Выбрать главу

— Як добра ў полі на прыволлі, калі з зямлі сходзіць снег! — захапляўся Лабановіч веснавым прасторам зямлі.

— Вось бачыш, а ты не хацеў ісці,— азваўся Янка.

Вярсты праз тры вандроўнікі выйшлі на другую дарогу. На ростанях стаяў высокі крыж, агароджаны дзервянымі штакецінамі, пападгніваўшымі і пахіленымі. Да крыжа была прыбіта фігурка Хрыста, зробленая з дрэва невядомым разьбяром. Галава фігуркі была гаротна схілена ўніз, яе аздабляў вянок, таксама выразаны з дрэва. Выцвіўшы, пашарпаны вятрамі і нягодамі хвартушок закрываў ніжнюю частку фігуркі Хрыста.

— Спынімся тут,— сказаў Лабановіч і азірнуў наваколле.

Нікога нідзе не было відаць.

— Ведаю, што хочаш ты рабіць,— дагадаўся Янка.

— А што?

— Прыбіць да крыжа пракламацыю!

— Угадаў, брат Янка.

— Гэта будзе нова і арыгінальна,— захапіўся Янка.— I ведаеш што! Надрукуем угары на пракламацыі чырвоным алоўкам некалькі слоў.

— Якіх? — запытаў Лабановіч.

— А вось такіх: «I кажа вам Хрыстос — чытайце і рабіце так, як напісана тут».

— А гэта, бадай, будзе някепска,— згадзіўся Лабановіч.

Яны дасталі пракламацыю, зварот да сялян. У ёй гаварылася, каб сяляне не слухалі папоў, ксяндзоў і царскіх чыноўнікаў, бо ўсе яны хлусяць, ашукваюць простых людзей. А таму не трэба плаціць падаткаў для ўтрымання дармаедаў, не даваць сваіх сыноў у салдаты, наладжваць забастоўкі, патрабаваць ад землеўласнікаў справядлівай аплаты працы работнікаў і работніц. Не патрэбен цар, улада павінна належаць народу.

Янка сеў на камень, узяў газету, на яе палажыў пракламацыю і стаў выводзіць друкаванымі літарамі прадмову ад імя Хрыста. Калі ўсё было выдрукавана, Лабановіч пачаў прыбіваць пракламацыю да крыжа пад фігуркаю.

— Ты, брат, глядзі, каб не насунуўся хто, бо мы робім падвойнае злачынства: разносім пракламацыі і чынім блюзнерства,— казаў Лабановіч, прымацоўваючы даўгаваты лісток.

— Дарма,— адказаў смеючыся Янка.— У гэта злачынства замешан і Сын Божы.

— А ўсё-такі давай, браце, замяцём свае сляды і звернем з гэтай дарогі і пойдзем унь тою сляпою сцежкаю, абагнём вёсачку і выйдзем на свой шлях з другога боку.

— Тваімі вуснамі мудрасць гаворыць,— згадзіўся Янка.

Праходзячы міма вёсачкі, сябры ціхенька падкраліся да магазіна, дзе хавалася збожжа, і прыбілі на сценах некалькі лістовак і брашур. Не заходзячы ў вёсачку, яны далі яшчэ адзін круг, а затым накіраваліся далей.

Сябры выйшлі ізноў на засульскую дарогу. Зрэдку пападаліся падарожныя людзі. З адным сустрэчным селянінам вандроўнікі нашы жычліва прывіталіся.

— Спыніцеся, дзядзька, на хвілінку,— звярнуўся да яго Лабановіч.

Селянін спыніўся. Гэта быў чалавек сярэдніх гадоў, у суконным добрым пільчаку хатняга вырабу, у ботах. Відаць, не бедны гаспадар. Ён спакойна і ўважліва зірнуў на сяброў.

— Скажыце, калі ласка, ці далёка да Ячонкі? — спытаў яго Лабановіч.

— Ячонка засталася ўлева, ззаду,— адказаў крыху здзіўлены селянін і яшчэ больш уважліва паглядзеў на вандроўнікаў.

— А, як жа гэта мы далі зевака,— пачухаў патыліцу Янка.

— А вы ідзіце вунь тою сцежкаю,— паказаў селянін на малапрыметную дарожку ў полі.— Пройдзеце з паўвярсты і выйдзеце на бітую дарогу і тады павернеце ўлева — там ужо недалёка Ячонка.

— Дзякуем за добрую параду,— сказаў Лабановіч.— Вазьміце ад нас вось гэтую кніжачку і пару лістовак. Прачытайце самі і другім дайце пачытаць. Ды чытайце іх уважна, як святую малітву.

Селянін крыху замяўся, яшчэ раз недаверліва зірнуў на сяброў, але ўзяў кніжачку і пракламацыі. Ён пайшоў сваёю дарогаю, раз-пораз аглядаючыся назад. Сябры звярнулі на сцежку, хоць у гэтым патрэбы не было.

— Ведаеш, Андрэй, ці не ўліплі мы з гэтым дзядзькам: нешта ён не дужа прыязна пазіраў на нас,— заўважыў Янка.

— І мне ён здаецца небяспечным,— азваўся Лабановіч.

Як толькі дзядзька знік з вачэй, сябры павярнулі з глухой дарожкі, прайшлі зараснікамі, беручы кірунак на сухі ялоўцавы груд. У лагчыне дарогу перагароджвала неглыбокая, але даволі быстрая рачулка, на дне якой ляжаў лёд. Сябры спыніліся. Варочацца назад небяспечна.

— Наперад, Янка!

Сябры разуліся, знялі нагавіцы і патупалі па слізкім лёдзе на другі бок. Вада апякала ногі, па лёдзе ісці было цяжка, але яны шчасліва перабрылі рэчку, выскачылі на бераг. Адзеліся, абуліся. Потым зашыліся ў яловец, выбраўшы такую пазіцыю, з якой можна было аглядаць усё наваколле.