам прамовіў Янка.

— А вам адкуль вядома, як паставімся мы да вашых пакут, калі б яны здарыліся? — спытала Аксана, і на яе шчочках выступіў хваравіты румянак.

Янка сказаў:

— Выпадкам я пачуў, як адна жанчына казала тут па нашаму адрасу: «Галадранцы — ды яшчэ, можа, і астрожнікамі будуць».

Аксана апусціла вочы. Румянак яшчэ ярчэй выступіў на яе шчоках.

— Так магла сказаць дурная і злая жанчына. Плюньце на яе,— сказала Аксана.

Далейшую гутарку спыніла гаспадыня. Лабановіч заўважыў, што калі Надзея дажыве да яе гадоў, дык кропка ў кропку будзе падобна да маці.

— Прашу да стала! — запрасіла яна гасцей.

Для гаспадароў, да якіх прыходзяць госці, не малая турбота пасадзіць іх за стол. Госці звычайна таўкуцца некаторы час, не спяшаюцца, каб захаваць тактычнасць, пакуль гаспадар або гаспадыня не возьмуць пад руку госця ці госцю і не пасадзяць на болей пачэсным месцы. Тады ўжо астатнія, захоўваючы этыкет, размяшчаюцца самі.

Па суседству з гаспадаром селі Тарас Іванавіч, Найдус,— Тамара Аляксееўна не магла прыйсці,— Кузьма Скаромны, ураднік. Базыль Трайчанскі сеў у закутку з дзяўчатамі і з былымі настаўнікамі.

Тарас Іванавіч падняў тост за здароўе гаспадара.

— Панове, увага! — гучным голасам грымнуў ён, падняўшыся з месца і трымаючы высока чарку.— Наша дружная сям’я панямонскай інтэлігенцыі папоўнілася новым выдатным членам, Адамам Ігнатавічам, чалавекам высокаінтэлігентным, можна сказаць, прафесарам ад ветэрынарыі, высокагуманным, бо яшчэ ў Святым Пісанні сказана: «Блажен муж, иже скоты милует». Гэта першы чалавек, які ўзначальвае ў нас ветэрынарыю. Дык вып’ем жа да дна за Адама Ігнатавіча і пажадаем яму поспехаў, здароўя і шмат гадоў жыцця.

Дружна выпілі за гаспадара, потым пілі за гаспадыню, за гаспадарскіх «ясных зорак» — дачок. Выпілі і за Базыля Трайчанскага, за павелічэнне насельніцтва ў яго камяніцы. З кожнаю чаркаю госці ўсё болей і болей весялелі, а гутарка станавілася ўсё болей і болей шумнаю. Першапачатковая сталасць, з якою госці садзіліся за стол, парушылася. Яны шумелі, крычалі, рагаталі, адпускалі не зусім прыстойныя жарты, падымаліся са сваіх месцаў, падыходзілі да тых, хто сядзеў далей, чокаліся, выпівалі, выказвалі самыя прыязныя прызнанні.

Першым падышоў да дзяўчат, з якімі сядзелі Базыль і нашы прыяцелі, Тарас Іванавіч. Тут было найболей ажыўлена і весела. Жарты і самы шчыры смех не змаўкалі ні на хвіліну. Асабліва разышоўся Янка Тукала і зусім закасаваў Базыля, як бы яго тут не было. Тарас Іванавіч чокнуўся.

— За нашых красунь! — сказаў ён.— Лёс не крыўдзіць нашу Панямонь і пасылае такіх краль, як Надзея і Марыя Адамаўны, як Аксана Анісімаўна. Дык няхай жыве хараство, няхай красуе маладосць! — Шырокі зрабіў агаворку:— Праўда, Базыль Антонавіч ужо выйшаў з кругу маладосці, але даць жару яшчэ можа.

Тарас Іванавіч доўга не затрымліваўся; яго болей цікавіў «банчок», які ўжо арганізоўваўся. Калі госці павылазілі з-за стала, да Лабановіча падышоў ураднік і сеў каля яго, ветла павітаўшыся.

— Вы, напэўна, думаеце пра мяне, як пра злога паліцэйскага служаку. Што зробіш? Такая наша служба, на свеце жыць трэба. I не мы самі, трэба вам сказаць, надумаліся накрыць вас у Мікуцічах: збоку нам падказалі, а наш абавязак — выпаўняць. Вы думаеце,— казаў далей стары ўраднік,— я не бачыў, як вы, седзячы на канапцы, скублі нейкі недазволены рукапіс? Ён, можа, быў горшы за ваш пратакол. А я і пальцам не паварушыў, каб вам перашкодзіць.

— Значыцца, у вас зоркае вока, а ваша сэрца не зусім адзервянела,— заўважыў Лабановіч.

Ураднік палічыў, што чалавечы доўг ім выканан, і далучыўся да карцёжніцкага гуртка. Дзяўчаты на развітанне доўга паціскалі рукі «агаркам».

— Каб усе былі такія, як вы! — з некаторым засмучэннем сказала Надзея.— Не забывайце нас.

XIII

Надыходзіў час веснавога бездарожжа. Глыбокі снег асеў і пачарнеў, а пад снегам набывала вада. У небе, нібы срэбраныя званочкі, звінелі песні жаваранкаў. Крыху спозненая, але дружная вясна забірала ўсё болей і болей жыватворнай сілы.

Лабановіч даведаўся ад настаўніка Стаўбуноўскай школы, што экзамены назначаны на пятае красавіка: заставалася ўсяго тры тыдні. Гэта вестка ўсхвалявала і ў той жа час і парадавала трох вучняў Лабановіча, якія меліся здаваць экзамены за курс пачатковай школы. Тыдні два яны старанна паўтаралі пройдзенае за зіму, пісалі дыктоўкі, практыкаваліся ў граматычным разборы, рашалі задачы. Нарэшце настаўнік даў ім перадышку і час разабрацца самім у тых пытаннях, якія здаваліся для іх найболей труднымі.